Шрифт:
– Са мной гэтыя здраднiкi, - заключыў свой расказ Калiбераў, - учынiлi тэрарыстычны акт.
Не вытрымаў пракурор, якi ў сорак першым трапiў сам у палон, уцёк з яго i ваяваў у партызанах.
– Чаму вы называеце ваеннапалонных здраднiкамi?
– спытаў ён.
– А так iх таварыш Сталiн называў.
– Ну а цяпер якi ў вас стан здароўя?
– працягваў я допыт.
– Бываюць непрытомнасцi, галюцынацыi?
– Рэдка, але бываюць.
Чым я больш распытваў пра яго стан здароўя, тым ён больш скардзiўся на яго i прызнаваўся, што бываюць i галюцынацыi.
Я i ўхапiўся за гэта. Я рызыкнуў тады па сваёй нявопытнасцi здорава: я вынес вызначэнне аб правядзеннi судова-псiхiятрычнай экспертызы галоўнага сведкi Калiберава, адзначыўшы ў тым вызначэннi, што суд не можа пакласцi ў аснову прыгавору паказаннi сведкi, псiхiчны стан якога выклiкае сумненнi.
Для мяне наступiлi трывожныя днi, я баяўся, што вышэйшы суд адменiць маё вызначэнне i я атрымаю добры наганяй, а то i спагнанне.
Пратэсту, аднак, нi з вышэйшага суда, нi з пракуратуры не было, а Калiберава паслалi на псiхiятрычную экспертызу ў ваенны шпiталь, дзе ён праляжаў, а заадно i палячыўся ад iншых хвароб каля двух месяцаў.
Я, канечне, ведаў, што эксперты прызнаюць яго здаровым, вменяемым - парасейску кажучы, i Сямёнава ўсё адно засудзяць. Але ж, як гавораць, памры ты сёння, а я заўтра.
За гэты час многае змянiлася. Памёр генералiсiмус. Хоць яшчэ i не аб'явiлi пра яго крывавыя злачынствы, але людзi пасмялелi, думкi iх, паводзiны змянiлiся. Калiберава сапраўды прызналi здаровым, а справу Сямёнава круцiлi, вярцелi i, у рэшце рэшт, спынiлi самi асабiсты. Сямёнава вызвалiлi, i ён адразу ж папрасiў начальнiка гарнiзона рассялiць яго i Калiберава ў розныя дамы.
...Вось што мне ўспомнiлася ў гасцях, вось хто быў той самы цёзка пралетарскага пiсьменнiка.
– Калiбераў, - сказаў я, калi той падняў чарговы тост, - раскажыце вясёлую гiсторыю пра ката, якога ваш сусед назваў Генералiсiмусам. Няхай пасмяюцца.
Ён крута павярнуўся да мяне, нейкi час углядваўся, але па выразу твару яго я зразумеў, што мяне ён не пазнаў i не ўспомнiў, хто я, дзе сустракалiся.
Застольнiкi зацiкавiлiся гэтым катом Генералiсiмусам, пачалi прасiць расказаць пра яго i мяне, i Калiберава. Я вылез з-за стала, развiтаўся з усiмi паклонам i выйшаў.
– Няхай ён раскажа, - сказаў я з парога.
– Даносы, вiдаць, ён i цяпер робiць.
СПАДАРОЖНIК
У канцы шасцiдзесятых я ехаў у цягнiку з Масквы да Мурманска на месца сваёй службы. Дарога - дальняя, сумная, за вокнамi вагона шэры асеннi дождж суправаджаў нас, пасажыраў, увесь час.
У купэ да самага канца ехаў яшчэ адзiн мужчына. Астатнiя пасажыры мянялiся. Мужчына быў старэйшы за мяне гадоў на шэсць, дужы, мажны, гаваркi, адрэкамендаваўся ён Пятром Максiмавiчам, iнжынерам-тэхнолагам на рыбным камбiнаце. Ён i аблегчыў сваiмi размовамi сум i нудзь нашай дарогi. Ён умеў расказваць. А гэта рэдкi дар, талент. Для адных, напрыклад, засол сялёдкi цiкавейшая тэма, слухаеш пра гэты засол i не наслухаешся. Другi ж чалавек, якi, скажам, перажыў атамную бамбардзiроўку цi ўратаваўся на моры пасля караблекрушэння, зусiм не зможа зацiкавiць слухача сваiм расказам. Усё залежыць ад таго, як чалавек валодае словам. Пётр Максiмавiч адносiўся да першых.
– Вось вы - юрыст, падпалкоўнiк юстыцыi, - гаварыў ён мне, - судзiце людзей. Цяпер, вядома, такi час, што ў вас ёсць магчымасць i свабода, ну, можа, не поўная, але ж ёсць, судзiць сумленна i справядлiва. Скажыце праўду, каго вы бачыче перш за ўсё ў надсудным - злачынцу цi ахвяру лёсу? Цi ўзнiкае ў вас да яго жаласць, спагада? Законы псiхiкi такiя, што чалавек на сваёй працы прывык да яе так, што не заўважае яе незвычайнасцi, асаблiвасцi. Ну, напрыклад, прафесiйны кат. Для яго забойства - прывядзенне ў выкананне прысуду - звычайная праца. У яго, ката, жаласцi да людзей, якiх ён павiнен забiць, няма, яна атрафiравалася на яго рабоце. Звычайны чалавек не можа не толькi забiць чалавека, жывёлу, а i прысутнiчаць пры гэтым забойстве. Ну а забойнiк на бойнi, што забiвае жывыя стварэннi? Вось я на радзiме сваёй, адкуль еду, бачыў такую карцiну. Зайшоў да родзiча на невялiкую раённую бойню. I што ж мяне там здзiвiла? Сядзiць маладая дзяўчына на забойным канвееры, леташняя выпускнiца дзесяцiгодкi, i малатком забiвае бараноў. Падвядуць да яе бляяку няшчаснага, яна малатком яго памiж рожак - гах! Забiвае i з суседам перагаворваецца, рагоча. Я спытаў у яе, чаму выбрала такую сабе работу. Сказала, бо не было iншай. А на пытанне, цi не шкада ёй гэтых баранчыкаў, прызналася, што было шкада напачатку, а пасля прывыкла, звычайная работа, за якую плоцяць... Скажыце, таварыш падпалкоўнiк, - звярнуўся ён да мяне, - а вам першыя асуджаныя не снiлiся?
– Снiлiся, хваляваўся за iх, - прызнаўся я.
– Першых асуджаных i цяпер помню.
– Цяпер жа прывыклi да свайго занятку? Усё ж такi ў турму саджаеце, волю адбiраеце. Звыклiся?
Я пацiснуў плячыма. Як яму адказаць? Прафесiя юрыста незвычайная, адказная i жорсткая - караць вiнаватых. Але цi можна звыкнуцца, страцiць адчуванне спагады, жаласцi да таго, каго павiнен пакараць, можа, нават i смерцю? Цi можна быць абыякавым да лёсу чалавека, якi трапiў пад тваю ўладу? Я адказаў, як звычайна адказваюць на такiя пытаннi, што стараюся судзiць справядлiва, кiруючыся толькi законам i сваiм сумленнем.
– А ўсё ж ад чаго залежыць: адзiн суддзя, пракурор строгi, другi мяккi. Ад яго характару, выхавання, адукацыi?
– Ад усяго гэтага i залежыць. I яшчэ ад сумленнасцi. Не дай бог, каб у людзей гэтай прафесii былi кар'ерысцкiя, кан'юнктурныя схiльнасцi. На жаль, ёсць сярод нас i кар'ерысты, i проста абмежаваныя людзi. Iм бы за станком стаяць, на заводскiм канвееры, а яны крэсла суддзi, пракурора займаюць... Калi суддзя застаецца ў дарадчым пакоi, усё павiнна быць адкiнута, акрамя iмкнення вызначыць па справе iсцiну - вiнаваты падсудны цi не вiнаваты i якую кару ён павiнен атрымаць.