Вход/Регистрация
Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)
вернуться

Хомченко Василий Федорович

Шрифт:

Вось i набыў сабе славу, бедалага.

Было гэта на пачатку пяцьдзесят першага года, нямнога заставалася тырану да смерцi. Цi выжыў Майсееў у тых сталiнскiх лагерах - яго на Калыму адправiлi, - не ведаю. А калi Бог мiлаваў яго i Майсееў выжыў, то вярнуўся ён дамоў недзе ў пяцьдзесят пятым. Шкада, што пацярпеў за тырана дарэмна. Няхай бы на самай справе забiў яго. Вось тады i праславiўся б. А забiць Сталiна, на жаль, героя не знайшлося.

ГЕНЕРАЛIСIМУС

Аднойчы я быў запрошаны на адну сямейную ўрачыстасць. Гасцей сабралася чалавек пятнаццаць, пераважна саслужыўцы гаспадара. Быў i яго сусед па лесвiчнай пляцоўцы.

Вячэра iшла па заведзеным парадку. Тосты за гаспадара-юбiляра - яму споўнiлася пяцьдзесят гадоў, - за яго жонку, дзяцей перамешвалiся анекдотамi, размовамi аб рабоце, танцамi басанож, каб не пашкодзiць дываны на падлозе. Адным словам, было п'яна-весела, для чаго i сабралi гасцей.

Я сядзеў побач з суседам гаспадара, якога звалi Аляксеем Максiмавiчам.

– Мяне запомнiць лёгка, - сказаў ён пры знаёмстве, - я цёзка вялiкага пралетарскага пiсьменнiка Горкага.

Яму было за семдзесят - сам пра гэта некалькi разоў напамiнаў, падкрэслiваючы, што, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, ён здаровы i на выгляд маладжавы. Ён i сапраўды выглядаў маладзей за свае гады. Валасы яго густа кучомiлiся i зусiм мала пасiвелi. Гладкiя, пульхненькiя шчочкi па-дзiцячы ружавелi. Вочы, глыбока захаваныя пад густымi брывамi, надавалi яму выраз строгасцi i недаступнасцi, хоць ён i стараўся быць у застоллi гэткiм вясёлым кампанейскiм чалавекам. Бачылася ў iм упартая зададзенасць падабацца, быць у цэнтры ўвагi ўсiх застольнiкаў. I вось гэтая зададзенасць, iмкненне вылучыцца i падпарадкаваць увагу ўсiх у мяне выклiкала да яго непрыязнасць i недавер. Несцiханая бясконцая балбатня нават прыемнага табе чалавека выклiкае раздражненне, а тым больш нясцерпна слухаць балбатню чалавека, табе непрыемнага. Самазвана, без згоды i выбару ўсiх застольнiкаў, Аляксей Максiмавiч стаў тамадой, узяўшы на сябе функцыi распарадчыка застолля. Перад тым як штосьцi сказаць, Аляксей Максiмавiч уставаў, гучна ляпаў у далонi, усе сцiхалi, i ён тады нешта гаварыў - анекдот, тост або якое-небудзь павучанне, натацыю. Прапанаваў i гасцям нешта смешнае расказаць, паказваў на некага пальцам, гаварыў: "Давай, пасмяшы нас, раскажы нешта вясёленькае". Госць уставаў i, калi ўмеў, смяшыў. Нацэлiў ён пальцам i на мяне.

– Чарга ваша, сусед. Анекдот цi хохмачку на-гара.

Я аднекваўся, гаварыў, што анекдотаў не ведаю, а смешных гiсторый са мною не адбывалася. Аднак ён не адступiўся i ў рэшце рэшт прымусiў мяне прачытаць адну эпiграму вядомага паэта на другога, такога ж вядомага.

Я ды i ўсе, вiдаць, госцi зразумелi, што Аляксей Максiмавiч - чалавек упарты, з моцным характарам i не пераносiць пярэчанняў. Гэта пацвярджалi i яго ўладарныя жэсты, бесцырымоннасць, з якой ён камандаваў застоллем.

Антыпатыя да чалавека можа ўзнiкнуць адразу ж пры першым знаёмстве. Iнстынкт цi нейкае падсвядомае пачуццё дае табе сiгнал - будзь асцярожны з гэтым чалавекам, ён кепскi, небяспечны, над яго галавой чорны нiмб, што азначае чорныя думкi, чорную душу. Кажуць, ды i я чытаў пра гэта, што ёсць празорцы, якiя бачаць гэтыя нiмбы над галавой чалавека: нiмб светлы - чалавек добры, нiмб чорны - чалавек дрэнны. Трэба сказаць, што я рэдка памыляўся ў людзях, iнстынкт мяне не падводзiў. Таму я i незалюбiў гэтага цёзку вялiкага пралетарскага пiсьменнiка, мне здавалася, што я бачу над галавой яго той самы чорны нiмб.

У адным з перапынкаў, калi курачы выйшлi падымiць на лесвiчную пляцоўку, выйшаў туды i я, хоць i не курыў. Выйшаў пазней за ўсiх i пачуў гучны голас Аляксея Максiмавiча. Ён спрачаўся з маладым чалавекам - рэдактарам заводскай шматтыражкi. Чым больш упарта яны даказвалi адзiн аднаму сваю правату, тым больш абвастралася непрымiрымасць пазiцый спрачальнiкаў. Вядома, што калi людзi спрачаюцца i iмкнуцца да iсцiны, спрэчка гэта немiнуча спыняецца, бо iсцiна бывае адна. Калi ж спрачальнiкi iмкнуцца не да iсцiны, а да перамогi, то спрэчка разгараецца, i нiводзiн не можа выйсцi пераможцам.

– А вы лiчыце, што ў нас цяпер парадак? Дысцыплiна?
– гаварыў Аляксей Максiмавiч.
– Развал, нiхто нiкога не баiцца.

– А навошта баяцца? Хопiць, гадоў пяцьдзесят баялiся, дрыжалi. Баялiся лагераў, расстрэлаў.

– Гэта не ўлада, калi яе не баяцца. Без моцнай рукi, якая б вось так трымала, - Аляксей Максiмавiч сцiснуў кулак i патрос iм, - не будзе нiякага парадку.

– Цiкава: якую ж вы хочаце мець моцную руку?
– зласлiва спытаў рэдактар. Можа, руку генералiсiмуса?

– Вось ён бы i навёў парадак.

Плакальшчыкаў па "бацьку ўсiх народаў" сустракаецца нямала. Але многiя, заступаючыся за генералiсiмуса, усё ж прызнавалi i яго злачынствы. Гэты ж Аляксей Максiмавiч не прызнаваў за iм нават i памылак.

– Былi арышты? Былi. Былi расстрэлы? I яны былi, - даказваў, трасучы кулаком, Аляксей Максiмавiч.
– Значыць, трэба было для справы сацыялiзму. I сацыялiзм мы збудавалi. Таму i ў вайне перамаглi.

У спрэчкi ўлезлi i iншыя, сталi, канечне, на бок рэдактара, успыхнулi такiя страсцi, што было невядома, чым яны скончацца. Пагасiла iх гаспадыня, яна стала ўсiх заганяць за стол, выступiла з тостам, расказала нешта вясёлае i як бы ўсiх прымiрыла.

Я на гэты раз сеў не на сваё месца, побач з Аляксеем Максiмавiчам, а насупраць. Яшчэ ў пачатку застолля пры першым знаёмстве ён кагосьцi мне напомнiў. I цяпер, разглядаючы яго, я стараўся прыгадаць, хто ж ён, калi з iм сустракаўся. У памяцi прамчаўся, пракруцiўся цэлы калейдаскоп з'яў, падзей, людзей, i я нарэшце ўспомнiў, хто ён, i яго прозвiшча - Калiбераў.

Было гэта ў адным расейскiм абласным горадзе, дзе я служыў у ваенным трыбунале. Час - самы пачатак пяцьдзесят трэцяга года. У трыбунал тады паступiла справа на капiтана Сямёнава па абвiнавачванню ў правядзеннi iм антысавецкай агiтацыi. Справа, падобная на дзесяткi тысяч спраў таго часу: Сямёнаў праводзiў антысавецкiя размовы, дыскрэдытаваў i абражаў кiраўнiкоў нашай партыi i ўрада.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: