Шрифт:
Партсiгар хутка прайграўся i апынуўся ў Барсука.
– Сука, давай яшчэ, - увайшоў у азарт пахан.
– У ачко давай.
– Што ставiш?
– спытаў Барсук.
Пахан дастаў з узгалоўя чорны кажушок, аблямаваны па падоле футравай палоскай. Барсук пакруцiў яго, прымераў, назваў цану - тысяча рублёў. Была лаянка, абразы, пагрозы, але сышлiся на дзвюх тысячах.
Пахан прайграў пяцьсот рублёў, потым адыграў назад, вярнуў i партсiгар, але зноў усё прайграў. Заставалiся пяцьсот i апошняя спроба ўсё вярнуць. З якой хвалюючай увагай гуляў ён у тыя хвiлiны. Вось ён узяў карту, пачаў адкрываць яе не адразу, а павольна. Гулец у такiя моманты не павiнен выдаць сябе - добрая цi дрэнная карта яму выпала i цi трэба да яе яшчэ прыкупiць карту, каб атрымаць ратавальнае ачко. Задача пахана была не паказаць, што ён узрадаваўся цi занепакоiўся. Твар яго i быў абыякавы i застылы, як маска. Пасля нейкага знешне спакойнага роздуму пахан прыкупiў яшчэ адну карту. Адкрыў ён яе не адразу, а павольна, тоячыся не толькi ад сапернiка, а i ад сябе. Адкрыў, ускрыкнуў лаянкай i шпурнуў карты на нары. Быў перабор.
Я ляжаў на нарах i працягваў сачыць за гульнёй ужо з цiкавасцю. Ах, якi ж я быў дурань, ненавучаны. А ведаў жа, што ахопленыя азартам карцёжнiкi прайграюць у карты ўсё - апошнюю кашулю, пайкi хлеба ўперад на некалькi дзён, сваю галаву i чужое жыццё. Таму зэкi i стараюцца быць далей ад карцёжнiкаў. Калi не сарвуць з цябе нешта носкае, дык i самога могуць паставiць на гульню. А я ляжаў, сачыў, захоплены гульнёй.
Пахан яшчэ нешта прапаноўваў на гульню, Барсук не згаджаўся, не хацеў гуляць i ў доўг. Тады пахан са сцiшанай лютасцю сказаў:
– На чужую галаву.
– На чыю? Вертухая?
– За яго заб'юць без следства.
I пахан застылымi, вырачанымi ад узбуджэння вачамi раптам упiўся на нас, спачатку на разанца, потым на мяне. Глядзеў i выбiраў, на каго з нас згуляць, у колькi рублёў ацанiць. Я анямеў i самлеў ад жаху. Я зразумеў, што калi Барсук згодзiцца, то камусьцi з нас - мне цi разанцу - будзе канец. I пахан прайграе, як прайграў партсiгар i кажушок.
Пахан, не адводзячы лютага позiрку ад мяне, нешта шапнуў Барсуку на вуха. Той ухмыльнуўся i пацiснуў плячамi.
Няўжо згадзiўся?
Згадзiўся, бо ўзяўся за калоду, пачаў яе тасаваць.
Я маўчаў, я не рухаўся, я ляжаў паралiзаваны, як быццам ужо над маёй галавой была паднята сякера.
Тое ж, вiдаць, думаў i адчуваў i мой сусед-разанец. Разанец не вытрымаў, сеў, сказаў як мог моцна:
– Шакалы, звяругi, скарпiёны... На чалавека гуляеце... Я засяку вас абодвух. Устану вось i засяку. Цябе, пахан, першага. Галаву тваю павешу... Шакалы.
– Ён узяў маю скляпаную з бляшанак мiску i кiнуў яе ў гульцоў. Яна паляцела, але нiкога не зачапiла.
– Шакалы, - ужо ледзь выцiскаў ён гэтыя пракляццi.
Барсук з'едлiва заўсмiхаўся, а ў пахана расслабiлiся мышцы на твары - ён адыграў назад кажушок. Але гульня не скончылася, i кажушок зноў апынуўся на плячах Барсука. I яшчэ пахан нешта прайграў, цяпер ужо некага з нас.
I гульня скончылася. Я выйшаў на дрыжачых нагах з палаткi.
На двары падышоў зэк з першай пары гульцоў i сказаў:
– Скачы i ратуйся. Цябе замянiлi на таго дахадзягу. А спачатку на цябе гулялi.
Я не радаваўся i не скакаў. Я быў у трансе, у ступары, я проста яшчэ не мог прыйсцi да думкi, што тут можна загiнуць вось так нiзашто, цябе могуць забiць толькi таму, што трапiўся на вока.
Разанца прыдушылi ў тую ж ноч. Фельчар, якi зайшоў да яго ранiцай, нават узрадаваўся, што той мёртвы, менш будзе клопату лекарам. Нiякай, канечне, медыцынскай праверкi прычын смерцi не было. Вынеслi яго з палаткi, палажылi ў загончык каля санчасцi, дзе ўжо ляжалi мерцвякi, чакаючы вясны, калi можна будзе выкапаць ямы. А штаны i шкарпэткi разанца дасталiся яго земляку.
Я, канечне, зразумеў, што сусед мой разанец мяне выратаваў свядома. Ён знарок уступiў у канфлiкт з паханом i Барсуком, каб выклiкаць iх гнеў на сябе. I выклiкаў. Яму ж было ўсё роўна наканавана хутка памерцi.
Вось i праяўляй гуманнасць да такiх, як пахан i Барсук.
ПОРЦЫЯ КАШЫ
Я ўвесь час хацеў есцi - i пасля снедання, i пасля абеду, i пасля вячэры. Канечне, не я адзiн быў такi галодны - усе зэкi, за выключэннем начальства i розных лагерных прыдуркаў, галадалi. З надзеяй ухапiць нейкую дабаўку многiя таўклiся каля кухнi.
Калона наша была толькi што створаная, яшчэ не шматлюдная. Мы былi першым атрадам, кiнутым у тайгу, каб абжыць той глухi куток. Нi баракаў, нi iншых якiх збудаванняў, нават i агароджы вакол не было. Жылi ў палатках. Кухня - два катлы i плiта - была пад адкрытым небам, праўда, абгароджаная вакол жэрдкамi ад нас, галодных зэкаў, каб не змаглi што сцягнуць. На самым пачатку, калi яшчэ не паспелi зрабiць тую агароджу, зэк Чырва з нашай брыгады схапiў з бочкi дзве гарбушы i даў дзёру ў тайгу. Хоць i гналiся за iм трое, уцёк. Ад той гарбушы дастаўся i мне кавалак.
У мяне з'явiлiся першыя прыкметы цынгi - апухлi дзёсны, крываточылi, напала вяласць. Баяўся, што пачнуць выпадаць зубы. А была ранняя вясна - самая пара для цынготнiкаў, снег яшчэ толькi сыходзiў. У тайзе - нi зялёнай травiнкi, каб пажывiцца. Чакаў мая, калi з'явiцца чарамша i кiслiца - самы дзейсны паратунак ад цынгi. А пакуль што пiў адвар з шыпулля пiхты i сасны.
Дык вось, я хацеў увесь час есцi, нават у сне. А калi чалавек галодны, то ўся яго ўвага скiравана толькi на пошукi яды. Зэк Чырва аднойчы павёў мяне ў тайгу шукаць вавёрчыны запасы. Мы доўга шасталi вакол калоны, зазiралi ў дуплы i знайшлi схованку кедравых шышак i сушаных грыбоў. Арэхi з шышак вылушчылi, з'елi там жа на месцы. Другi паход па вавёрчыны запасы быў няўдачны. Таму застаўся адзiны спосаб нешта раздабыць паесцi - пакруцiцца каля кухнi, а можа, спатрэбiцца повару якая дапамога.