Шрифт:
– Ты зрабiў кепска: Табакi хоць i баламут, але ведае шмат такога, што датычыцца якраз цябе. Расплюшч вочы, Маленькi Брат. Шэр-Хан не смее забiць цябе ў джунглях, але не забывай, што Акела вельмi стары. Хутка прыйдзе такi дзень, калi ён не здолее забiць буйвала, i тады ўжо не будзе важаком. Тыя ваўкi, што бачылi цябе на Скале Рады, таксама састарылiся, а маладых кульгавы тыгр пераканаў, што чалавечаму дзiцяняцi не месца ў Воўчай Чарадзе. Мiне няшмат часу, i ты станеш чалавекам.
– А што такое чалавек? Хiба яму нельга бегаць са сваiмi братамi?
– спытаў Маўглi.
– Я нарадзiўся ў джунглях, я слухаўся Закону Джунгляў, i няма нiводнага ваўка ў Чарадзе, у якога я не выцягнуў бы стрэмкi. Усе яны - мае браты!
Багiра выцягнулася на ўвесь рост i заплюшчыла вочы.
– Маленькi Брацiк, - сказала яна, - памацай у мяне пад скiвiцай.
Маўглi працягнуў сваю дужую смуглую руку i на шаўкавiстай шыi Багiры, там, дзе пад блiскучай поўсцю перакочваюцца вялiзныя мускулы, намацаў маленькую лысiнку.
– Нiхто ў джунглях не ведае, што я, Багiра, нашу гэтую метку - след нашыйнiка. Але я нарадзiлася сярод людзей. Маленькi Брат, сярод людзей памерла мая мацi - у звярынцы каралеўскага палаца ва Ўдайпуры. Таму я i заплацiла за цябе выкуп на Радзе, калi ты быў яшчэ маленькiм голым дзiцянём. Так, я таксама нарадзiлася сярод людзей. Змоладу я не бачыла джунгляў. Мяне кармiлi за кратамi, з жалезнай мiскi, але вось аднойчы ўночы я адчула, што я - Багiра, пантэра, а не забаўка чалавека. Адным ударам лапы я зламала гэты недарэчны замок i ўцякла. I таму, што я ведаю чалавечыя звычкi, у джунглях мяне баяцца больш, чым Шэр-Хана. Хiба гэта няпраўда?
– Праўда, - сказаў Маўглi, - усе джунглi баяцца Багiры, усе, апрача Маўглi.
– О, ты - чалавечае дзiцяня, - сказала чорная пантэра вельмi пяшчотна.
– I як я вярнулася ў свае джунглi, так i ты павiнен урэшце вярнуцца да людзей, да сваiх братоў, калi толькi цябе не заб'юць на Радзе.
– Але за што камусьцi забiваць мяне?
– спытаў Маўглi.
– Зiрнi на мяне, - сказала Багiра.
I Маўглi пiльна паглядзеў ёй у вочы. Вялiкая пантэра не вытрымала i адвярнулася.
– Вось за што, - сказала яна, i лiсце зашамацела пад яе лапай.
– Нават я не магу глядзець табе ў вочы, а я ж нарадзiлася сярод людзей i люблю цябе, Маленькi Брат. Другiя цябе ненавiдзяць за тое, што не могуць вытрымаць твой позiрк, за тое, што ты разумны, за тое, што ты выцягваеш у iх стрэмкi з лап, за тое, што ты чалавек.
– Я нiчога гэтага не ведаў, - панура прамовiў Маўглi i насупiў густыя чорныя бровы.
– Што гаворыць Закон Джунгляў? Спачатку стукнi, потым падавай голас. Па адной тваёй бестурботнасцi яны пазнаюць, што ты чалавек. Будзь жа разважлiвы i асцярожны. Сэрца падказвае мне, што калi Акела дасць маху на наступным паляваннi - а яму з кожным разам становiцца ўсё цяжэй i цяжэй забiваць, ваўкi перастануць слухацца яго i цябе. Яны збяруць на Скале Рады Народ Джунгляў, i тады... тады... Я ведаю, што рабiць!
– крыкнула Багiра i падхапiлася.
– Iдзi хутчэй унiз, у далiну, у хацiны людзей, i дастань у iх Чырвоную Кветку. У цябе будзе тады саюзнiк дужэйшы за мяне, i за Балу, i за тых ваўкоў Чарады, якiя любяць цябе. Дастань Чырвоную Кветку!
Чырвонай Кветкай Багiра называла агонь, бо нiводзiн звер у джунглях не назаве агонь яго сапраўдным iменем. Усе звяры смяртэльна баяцца агню i прыдумваюць сотнi iмёнаў, абы толькi не называць яго сапраўдным iменем.
– Чырвоную Кветку?
– сказаў Маўглi.
– Яна расце перад хацiнамi на змярканнi. Я дастану яе.
– От гэта гаворыць дзiця чалавека!
– з гордасдю сказала Багiра.
– Не забудзь, што гэтая кветка расце ў маленькiх гаршках. Раздабудзь яе як мага хутчэй i трымай пры сабе, пакуль яна не спатрэбiцца.
– Добра!
– сказаў Маўглi.
– Я iду. Але цi ўпэўнена ты, о мая Багiра, - ён абвiў рукою яе цудоўную шыю i зазiрнуў глыбока ў вялiкiя вочы, - цi ўпэўнена ты, што ўсё гэта хiтрыкi Шэр-Хана?
– Так, клянуся зламаным замком, якi вызвалiў мяне, Маленькi Брат!
– Тады клянуся буйвалам, што выкупiў мяне, я заплачў за гэта Шэр-Хану спаўна, а можа, нават i з лiшкам, - сказаў Маўглi i памчаўся прэч.
"Вось чалавек! У гэтым вiдаць чалавек, - сказала сама сабе Багiра i легла зноў.
– О Шэр-Хан, не ў добрую часiну надумаўся ты паляваць на Жабянятка дзесяць гадоў назад!"
А Маўглi быў ужо далёка-далёка ў лесе. Ён бег з усiх ног, i сэрца ў iм палала. Ён дабег да пячоры, калi ўжо слаўся вячэрнi туман. Маўглi спынiўся, каб адсапцiся, i паглядзеў унiз, у далiну. Ваўчанят не было дома, але Мацi Ваўчыха па дыханнi свайго Жабяняцi зразумела, што Маўглi нечым усхваляваны.
– Што здарылася, сынок?
– спытала яна.
– Шэр-Хан, нiбы кажан, разносiць плёткi, - абазваўся ён.
– Я iду сёння на паляванне на ўзараныя палеткi.
I ён рынуўся ўнiз, праз кусты, да ракi на дне далiны, але адразу спынiўся, бо пачуў выццё Чарады, якая выйшла на паляванне. Ён пачуў i стогн загнанага аленя, i яго пырханне, калi алень павярнуўся, каб абараняцца. Потым пачулася злоснае, лютае дзяўканне маладых ваўкоў:
– Акела! Акела! Няхай воўк-адзiнец пакажа сваю сiлу! Дарогу Важаку Чарады! Скачы, Акела!
Мусiць, воўк-адзiнец скочыў i прамахнуўся, бо Маўглi пачуў, як ляснулi яго зубы, i кароткi вiск, калi алень збiў Акелу з ног пярэднiм капытом.
Маўглi больш не чакаў, а кiнуўся бегма ўперад. Неўзабаве пачалiся засеяныя палеткi, дзе жылi людзi, i выццё ззаду ў яго чулася ўсё слабей i слабей, усё больш глуха i глуха.
– Багiра казала праўду, - прашаптаў ён, задыхаючыся, i скруцiўся ў клубок на кучы травы пад акном хацiны.
– Заўтра рашаючы дзень i для мяне i для Акелы.