Вход/Регистрация
Маўглi (на белорусском языке)
вернуться

Киплинг Редьярд Джозеф

Шрифт:

– Буйвал, аддадзены дзесяць гадоў назад!
– агрызнулася Чарада.
– Што нам да костак, якiм ужо дзесяць гадоў?

– Або да таго, каб трымаць сваё слова?
– сказала Багiра i ашчэрыла белыя зубы.
– Нездарма вы называецеся Вольным Народам!

– Нiводная чалавечае дзiцяня не можа жыць з Народам Джунгляў!
– завыў Шэр-Хан.
– Аддайце яго мне!

– Ён наш брат па ўсiм, апрача крывi, - гаварыў далей Акела, - а вы хочаце забiць яго тут! I праўда, зажыўся я на свеце! Адны з вас нападаюць на свойскую жывёлу, а другiя, падвучаныя Шэр-Ханам, як я чуў, бадзяюцца цёмнай ноччу па вёсках i крадуць дзяцей з парогаў хацiн. Таму я ведаю, што вы баязлiўцы, i да баязлiўцаў звяртаюся цяпер. Я хутка памру, i жыццё маё не мае цаны, а не - дык я аддаў бы яго за жыццё чалавечага дзiцяняцi. Але дзеля гонару Чарады, пра якi вы паспелi забыцца без важака, я абяцаю вам, што не ўкушу вас нi разу, як прыйдзе мой час памiраць, калi толькi вы дасце чалавечаму дзiцяняцi спакойна пайсцi да сваiх. Я памру без бою. Гэта ўратуе для Чарады не менш чым тры жыццi. Больш я нiчога не магу зрабiць, але, калi хочаце, пазбаўлю вас ад ганьбы - забiць брата, за якiм няма вiны, брата, якога прынялi ў Чараду, паводле Закону Джунгляў.

– Ён чалавек!.. Чалавек!.. Чалавек!
– завыла ўся Чарада.

I больш за палавiну Чарады перабегла да Шэр-Хана, якi пачаў паляпваць па зямлi хвастом.

– Цяпер усё ў тваiх руках, - сказала Багiра Маўглi.
– Мы цяпер можам толькi бiцца.

Маўглi выпрастаўся на ўвесь рост, з гаршком у руках. Потым разгарнуў плечы i пазяхнуў проста ў твар Радзе, але ў душы ён быў сам не свой ад злосцi i гора, бо ваўкi, па сваёй воўчай звычцы, нiколi не гаварылi Маўглi, што ненавiдзяць яго.

– Слухайце, вы!
– крыкнуў ён.
– Увесь гэты сабачы брэх непатрэбны. Вы столькi разоў гаварылi мне сёння, што я чалавек (а з вамi я на ўсё жыццё застаўся б ваўком), што я i сам адчуў праўду вашых слоў. Я стану называць вас не братамi, а сабакамi, як i належыць чалавеку. Не вам гаварыць, чаго вы хочаце i чаго вы не хочаце, - гэта мой клопат! А каб вам лепей было вiдаць, я, чалавек, прынёс сюды Чырвоную Кветку, якой вы, сабакi, баiцеся.

Ён шпурнуў на зямлю гаршчок, гарачыя вугалi падпалiлi сухi мох, i ён загарэўся яркiм полымем. Уся Рада адскочыла назад перад языкамi полымя. Маўглi сунуў у агонь сухi сук, так што дробныя галiнкi ўспыхнулi i затрашчалi, потым закруцiў iм над галавой, разганяючы натапыраных ад страху ваўкоў.

– Ты - гаспадар становiшча, - сказала Багiра шэптам.
– Выратуй Акелу ад смерцi. Ён заўсёды быў табе сябрам.

Акела, пануры стары воўк, якi нiколi ў жыццi не прасiў лiтасцi, цяпер з мальбою зiрнуў на Маўглi, а той стаяў у святле ад палаючай галiны, увесь голы, з растрапанымi на плячах доўгiмi чорнымi валасамi, i ценi скакалi i мiтусiлiся вакол яго.

– Так!
– сказаў Маўглi, павольна азiраючыся навокал.
– Бачу, што вы сабакi. Я iду ад вас да свайго народа - калi гэта мой народ. Джунглi цяпер не для мяне, я павiнен забыць вашу мову i вашу дружбу, але я ўсё ж буду больш лiтасцiвы, чым вы. Я быў вашым братам ва ўсiм, апрача крывi, i таму абяцаю вам, што, калi стану чалавекам сярод людзей, я не здраджу вам перад людзьмi, як вы здрадзiлi мне.

Ён пiхнуў вогнiшча нагой, i ўгору паляцелi iскры.

– Памiж намi, ваўкамi адной Чарады, не будзе вайны. Аднак, перш чым пайсцi, трэба заплацiць доўг, - дадаў ён.

Маўглi падышоў блiжэй да таго месца, дзе сядзеў Шэр-Хан, няўцямна мiргаючы на агонь, i схапiў яго за кутасiк на падбародку. Багiра падалася за iм на ўсякi выпадак.

– Устань, сабака!
– крыкнуў Маўглi.
– Устань, калi гаворыць чалавек, а то я падсмалю табе шкуру!

Шэр-Хан прыцiснуў вушы да галавы i заплюшчыў вочы, бо палаючы сук быў вельмi блiзка.

– Гэты забойца жывёлы гаварыў, што заб'е мяне на Радзе, бо не паспеў забiць мяне ў маленстве... Вось так i вось так мы б'ём сабаку, калi становiмся людзьмi. Варухнi толькi вусам, Кульгавы, i я заганю табе ў горла Чырвоную Кветку.

Ён бiў Шэр-Хана па галаве палаючай галiнай, i тыгр скуголiў i стагнаў ад смяртэльнага страху.

– Фэ! Цяпер iдзi прэч, смаленая кошка! Але памятай: калi я наступны раз прыйду на Скалу Рады, я прыйду са шкурай Шэр-Хана на галаве... Цяпер вось што, Акела вольны жыць, дзе яму хочацца. Вы яго не заб'яце, бо я гэтага не хачу. Не думаю таксама, што вы доўга яшчэ будзеце сядзець тут, высалапiўшы языкi, нiбы важныя асобы, а не сабакi, якiх я ганю прэч, вось так! Вон, вон!

Канец сука раз'юшана палаў. Маўглi раздаваў удары направа i налева па крузе, а ваўкi разбягалiся з выццём, несучы на сваёй шкуры гарачыя iскры. Пад канец на скале засталiся толькi Акела, Багiра i, можа, дзесятак ваўкоў, што перайшлi на бок Маўглi. I тут штосьцi пачало пячы Маўглi знутры, як нiколi ў жыццi не пякло. У яго заняло дух, ён заплакаў, i слёзы пацяклi па яго шчоках.

– Што гэта такое? Што гэта?
– гаварыў ён.
– Я не хачу iсцi з джунгляў, i я не ведаю, што са мной робiцца. Я памiраю, Багiра?

– Не, Маленькi Брат, гэта толькi слёзы, якiя бываюць у людзей, - адказала Багiра.
– Цяпер я ведаю, што ты чалавек i ўжо не дзiцяня больш.. З гэтага часу джунглi не для цябе... Няхай цякуць, Маўглi. Гэта толькi слёзы, усяго толькi слёзы.

I Маўглi сядзеў i плакаў так, быццам сэрца яго разрывалася, бо ён плакаў упершыню ў жыццi.

– Цяпер, - сказаў ён, - я пайду да людзей. Але спачатку я павiнен развiтацца з маёй мацi.

I ён пайшоў да пячоры, дзе Мацi Ваўчыха жыла з Бацькам Ваўком, i плакаў, уткнуўшыся ў яе шкуру, а чацвёра ваўчанят жаласна вылi.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: