Вход/Регистрация
Маўглi (на белорусском языке)
вернуться

Киплинг Редьярд Джозеф

Шрифт:

– Вось-вось! За гэта варта атрымаць нейкi там сiняк, - ласкава сказаў буры мядзведзь.
– Калi-небудзь ты ўспомнiш мяне.

I, павярнуўшыся да Багiры, ён расказаў ёй, як упрошваў дзiкага слана Хатхi, якi ведае ўсё на свеце, сказаць яму Запаветныя Словы Змяiнага Народа, як Хатхi вадзiў Маўглi да сажалкi, каб даведацца Змяiныя Словы ад вадзяной змяi, бо сам Балу не мог iх вымавiць, i цяпер Маўглi не пагражае нiякая небяспека ў джунглях: нi змяя, нi птушка, нi звер не будуць шкодзiць яму.

– I, значыцца, яму няма каго баяцца!
– Балу выцягнуўся на ўвесь рост i з гордасцю паляпваў сябе па тоўстым калматым жываце.

– Апрача свайго племенi, - шапнула Багiра, а потым гучна сказала Маўглi: Пашкадуй мае рэбры, Маленькi Брат! Што ты ўсё скачаш то ўнiз, то ўгору?

Маўглi хацеў, каб яго выслухалi, i даўно ўжо тузаў Багiру за мяккую поўсць на плячы i штурхаў яе пяткамi. Абое прыслухалiся i разабралi, што ён крычыць на ўвесь голас:

– Цяпер у мяне будзе сваё ўласнае племя, i я цэлы дзень буду вадзiць яго па дрэвах!

– Што за новая дурасць, маленькi выдумшчык?
– спытала Багiра.

– Ага, i кiдаць галiнкамi i граззю ў старога Балу буду, - не пераставаў Маўглi.
– Яны мне гэта абяцалi... Ай!

– Ву!
– Вялiзная лапа Балу змахнула Маўглi са спiны пантэры, i, лежачы памiж пярэднiмi лапамi мядзведзя, Маўглi зразумеў, што той злуецца.
– Маўглi, - сказаў Балу, - ты гаварыў з Бандар-Логамi, Малпiным Народам?

Маўглi зiрнуў на Багiру - цi не злуецца i яна таксама - i ўбачыў, што вочы пантэры зрабiлiся калючыя.

– Ты водзiшся з Малпiным Народам - з шэрымi малпамi, з народам, якi не ведае Закону, з народам, якi есць усё без разбору? Як табе не сорамна!

– Балу стукнуў мяне па галаве, - сказаў Маўглi (ён усё яшчэ ляжаў на спiне), - i я ўцёк, а шэрыя малпы спусцiлiся з дрэва i пашкадавалi мяне. А ўсiм астатнiм было ўсё роўна.
– Ён трошкi ўсхлiпнуў.

– Спагада Малпiнага Народа!
– чмыхнуў Балу.
– Спакой горнага патоку! Халадок летняй спякоты! А што было потым, дзiцяня чалавека?

– А потым... потым яны далi мне арэхаў i ўсялякай смачнай ежы, а потым узялi мяне на рукi i занеслi на верхавiны дрэў i гаварылi, што я iх кроўны брат, адно што бясхвосты, i калi-небудзь стану iх важаком.

– У iх не бывае важака, - сказала Багiра.
– Яны хлусяць. I заўсёды хлусiлi.

– Яны былi вельмi ласкавыя са мною i прасiлi прыходзiць яшчэ. Чаму вы мяне нiколi не вадзiлi да Малпiнага Народа? Яны ходзяць на дзвюх нагах, як i я. Яны не б'юцца цвёрдымi лапамi. Яны гуляюць цэлы дзень... Пусцi мяне, брыдкi Балу, пусцi мяне! Я зноў пайду гуляць з iмi.

– Паслухай, дзiцяня!
– сказаў мядзведзь, i голас яго прагрымеў, як гром у навальнiчную ноч.
– Я навучыў цябе Закону Джунгляў - аднаму для ўсiх Народаў Джунгляў, апрача Малпiнага Народа, якi жыве на дрэвах. Яны не маюць Закону. У iх няма свае мовы, адны толькi ўкрадзеныя словы, якiя яны пераймаюць у iншых, калi падслухоўваюць, i падглядваюць, i падпiльноўваюць, седзячы на дрэвах. Iх звычаi - не нашы звычаi. Яны жывуць без важака. Яны нiчога не памятаюць. Яны балбочуць i выхваляюцца, нiбыта яны вялiкi народ i задумалi вялiкiя справы ў джунглях, але вось упадзе арэх, i яны ўжо смяюцца i пра ўсё забылiся. Нiхто ў джунглях не водзiцца з iмi. Мы не п'ём там, дзе п'юць малпы, не ходзiм туды, куды ходзяць малпы, не палюем там, дзе яны палююць, не памiраем там, дзе яны памiраюць. Хiба ты чуў ад мяне хоць бы слова пра Бандар-Логаў?

– Не, - адказаў Маўглi шэптам, бо лес прыцiх, пасля таго як Балу скончыў сваю прамову.

– Народ Джунгляў не хоча iх ведаць i нiколi пра iх не гаворыць. Iх вельмi многа, яны злосныя, брудныя, бессаромныя i хочуць толькi таго, каб Народ Джунгляў звярнуў на iх увагу. Але мы не заўважаем iх, нават калi яны кiдаюць арэхi i сыплюць бруд нам на галаву.

Не паспеў ён дагаварыць, як цэлы дождж арэхаў i сукоў пасыпаўся на iх з дрэў; пачулiся кашаль, вiск i сярдзiтыя скачкi высока над iмi, сярод тонкiх галiн.

– З Малпiным Народам забаронена вадзiцца, - сказаў Балу, - забаронена Законам. Не забывайся пра гэта!

– Ыгы, забаронена, - сказала Багiра.
– Але я ўсё-такi думаю, што Балу павiнен быў папярэдзiць цябе.

– Я?.. Я? Як мне магло прыйсцi ў галаву, што ён будзе вадзiцца з такою дрэнню? Малпiн Народ! Тфу!

Зноў арэхi дажджом пасыпалiся iм на галовы, i мядзведзь з пантэрай уцяклi, прыхапiўшы з сабою Маўглi. Балу гаварыў пра малпаў шчырую праўду. Яны жылi на верхавiнах дрэў, а паколькi звяры рэдка глядзяць угору, дык Малпам i Народу Джунгляў не даводзiлася сустракацца. Але калi малпам трапляў у рукi хворы воўк, або паранены тыгр, або мядзведзь, яны мучылi слабых i дзеля пацехi кiдалi ў звяроў палкамi i арэхамi, спадзеючыся, што iх заўважаць. Яны пачыналi выць, выкрыквалi недарэчныя песнi, клiкалi Народ Джунгляў да сябе на дрэвы бiцца, усчыналi за дробязi сваркi мiж сабой i кiдалi мёртвых малпаў абы-дзе, напаказ усяму Народу Джунгляў. Яны ўвесь час збiралiся завесцi i свайго важака, i свае законы i звычаi, але так i не завялi, бо памяць у iх была кароткая, не далей учарашняга дня. Урэшце яны памiрылiся на тым, што прыдумалi прымаўку: "Усе джунглi будуць думаць заўтра так, як малпы думаюць сёння", i вельмi гэтым суцяшалiся. Нiхто са звяроў не мог да iх дабрацца, i нiхто не звяртаў на iх увагi - вось чаму яны так узрадавалiся, калi Маўглi пачаў гуляць з iмi, а Балу на яго раззлаваўся.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: