Шрифт:
Але ж пранiк ён у мяне, хоць i невядома як, перакапаў усю маю памяць i знайшоў у ёй сама балючы атам! Хiба магу я ў гэтым сумнявацца. Без чужой дапамогi, без усялякай «перадачы прамянёвай энергii» ён залез праз падвойную герметычную абшыўку, праз цяжкую шкарлупiну на Станцыю; унутры яе знайшоў маё цела i пайшоў са здабычай…
— Крыс?.. — цiха прамовiла Хэры.
Я стаяў ля iлюмiнатара, уперыўшы невiдушчы позiрк у густы змрок. Лёгкая, пяшчотная на гэтай геаграфiчнай шырынi пялёнка захiнала зоркi. Суцэльны, хоць i тонкi, слой воблакаў стаяў вельмi высока, з глыбiнi, з-за гарызонту сонца афарбоўвала яго ледзь прыкметным срабрыста-ружовым ззяннем.
Калi яна знiкне, значыць, я гэтага хацеў. Значыць, я забiў яе. Не пайсцi туды? Яны не могуць мяне прымусiць. Але што я iм скажу? Пра гэта — не. Не магу. Так, трэба прытварацца, трэба хлусiць заўсёды i ва ўсiм. I ўсё таму, што ўва мне, вiдаць, хаваюцца думкi, планы, спадзяваннi — жорсткiя, цудоўныя, бязлiтасныя, а я нiчога пра iх не ведаю. Чалавек рушыў насустрач iншым сусветам, новым цывiлiзацыям, не спазнаўшы дарэшты сваёй душы: яе завулкаў, тупiкоў, бяздонных калодзежаў, забарыкадаваных цёмных дзвярэй. Выдаць iм Хэры… ад сораму? Выдаць толькi таму, што ў мяне не хапае адвагi?
— Крыс… — яшчэ цiшэй прашаптала Хэры.
Я хутчэй адчуў, чым пачуў, як яна бясшумна падышла да мяне, але зрабiў выгляд, што не заўважаю яе. Я хацеў пабыць адзiн, я вельмi хацеў гэтага. Я нi на што яшчэ не адважыўся, нi на што. Я стаяў нерухома, пазiраючы на цёмнае неба, на зоркi, якiя былi толькi прывiдным ценем зямных зорак. Думкi, што апаноўвалi мяне, знiклi, моўчкi расла мёртвая абыякавасць, упэўненасць, што там, у недасяжнай глыбiнi, я ўжо зрабiў выбар i толькi прытвараюся, быццам нiчога не адбылося. Я не меў сiлы нават грэбаваць сабой.
МЫСЛIЦЕЛI
— Крыс, ты з-за эксперымента?
Я скурчыўся ад яе голасу. Ужо колькi гадзiн я не спаў: углядаўся ў цемру, быў самотны, бо не чуў нават дыхання Хэры, i ў заблытаным лабiрынце начных разваг, нерэальных, напаўсвядомых, нават забыўся пра яе, усё набывала новы сэнс, новае вымярэнне.
— Што… адкуль ты ведаеш, што я не сплю?.. — спытаўся я, i ў маiм голасе чуўся страх.
— Я заўважыла па тваiм дыханнi, — адказала Хэры, нiбыта просячы прабачэння. — Я не хацела табе перашкаджаць… Калi не можаш, не кажы…
— Магу… Так, з-за эксперымента. Ты адгадала.
— Што яны чакаюць ад эксперымента?
— Самi не ведаюць. Але нешта чакаюць. Гэтую аперацыю варта назваць не «Думка», а «Роспач». Зараз патрэбен чалавек, у якога хапiла б смеласцi ўзяць на сябе адказнасць за рашэнне. Але гэткi вiд смеласцi большасць прымае за звычайную баязлiвасць, бо падобнае рашэнне — адступленне, разумееш, адмова, уцёкi, нявартыя чалавека. Можна падумаць, што боўтацца i гразнуць, тануць у тым, чаго не разумееш i нiколi не зразумееш, — годна для чалавека.
Я змоўк. Але не паспеў супакоiцца, як мяне ахапiў новы прылiў злосцi.
— Вядома, усюды знойдуцца тыпы практычнага складу. Яны гавораць, што калi не ўдасца наладзiць кантакт, то, вывучаючы плазму — усе гэтыя вар’яцкiя жывыя гарады, што вытыркаюцца на суткi, каб затым знiкнуць, мы хоць бы адкрыем таямнiцу матэрыi. Нiбыта невядома, што ўсё гэта самападман; мы проста шпацыруем па бiблiятэцы, запоўненай кнiгамi на незразумелай мове, i пазiраем на каляровыя вокладкi… Вось i ўсё!
— А такiх планет больш няма?
— Невядома. Магчыма, ёсць. Мы ведаем толькi адну. Ва ўсякiм разе, такiя планеты сустракаюцца вельмi рэдка, не тое што Зямля. Мы банальныя, мы трава Сусвету — i ганарымся нашай банальнасцю, тым, што яна так распаўсюджана; мы думалi — усё можна падагнаць пад нашу банальнасць. З такой схемай мы смела i радасна рушылi ў шлях-дарогу — у iншыя сусветы! Падумаеш — iншыя сусветы! Асвоiм iх альбо яны нас асвояць! Нiчога iншага не было ў нашых няшчасных галовах. Але досыць пра гэта. Не варта.
Я ўстаў, вобмацкам знайшоў аптэчку, узяў пляскаты слоiчак са снатворным.
— Я буду спаць, каханая, — прамовiў я i павярнуўся; недзе высока ў цемры гуў вентылятар. — Мне трэба паспаць. Iнакш… сам не ведаю…
Я сеў на ложак. Хэры дакранулася да маёй рукi. Я абняў яе, нябачную, i трымаў, не кратаючыся, да той пары, пакуль сон не змарыў мяне.
Ранiцай, калi я прачнуўся, адчуў сябе бадзёра, эксперымент здаўся мне такiм нязначным; як мог я так хвалявацца з-за яго?! Мяне мала турбавала i тое, што Хэры пойдзе разам са мной у лабараторыю. Яе намаганнi вытрымаць нават маю кароткачасовую адсутнасць былi марныя, i я адмовiўся ад далейшых спроб, хоць яна настойвала (нават прапаноўвала мне зачынiць яе дзе-небудзь). Я параiў ёй узяць з сабой кнiжку.