Вход/Регистрация
Салярыс
вернуться

Лем Станислав

Шрифт:

— Гаворка пра эксперымент. Я толькi не разумею, як лепш. Ведаеш, я хацеў бы… — я змоўк.

— Не апраўдвайся, Крыс. Я вельмi хацела б… Хiба толькi не доўга?..

— Гэта зойме пэўны час, — адказаў я. — Паслухай, а мо ты пойдзеш са мной i пачакаеш мяне ў калiдоры?

— Добра. А калi я не вытрымаю?

— Што з табой, уласна, адбываецца? — спытаўся я i адразу ж дадаў: — Я пытаюся не з цiкавасцi, вядома, але, магчыма, калi разбярэшся, ты з гэтым i сама справiшся.

— Я баюся, — адказала Хэры i збялела. — Я не магу табе сказаць, чаго я баюся, нават не баюся, а проста раствараюся. Апошнiм часам я адчуваю гэткi сорам… Як табе растлумачыць… А пасля ўжо нiчога, пуста. Таму я думала, што я хворая… — Хэры здрыганулася.

Апошнiя словы яна прамовiла ледзь чутна.

— Мо такое адбываецца толькi тут, на гэтай чортавай Станцыi, — прамовiў я. — Я пастараюся зрабiць усё, каб мы як мага хутчэй пакiнулi яе.

— Ты лiчыш, гэта мажлiва? — Хэры шырока расплюшчыла вочы.

— Цалкам. Зрэшты, я ж не прыкуты… Дарэчы, трэба спачатку дамовiцца са Снаўтам, а там паглядзiм. Як ты думаеш, колькi ты можаш быць адна?

— Хто яго ведае… — апусцiўшы галаву, паволi пачала Хэры. — Калi я буду чуць твой голас, то, бадай, спраўлюся.

— Я хачу, каб ты не слухала, пра што мы гаворым. Я не маю нiякiх сакрэтаў, але я не ведаю, не магу ведаць, што скажа Снаўт.

— Не працягвай. Я разумею. Добра. Я буду стаяць так, каб чуць толькi твой голас. Больш мне нiчога не трэба.

— Зараз я пазваню яму з лабараторыi. Я не буду зачыняць дзвярэй.

Хэры кiўнула. Я прайшоў праз сцяну чырвоных сонечных промняў у калiдор, якi, нягледзячы на штучнае асвятленне, здаваўся амаль чорным. Дзверы малой лабараторыi былi адчынены. Люстраныя рэшткi сасуда Дзюара, якiя ляжалi на падлозе каля вялiзных ёмiстасцей з вадкiм кiслародам, усё яшчэ нагадвалi пра начное здарэнне. Засвяцiўся маленькi экран. Калi я зняў трубку i набраў нумар радыёстанцыi, блакiтная занавеска, якая знутры закрывала матавае шкло, рассунулася, i Снаўт, нагнуўшыся з высокага крэсла, зiрнуў мне проста ў вочы.

— Вiтаю цябе, — прамовiў ён.

— Я прачытаў запiску. Хацеў з табою пагаварыць. Можна прыйсцi?

— Прыходзь. Зараз?

— Ага.

— Калi ласка. Ты… не адзiн?

— Не, адзiн.

Яго худы, бронзавы ад загару твар з глыбокiмi маршчынамi на лбе плыў у выпуклым шкле, як дзiўная рыба ў акварыуме.

— Ну-ну, — прамовiў ён шматзначна. — Я чакаю.

— Мы можам iсцi, каханая.

Я iмкнуўся гаварыць ажыўлена, заходзячы ў кабiну праз чырвоныя промнi, за якiмi бачыў толькi сiлуэт Хэры, але голас мой сарваўся. Хэры прырасла да крэсла: засунула рукi пад падлакотнiкi i сашчапiла пальцы. Яна занадта позна пачула мае крокi альбо не паспела хутка памяняць сваю страшную позу — не ведаю, але я паспеў убачыць, як яна змагаецца з той незразумелай сiлай, што схаваная ў ёй. Маё сэрца сцiснула сляпое, шалёнае абурэнне, змешанае са шкадаваннем. Мы моўчкi пайшлi па доўгiм калiдоры; рознакаляровая эмаль на яго сценах па задуме архiтэктара павiнна была пазбавiць ад аднастайнасцi знаходжанне ў металiчнай шкарлупiне. Я яшчэ здалёку заўважыў адчыненыя дзверы радыёстанцыi. Адтуль у глыбiню калiдора падала доўгая чырвоная паласа — i сюды даходзiла сонца. Я паглядзеў на Хэры — яна нават не спрабавала ўсмiхацца, засяроджана рыхтуючыся да барацьбы з сабой. Выпрабаваннi, якiя чакалi Хэры, ужо зараз змянiлi яе твар — ён стаў белым i худым. За некалькi крокаў да дзвярэй Хэры спынiлася, я павярнуўся да яе, кончыкамi пальцаў яна падштурхнула мяне, быццам кажучы: «Iдзi». I тут мае планы, Снаўт, эксперымент, уся Станцыя — усё здалося мне гэткiм дробязным у параўнаннi з тымi пакутамi, якiя чакалi тут яе. Я адчуў сябе катам i хацеў ужо вярнуцца назад, але шырокую сонечную паласу, надламаную на сцяне калiдора, засланiў цень чалавека. Я хуценька зайшоў у кабiну. Снаўт чакаў мяне ля дзвярэй. Чырвонае сонца стаяла проста за iм, i пурпуровы водблiск гарэў у яго сiвых валасах. Мы даволi доўга моўчкi пазiралi адзiн на аднаго. Здавалася, Снаўт вывучаў мяне. Аслеплены сонцам, я дрэнна бачыў выраз яго твару. Я абышоў Снаўта i спынiўся каля высокага пульта, на якiм тырчалi гнуткiя сцяблiны мiкрафонаў. Снаўт марудна павярнуўся, спакойна назiраючы за мной з ранейшай грымасай, якая ўспрымалася то як усмешка, то выдавала стомленасць. Не зводзячы з мяне вачэй, Снаўт падышоў да металiчнай, на ўсю сцяну шафы, перад якой з абодвух бакоў узвышалiся абы-як зваленыя кучы радыёдэталяў, тэрмiчныя акумулятары i розны iнструмент, паставiў туды крэсла i сеў, абапiраючыся спiнай на эмалiраваныя дзверцы.

Наша маўчанне станавiлася дзiўным. Я засяроджана прыслухоўваўся да цiшынi, што панавала ў калiдоры, дзе засталася Хэры, але адтуль нiчога не было чуваць.

— Калi ў вас усё будзе гатова? — спытаўся я.

— Мы маглi б пачаць хоць сёння, але запiс запатрабуе яшчэ крыху часу.

— Запiс? Ты маеш на ўвазе энцэфалаграму?

— Ага, ты ж згадзiўся. А што?

— Ды так, нiчога.

— Я слухаю цябе, — прамовiў Снаўт праз нейкi час.

— Яна ўсё ведае… пра сябе, — ледзь чутна прамовiў я.

Бровы Снаўта палезлi ўгору.

— Ведае?

Мне здалося, што Снаўт толькi прытвараецца здзiўленым. Чаму ён прытвараецца? У мяне адразу прапала жаданне гаварыць, але я перасiлiў сябе. Трэба быць хоць бы лаяльным, падумаў я, калi нiчога iншага не застаецца.

— Яна пачала здагадвацца, вiдаць, пасля нашай размовы ў бiблiятэцы, назiрала за мной, супастаўляла факты, пасля знайшла магнiтафон Гiбарыяна i паслухала запiс…

Снаўт па-ранейшаму абапiраўся на шафу, але ў яго ў вачах загарэлiся iскры. Я стаяў ля пульта насупраць дзвярэй, прачыненых у калiдор. Я працягваў яшчэ цiшэй:

— Сёння ноччу, калi я спаў, яна спрабавала скончыць самагубствам. Вадкi кiсларод…

Нешта зашамацела, я сцiшыўся, прыслухаўся — гук даносiўся не з калiдора. Дзесьцi зусiм блiзка шкрэблася мыш… Мыш? Глупства! Адкуль тут мышы? Я пiльна зiрнуў на Снаўта.

— Слухаю цябе, — спакойна прамовiў Снаўт.

— Вядома, ёй гэта не ўдалося… ва ўсякiм разе яна ведае, хто яна.

— Навошта ты расказваеш пра гэта мне? — раптам спытаўся Снаўт.

Я не адразу скемiў, што яму адказаць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: