Вход/Регистрация
Салярыс
вернуться

Лем Станислав

Шрифт:

— Хачу, каб ты арыентаваўся… каб ведаў, што адбываецца, — прамармытаў я.

— Я папярэджваў цябе.

— Iнакш кажучы, ты ведаў. — Я мiжволi павысiў голас.

— Не. Вядома ж, не. Але я тлумачыў табе, як усё адбываецца. Кожны «госць», калi ён з’яўляецца, амаль што фантом, нягледзячы на бязладную мешанiну ўспамiнаў i вобразаў, атрыманых ад свайго… Адама… «госць», па сутнасцi, пусты. Чым больш знаходзiцца ён з табой, тым больш ачалавечваецца i становiцца ўсё больш самастойным, вядома, да пэўнай мяжы. I чым даўжэй гэта працягваецца, тым цяжэй…

Снаўт памаўчаў, паглядзеў на мяне спадылба i абыякава спытаўся:

— Яна ўсё ведае?

— Так, я ж сказаў табе.

— Усё? I тое, што адзiн раз была тут, а ты…

— Не!

Снаўт усмiхнуўся:

— Паслухай, Кельвiн, калi гэта зайшло так далёка… што ты думаеш рабiць? Пакiнуць Станцыю?

— Так.

— З ёй?

— Ага.

Снаўт змоўк, разважаючы над маiмi адказамi, але ў яго маўчаннi было нешта яшчэ… Што? Зноў быццам штосьцi зашамацела зусiм блiзка, за тонкай перагародкай. Снаўт заёрзаў на крэсле.

— Выдатна, — прамовiў ён. — Чаму ты пазiраеш на мяне так дзiўна? Ты лiчыў, што я буду перашкаджаць табе? Рабi як хочаш, мой дарагi. Ну i малайцы мы з табой, калi б пачалi яшчэ i прымушаць адзiн аднаго! Я не збiраюся ўгаворваць цябе, скажу толькi — ты iмкнешся ў нечалавечых умовах застацца чалавекам. Мо гэта i прыгожа, але зусiм недарэчна. Зрэшты, я нават не ведаю, цi прыгожа. Хiба глупства можа быць прыгожым? Не ў тым справа. Ты адмаўляешся працягваць эксперыменты, хочаш адступiцца, забраўшы яе? Так?

— Так.

— Але гэта таксама… эксперымент. Чуеш?

— Што ты маеш на ўвазе? Цi здолее… яна?.. Калi разам са мной, то не бачу…

Я гаварыў усё больш павольна, пасля зусiм сцiх. Снаўт уздыхнуў:

— Кельвiн, усе мы, як страўсы, хаваем галаву ў пясок, але мы ва ўсякiм разе ведаем пра гэта i не разлiчваем на высакароднасць.

— Я нiчога не хачу i не разлiчваю.

— Добра. Я не хацеў цябе пакрыўдзiць. Свае словы пра высакароднасць я забiраю назад, але словы пра страўсаў застаюцца ў сiле. Асаблiва гэта датычыць цябе. Ты падманваеш не толькi яе, але i сябе, галоўным чынам сябе. Ты ведаеш умовы стабiлiзацыi сiстэмы, пабудаванай з нейтрыннай матэрыi?

— Не. Ты таксама не ведаеш. Нiхто не ведае.

— Безумоўна. Але нам вядома адно: такiя сiстэмы няўстойлiвыя i могуць iснаваць толькi дзякуючы няспыннаму прытоку энергii. Я ведаю гэта ад Сарторыуса. Энергiя ўтварае вiхравае стабiлiзацыйнае поле. Цiкава, цi з’яўляецца гэтае поле ў адносiнах да «госця» знешнiм? Цi мо яно ўзнiкае ў яго ў арганiзме? Разумееш рознiцу?

— Разумею, — паволi адказаў я. — Калi яно знешняе, дык… яна. Тады… такiя…

— Тады пад час аддалення ад Салярыс сiстэма распадаецца, — закончыў Снаўт за мяне. — Мы не можам гэтага прадбачыць, але ж ты паставiў дослед. Ракета, якую ты запусцiў… па-ранейшаму круцiцца вакол планеты. У вольную хвiлiну я нават падлiчыў параметры яе руху. Можаш паляцець, выйсцi на арбiту, састыкавацца i паглядзець, што сталася з… пасажыркай…

— Ты звар’яцеў! — выдыхнуў я.

— Ты так лiчыш? Ну… а калi… вярнуць яе, тваю ракету? Гэта магчыма. Яна мае дыстанцыйнае кiраванне. Мы вернем ракету i…

— Перастань!

— I гэта табе не падабаецца? Ёсць яшчэ адзiн спосаб, вельмi просты. Нават не трэба вяртаць яе на Станцыю. Няхай сабе лётае. Мы проста звяжамся з ёю па радыё, калi яна жывая, то адгукнецца i…

— Там ужо даўно скончыўся кiсларод! — з цяжкасцю выцiснуў я.

— Мо яна абыходзiцца без кiслароду… Ну што, паспрабуем?

— Снаўт… Снаўт…

— Кельвiн… Кельвiн… — злосна перадражнiў ён мяне. — Божа, што ты за чалавек. Каго ты хочаш ашчаслiвiць? Уратаваць? Сябе? Яе? Якую? Гэтую цi тую? На абедзвюх не хопiць адвагi? Бачыш сам, да чаго гэта даводзiць. Апошнi раз кажу табе: тут сiтуацыя — па-за ўсялякай мараллю.

Раптам я пачуў тое ж самае шамаценне, нiбыта нехта пазногцямi драпаў сцяну. Мяне агарнула абыякавасць: усё выглядала дробным, крыху смешным, малазначным, быццам у перавернутым бiноклi.

— Ну добра, — сказаў я. — Што, па-твойму, я мушу зрабiць? Знiшчыць яе? На наступны дзень з’явiцца такая ж, хiба не так? I яшчэ раз? I так штодзённа? Да якога часу? Навошта? Што гэта мне дасць? А табе? Сарторыусу? Станцыi?

— Пачакай, спачатку скажы ты. Ты паляцiш разам з ёй i, дапусцiм, убачыш сам, што з ёю адбудзецца. Праз некалькi хвiлiн перад табой з’явiцца…

— Што? — з’едлiва спытаўся я. — Пачвара? Дэман? Што?

— Не. Звычайная, сама звычайная агонiя. Хiба ты сапраўды паверыў у iх несмяротнасць? Кажу табе — яны гiнуць… Што ты будзеш рабiць тады? Вернешся… па новую?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: