Шрифт:
Ранiца прайшла як звычайна. Я падазрона разглядваў Хэры, калi яна гэтага не заўважала. Пасля абеду мы сядзелi побач насупраць агляднага iлюмiнатара, за якiм плылi нiзкiя рыжыя хмары. Станцыя слiзгала ў iх, як карабель. Хэры чытала кнiгу, а я пазiраў на Акiян. Апошнiм часам гэта было маiм адзiным заняткам i адпачынкам. Я зразумеў, што калi пэўным чынам нахiлiць галаву, то можна ўбачыць у шкле нашы адлюстраваннi, празрыстыя, але выразныя. Я зняў руку з падлакотнiка. Хэры — бачыў я ў шкле, — пераканаўшыся, што я загледзеўся на Акiян, хутка нахiлiлася над падлакотнiкам i дакранулася губамi да месца, дзе толькi што ляжала мая рука. Я па-ранейшаму сядзеў ненатуральна прама, Хэры схiлiлася над кнiгай.
— Хэры, куды ты выходзiла сёння ноччу?
— Ноччу?
— Ага, ноччу.
— Ты што… табе прыснiлася, Крыс. Я нiкуды не выходзiла.
— Не выходзiла?
— Не. Табе прыснiлася.
— Напэўна, — адказаў я. — Праўда, вiдаць, мне гэта прыснiлася…
Вечарам, калi мы клалiся спаць, я зноў пачаў гаварыць пра наша падарожжа, пра вяртанне на Зямлю.
— Перастань, не хачу пра гэта чуць, — прамовiла Хэры. — Не трэба, Крыс. Ты ж ведаеш…
— Што?
— Ды так, нiчога.
Калi мы ўжо ляжалi, Хэры сказала, што ёй хочацца пiць.
— Там на стале стаiць шклянка соку, падай мне, калi ласка.
Яна адпiла палову i працягнула шклянку мне. Я не хацеў пiць.
— За маё здароўе, — усмiхнулася Хэры.
Я выпiў сок, ён здаўся мне саланаватым, але я не звярнуў на гэта ўвагi.
— Пра што ж нам гаварыць, калi ты не хочаш гаварыць пра Зямлю? — спытаўся я, калi Хэры патушыла святло.
— Цi ажанiўся б ты, калi б мяне не было?
— Не.
— Нiколi?
— Нiколi.
— Чаму?
— Не ведаю. Дзесяць гадоў я пражыў адзiн i не жанiўся. Не будзем пра гэта, каханая…
У галаве шумела, нiбыта я выпiў бутэльку вiна.
— Не, давай пагаворым, давай. А калi б я цябе папрасiла?
— Каб я ажанiўся? Глупства, Хэры. Мне нiхто не патрэбен, мне патрэбна толькi ты.
Хэры схiлiлася нада мной. Я адчуваў яе дыханне на сваiх губах, яна так моцна абняла мяне, што неверагодная санлiвасць на iмгненне мiнулася.
— Скажы пра гэта iнакш.
— Я кахаю цябе.
Яна ўткнулася галавой у маё плячо, я адчуў, як дрыжаць яе вейкi, Хэры плакала.
— Хэры, што з табой?
— Нiчога. Нiчога. Нiчога, — паўтарала яна штораз цiшэй.
Я спрабаваў расплюшчыць вочы, але яны самi заплюшчвалiся. Не ведаю, калi я заснуў.
Мяне разбудзiла чырвонае святло. Галава была як алавяная, шыя не гнулася, быццам усе косцi зраслiся ў адну. У роце засмягла, я не мог варушыць языком. Мо я атруцiўся нечым, падумаў я, з цяжкасцю падымаючы галаву. Я працягнуў руку ў напрамку Хэры i наткнуўся на халодную прасцiну.
Я ўсхапiўся.
Ложак быў пусты, у пакоi — нiкога. Сонца чырвонымi дыскамi адлюстроўвалася ў шкле. Я ўстаў. Выгляд у мяне быў, вiдаць, смешны, я хiстаўся, як п’яны. Хапаючыся за мэблю, я дашкандыбаў да шафы, у душавой — нiкога. У калiдоры таксама. У лабараторыi — нiкога.
— Хэры!!! — закрычаў я пасярод калiдора, няўклюдна размахваючы рукамi. Хэры… — прахрыпеў я яшчэ раз, пра ўсё ўжо здагадаўшыся.
Не помню, што адбывалася пасля. Здаецца, я бегаў па ўсёй Станцыi не апрануты, заглядваў нават у трум, пасля ў нiжнi склад i бiў кулакамi ў зачыненыя дзверы. Магчыма, я быў там некалькi разоў. Трапы аж звiнелi, я падаў, падымаўся, зноў некуды iмчаўся, дабраўся нават да празрыстай агароджы, за якой было выйсце вонкi — падвойныя бранiраваныя дзверы. Я штурхаў iх з усёй сiлы i малiў, каб гэта быў сон. Нехта побач са мной трос мяне, некуды цягнуў. Пасля я апынуўся ў малой лабараторыi. На мне была мокрая халодная сарочка, валасы злiплiся. Ноздры i язык абпальваў спiрт. Я напаўляжаў, цяжка дыхаючы, на нечым металiчным, а Снаўт у сваiх брудных шарачковых штанах вазiўся каля шафкi з лекамi, пераварочваючы там нешта; iнструменты i шкло страшна грымелi.
Раптам я ўбачыў Снаўта каля сябе; ён, нахiлiўшыся, уважлiва зазiраў мне ў вочы.
— Дзе яна?
— Яе няма.
— Але… але Хэры…
— Няма больш Хэры, — паволi i выразна прамовiў ён, нагнуўшыся яшчэ нiжэй да майго твару, быццам ён ударыў мяне, а зараз хацеў паглядзець, што з гэтага атрымалася.
— Яна вернецца, — прашаптаў я, заплюшчваючы вочы.
I ўпершыню я нiчога не баяўся, не баяўся прывiднага вяртання, не разумеючы, як мог баяцца некалi.
— Выпi.
Снаўт падаў мне шклянку з цёплай вадкасцю. Я паглядзеў на вадкасць i раптам плёхнуў яе яму ў твар. Ён адступiўся, выцiраючы вочы; я падскочыў да яго. Ён быў такi маленькi!
— Гэта ты?!
— Пра што ты гаворыш?
— Не хлусi, сам ведаеш, пра што. Ты размаўляў з ёй мiнулай ноччу? I загадаў ёй даць мне снатворнае, каб… Што ты з ёю зрабiў? Кажы!!!
Снаўт пашукаў нешта ў нагруднай кiшэнi, дастаў змятую капэрту. Я выхапiў яе. Капэрта была заклеена, не падпiсана. Я расклеiў яе. Выняў складзены ў чатыры столкi лiсток. Буйны, крыху дзiцячы почырк, няроўныя радкi. Я пазнаў яго.