Вход/Регистрация
Салярыс
вернуться

Лем Станислав

Шрифт:

Я падышоў да шафы i пачаў выбiраць камбiнезон. Снаўт моўчкi назiраў за мной, а пасля сказаў:

— Не падабаецца мне гэта.

— Што? — павярнуўся я з камбiнезонам у руках. Мяне ахапiла даўно забытая ўзбуджанасць. — Што ты хочаш? Давай, кажы! Баiшся, каб я… Нонсенс! Слова гонару. Я нават не падумаў пра гэта. Не, праўда, не.

— Я палячу з табой.

— Дзякую, але я хачу ляцець адзiн. Гэта ж нешта новае, нешта зусiм новае, — прамовiў я хуценька, нацягваючы камбiнезон.

Снаўт казаў яшчэ нешта, але я не надта яго слухаў, шукаючы патрэбныя рэчы.

Ён пайшоў за мной на ўзлётную пляцоўку, дапамог выкацiць машыну з бокса на сярэдзiну пускавога стала. Калi я нацягваў скафандр, Снаўт нечакана спытаўся:

— Ты не адмаўляешся ад сваiх слоў?

— Божухна, Снаўт, ты зноў? Не, не адмаўляюся. Я ж абяцаў табе. Дзе запасныя балоны?

Больш нiчога Снаўт не казаў. Я закрыў празрысты купал i даў знак рукой. Ён уключыў пад’ёмнiк, я паволi выехаў на верх Станцыi. Матор збудзiўся, працяжна зашумеў, вiнт закруцiўся, i апарат надзiва лёгка ўзняўся ўгору, пакiнуўшы пад сабой серабрысты дыск Станцыi, якi ўсё змяншаўся i змяншаўся.

Упершыню я быў над Акiянам адзiн; уражанне зусiм iншае, чым з iлюмiнатара. Магчыма, гэта залежала ад вышынi палёту — я слiзгаў усяго за некалькi дзесяткаў метраў ад паверхнi. Толькi зараз я не проста ведаў, а адчуваў, што тлустыя гарбы i нiзiны, якiя пачаргова тасавалiся, рухалiся не як марскi прылiў альбо хмара, а як жывёлiна. Несупынна, хоць i вельмi марудна, як сутаргi мускулiстага тулава. Паварочваючыся, грэбень кожнай хвалi палаў чырвонай пенай. Калi я выканаў паварот, каб iсцi дакладна па курсе надзвычай марудна дрэйфуючага мiмоiда, сонца ўдарыла мне проста ў вочы, крывавыя водблiскi заiскрылiся ў выпуклым шкле, а сам Акiян стаў чарнiльна-сiнiм з плямамi цёмнага агню.

Я не надта ўдала зрабiў круг i вылецеў далёка на падветраны бок, а мiмоiд застаўся ззаду, яго недасканалыя абрысы шырокай светлай плямай вылучалiся ў Акiяне. Ён быў ужо не ружовы, ён жаўцеў, як высахлая костка, на iмгненне я страцiў яго з вачэй, замест яго ўдалечынi з’явiлася Станцыя, якая вiсела проста над Акiянам, як вялiзны старажытны дырыжабль. Я паўтарыў манеўр, сканцэнтраваў усю сваю ўвагу: проста па курсе вырастаў увесь масiў мiмоiда са сваiм дзiўным крутым рэльефам. Здавалася, я вось-вось зачаплюся за сама высокi з яго клубнепадобных выступаў, я так рэзка набраў вышыню, што гелiкаптэр, губляючы хуткасць, захiстаўся. Засцярога была лiшняя: акруглыя вяршынi дзiўных вежаў праплылi далёка ўнiзе. Я выраўнаваў машыну i пачаў паволi, метр за метрам збаўляць вышыню. Нарэшце ламаныя вяршынi замiльгалi над кабiнай. Мiмоiд быў невялiкi. Ён меў не больш за тры чвэрцi мiлi ў даўжыню, а шырыня яго была ўсяго паўмiлi. У асобных месцах мiмоiд звузiўся: неўзабаве там мусiў адбыцца разлом. Вiдаць, гэта быў асколак значна буйнейшага ўтварэння. Па салярысных маштабах ён уяўляў толькi дробны абломак, рэшткi, што налiчвалi Бог ведае колькi тыдняў i месяцаў.

Памiж узвышэннямi, падобнымi на пражылкi, я адкрыў штосьцi накшталт берага, некалькi дзесяткаў квадратных метраў досыць спадзiстай, але амаль што пляскатай паверхнi, i спiкiраваў машыну туды. Пасадка была цяжэйшая, чым я ўяўляў, я ледзь не зачапiўся вiнтом за выраслую проста на вачах сцяну, але ўсё скончылася без прыгод. Я адразу ж выключыў матор i адкiнуў века купала. Стоячы на крыле, я праверыў, цi не пагражае гелiкаптэру небяспека спаўзцi ў Акiян; хвалi лiзалi зубчасты край берага за некалькi крокаў ад месца пасадкi, але гелiкаптэр упэўнена стаяў на шырока расстаўленых палазах. Я саскочыў на… «зямлю». Тое, што напачатку я палiчыў сцяной, за якую ледзь не зачапiўся, было вялiзнай, дзiравай, як рэшата, тонкай, як плёнка, касцяной плiтой, што тырчком стаяла i прарасла патаўшчэннямi накшталт маленькiх галерэй. Шчылiна шырынёй некалысi метраў наўскасяк падзяляла ўсю гэтую шматпавярховую плоскасць i выяўляла перспектыву глыбiнi. Тая ж перспектыва была вiдаць праз вялiкiя, раскiданыя абы-як адтулiны. Я залез на блiжнi выступ сцяны i адзначыў, што падэшвы скафандра незвычайна ўстойлiвыя, а сам скафандр зусiм не перашкаджае рухацца. Апынуўшыся на вышынi пяцi паверхаў над Акiянам, я павярнуўся тварам да шкiлетападобнага пейзажу i толькi зараз здолеў як след разгледзець яго.

Мiмоiд дзiўным чынам нагадваў старадаўнi напаўразбураны горад, нейкае экзатычнае мараканскае паселiшча, якое шмат стагоддзяў таму было зруйнавана землятрусам цi нейкiм iншым катаклiзмам. Я выразна бачыў пакручастыя, напалову засыпаныя i забарыкадаваныя руiнамi вулiчкi, якiя крута спускалiся да берага, каля якога булькала пенiстая мазь, вышэй уздымалiся ацалелыя зубцы сцен, бастыёны, iх акруглыя асновы, а ў выпуклых i з упадзiнамi сценах чарнелi адтулiны, падобныя на разбураныя вокны або крапасныя байнiцы. Увесь гэты горад-выспа, цяжка нахiлены набок, як напаўзатоплены карабель, бязмэтна, неўсвядомлена сунуўся наперад, марудна паварочваўся, ценi лянiва поўзалi па завулках руiн, часам праз iх прабiваўся сонечны прамень, падаючы на тое месца, дзе я стаяў. З вялiкай рызыкай я залез яшчэ вышэй, з выступаў над маёй галавой пасыпалася дробнае смецце. Падаючы, яно клубамi пылу запоўнiла пакручастыя вулiчкi i цяснiны. Вядома, мiмоiд не скала, падабенства з вапняком знiкае, калi возьмеш у руку асколак: ён значна лягчэйшы за пемзу, у яго дробнаячэiстая будова; таму ён нязвыкла паветраны.

Я ўзняўся ўжо так высока, што пачаў адчуваць рух мiмоiда: пад ударамi чорных мускулаў Акiяна ён не толькi плыў наперад невядома адкуль i невядома куды, але i нахiляўся то ў адзiн, то ў другi бок, вельмi няспешна, кожнае такое ваганне суправаджалася працяглым цмоканнем бурай i жоўтай пены, што сцякала з аголенага боку. Гэты хiстальны рух быў нададзены мiмоiду вельмi даўно, вiдаць, яшчэ над час яго народзiн, ён захаваў яго дзякуючы сваёй вялiзнай масе. Агледзеўшы з вышынi ўсё, што можна, я асцярожна спусцiўся ўнiз i толькi тады, як нi дзiўна, зразумеў, што мiмоiд мяне абсалютна не цiкавiць i што я прыляцеў сюды, каб сустрэцца не з iм, а з Акiянам.

Я сеў на цвёрдую патрэсканую паверхню за некалькi крокаў ад гелiкаптэра. Чорная хваля цяжка запаўзла на бераг, расплюшчылася i страцiла колер. Калi яна адступiла, на беразе засталiся дрыготкiя нiткi слiзi. Я падсунуўся яшчэ блiжэй i працягнуў руку насустрач наступнай хвалi. Тады яна дакладна паўтарыла тое, з чым людзi сутыкнулiся яшчэ амаль сто гадоў таму: затрымалася, крыху адсунулася, абкружыла маю руку, не дакранаючыся, аднак, да яе, так што памiж рукавiцамi скафандра i ўнутраным бокам паглыблення, якое з вадкага адразу стала мясiстым, застаўся тонкi слой паветра. Я паволi падняў руку, хваля, а дакладней, яе вузкi атожылак, пайшла ўслед за рукой па-ранейшаму ахоплiваючы маю руку паступова святлеючым бруднавата-зялёным слоем. Я ўстаў, каб падняць руку яшчэ вышэй. Атожылак сцюдзянiстага рэчыва напяўся, як дрыготкая струна, але не парваўся. Аснова цалкам расплюшчанай хвалi, як дзiўная, цярплiвая ў чаканнi канца эксперымента iстота, прыхiнулася да берага ля маiх ног, таксама не датыкаючыся да iх. Здавалася, што з Акiяна вырасла цягучая кветка, чашачка якой ахоплiвала мае пальцы, стаўшы iх дакладным негатывам, але не датыкалася да iх. Я адсунуўся. Атожылак затрымцеў i неахвотна вярнуўся назад, эластычны, хiсткi, няўпэўнены. Хваля ўзнялася, уцягваючы яго ў сябе, i знiкла за берагам. Я паўтараў гэтую гульню да таго часу, пакуль зноў, як i сто гадоў таму, адна з чарговых хваль не адкацiлася абыякава, нiбыта здаволеная новымi ўражаннямi. Я ведаў, што мне давялося б чакаць некалькi гадзiн, пакуль зноўку прачнецца яе «цiкаўнасць». Я сеў. Добра вядомая мне з кнiг з’ява нiбыта перарадзiла мяне: нiякая тэорыя не магла перадаць рэальнага ўражання.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: