Вход/Регистрация
Салярыс
вернуться

Лем Станислав

Шрифт:

— Не, — перапынiў я яго, — я маю на ўвазе Бога, недасканаласць — галоўная, iманентная рыса. Гэта Бог, абмежаваны ў сваiм усёведаннi, усемагутнасцi, ён памыляецца ў прадказаннях будучынi сваiх пачынанняў, лёс якiх залежыць ад абставiн i можа палохаць. Гэта Бог… калека, якi заўсёды прагне больш, чым можа, i не адразу разумее гэта. Бог, якi сканструяваў гадзiннiк, а не час, якi ён паказвае, вынайшаў сiстэмы цi механiзмы, што служаць пэўным мэтам, а яны перараслi гэтыя мэты i здрадзiлi iм. Ён стварыў бясконцасць, якая павiнна была засведчыць яго ўсемагутнасць, а стала прычынай яго поўнага паражэння.

— Некалi манiхейства… — няўпэўнена пачаў Снаўт.

Дзiўная стрыманасць, з якой ён звяртаўся да мяне апошнiм часам, знiкла.

— Гэта не мае нiчога агульнага з дабром i злом, — адразу ж перапынiў я яго. — Гэты Бог не iснуе па-за матэрыяй i не можа ад яе пазбавiцца, ён толькi хоча гэтага…

— Падобнай рэлiгii я не ведаю, — сказаў Снаўт, памаўчаўшы. — Такая нiколi не была патрэбна. Калi я добра цябе зразумеў, а баюся, што зразумеў добра, ты думаеш пра нейкага эвалюцыйнага Бога, якi развiваецца ў часе i расце, уздымаецца на ўсё больш высокi ўзровень магутнасцi, дарастае да ўсведамлення сваёй бездапаможнасцi! Гэты твой Бог — iстота, для якой яе боскасць стала бязвыхадным становiшчам; зразумеўшы гэта, ён апынуўся ў роспачы. Але Бог у роспачы — гэта ж чалавек, праўда? Ты маеш на ўвазе чалавека… Гэта не толькi дрэнная фiласофiя, гэта нават дрэнная мiстыка.

— Не, — адказаў я ўпарта, — я не маю на ўвазе чалавека. Магчыма, некаторыя рысы майго Бога адпавядалi б такому папярэдняму азначэнню, але толькi таму, што яно вельмi недакладнае. Нам толькi здаецца, што чалавек вольны ў выбары мэты. Час, у якi ён нарадзiўся, навязвае яму мэту. Чалавек служыць гэтай мэце альбо супрацiўляецца ёй, але аб’ект служэння альбо бунту запраграмаваны яму звонку. Поўная свабода пошуку мэты магчыма, калi чалавек апынецца зусiм адзiн, але гэта немажлiва, бо чалавек, якi выхаваўся не сярод людзей, не можа стаць чалавекам. Гэты… мой Бог мусiць быць iстотай, пазбаўленай множнага лiку, разумееш?

— Ах, — прамовiў Снаўт, — як гэта я адразу…

Ён паказаў рукой на Акiян.

— Не, — запярэчыў я, — i не ён. Занадта рана сканцэнтраваўшы ўвагу на сабе, ён прамiнуў у сваiм развiццi магчымасць стаць боскасцю. Ён хутчэй самотнiк, пустэльнiк космасу, а не яго Бог… Ён паўтараецца, а той, пра каго я думаю, нiколi гэтага не зрабiў бы. А раптам ён узнiкне менавiта зараз, у нейкiм закуточку Галактыкi, i адразу з юнацкiм запалам пачне тушыць адны зоркi i запальваць другiя, а мы заўважым гэта толькi праз нейкi час…

— Мы ўжо гэта заўважылi, — кiсла прамовiў Снаўт. — Новыя i звышновыя… хiба гэта, па-твойму, свечкi на алтары?

— Калi ты хочаш усё, што я кажу, трактаваць так даслоўна…

— А мо менавiта Салярыс з’яўляецца калыскай твайго боскага немаўляцi, заўважыў Снаўт. Ад усмешкi вакол яго вачэй з’явiлiся тонкiя зморшчынкi. — Мо менавiта ён у тваiм разуменнi першааснова, зародыш Бога роспачнага, мо жыццёвая сiла яго маленства пакуль пераўзыходзiць яго розум, а ўсё тое, што знаходзiцца ў нашых салярыстычных бiблiятэках, проста доўгi пералiк яго немаўляцкiх рэфлексаў…

— А мы нейкi час былi яго цацкамi, — закончыў я. — Так, мажлiва. I ведаеш, што табе ўдалося? Стварыць абсалютна новую гiпотэзу на тэму планеты Салярыс, а гэта сапраўды няпроста! Вось i тлумачэнне, чаму немагчыма ўстанавiць Кантакт, чаму няма адказу, адкуль узнiкаюць некаторыя — скажам так — экстравагантнасцi ў стасунках з намi. Псiхiка маленькага дзiцяцi…

— Я адмаўляюся ад аўтарства, — прамармытаў Снаўт, спыняючыся ля iлюмiнатара.

Мы доўга пазiралi на чорныя хвалi. На ўсходнiм баку гарызонту з туману выступала бледная прадаўгаватая пляма.

— Адкуль у цябе з’явiлася iдэя недасканалага Бога? — раптам спытаўся Снаўт, не адводзячы позiрку ад залiтай святлом пустынi.

— Не ведаю. Яна мне здалася вельмi, вельмi праўдзiвай. Разумееш? Гэта адзiны Бог, якому я мог бы паверыць. Яго пакуты — не адкупленне, яны нiкога не забаўляюць, нiчому не служаць, яны проста iснуюць.

— Мiмоiд… — прамовiў зусiм цiха, змененым голасам Снаўт.

— Што ты сказаў? Ага, праўда. Я заўважыў яго яшчэ раней. Вельмi старажытны.

Мы абодва ўзiралiся ў гарызонт, ахутаны рыжаватым туманам.

— Я палячу, — нечакана сказаў я. — Тым больш што я яшчэ нi разу не пакiдаў Станцыi, а тут добрая аказiя. Я вярнуся праз паўгадзiны…

— Што? — Снаўт шырока расплюшчыў вочы. — Ты паляцiш? Куды?

— Туды, — я паказаў на ледзь прыкметную ў тумане светлую плямку. — А што? Я вазьму маленькi гелiкаптэр. Было б смешна, калi б — на Зямлi — мне давялося калi-небудзь прызнацца, што я салярыст, якi нi разу нават нагi не паставiў на салярысны грунт…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: