Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Барзіг прыплюшчыў вока.

— Паны спачатку не вельмі хацелі. Але ўрэшце…

— За страховачнае таварыства «Фенікс» — да дна! — сказаў Ленц і наліў.

Барзіг устаў і пачаў развітвацца.

— Ведаеце, — сказаў ён, адыходзячы, — жанчына, што была ў «фордзе», усё-такі памерла некалькі дзён назад. А ў яе ж былі толькі парэзы. Відаць, страціла шмат крыві.

— Колькі ёй было гадоў? — спытаў Кёстэр.

— Трыццаць чатыры, — адказаў Барзіг. — Цяжарная на чацвёртым месяцы. Застрахаваная на дваццаць тысяч марак.

Мы адразу выехалі забраць машыну. Яна стаяла ў аднаго булачніка. Гэты чалавек на падпітку ўрэзаўся ў сцяну. Траўмы атрымала толькі жонка. Ён сам не атрымаў ніводнай драпіны.

Мы сустрэліся з ім у гаражы, калі ўжо бралі машыну на буксір. Ён нейкі час глядзеў, набычыўшыся, — мешкаватая постаць з круглай спінай і кароткай шыяй. У яго быў твар нездаровага шэрага адцення, як і ва ўсіх булачнікаў. У паўзмроку ён быў падобны да вялікага сумнага мучнога чарвяка. Ён паволі наблізіўся да нас.

— Калі будзе гатова машына? — спытаў ён.

— Тыдні праз тры, — адказаў Кёстэр.

Той паказаў на кузаў.

— І гэта таксама?

— З якой ласкі? — спытаў Ота. — Ён жа зусім не пашкоджаны.

Булачнік нецярпліва схамянуўся.

— Вядома. Але ж можна неяк выкраіць новы. У вас жа даволі вялікі заказ. Мы паладзім, праўда?

— Не, — сказаў Кёстэр.

Ён выдатна зразумеў кліента. Той хацеў бясплатна выцыганіць новы кузаў, за які страховачнае таварыства не плаціла. Нейкі час мы спрачаліся. Булачнік пагражаў, што адмовіцца ад усяго і атрымае кампенсацыю ад больш згаворлівай майстэрні. Нарэшце Кёстэр здаўся. Ён не саступіў бы, каб у нас не было такой пільнай патрэбы ў працы.

— Ну вось, адразу б так, — заўважыў булачнік з крывой усмешкай. — Я забягу неўзабаве, знойдзем матэрыял. Хацелася б пяшчотны колер беж.

Мы паехалі. Ленц паказаў на сядзенне «форда». На ім былі вялікія чорныя плямы.

— Кроў нябожчыцы жонкі. А ён вырваў новы кузаў. Пяшчотны колер беж. Маладзец. Я ўпэўнены, што ён выб'е страхоўку за двух нябожчыкаў. Жонка ж была цяжарная.

Кёстэр паціснуў плячыма.

— Магчыма, ён запэўніў сябе, што адно з адным не звязана.

— Магчыма, — сказаў Ленц. — Кажуць, што ёсць людзі, якіх такія справы суцяшаюць у горы. А нам гэта — мінус пяцьдзесят марак з заробку.

Аполудні я адпрасіўся дадому. Я дамовіўся з Патрыцыяй Хольман на пяць гадзін, але ў майстэрні я пра гэта не сказаў. Не таму, што хацеў утоіць, але мне самому яшчэ не верылася.

Яна прызначыла сустрэчу ў кавярні, якой я не ведаў. Я ведаў толькі, што гэта маленькі ўтульны шынок. Я спакойна пайшоў туды. Але калі пераступіў парог, жахнуўся. Памяшканне было запоўнена жанчынамі. Я трапіў у тыповую дамскую кавярню.

Мне з цяжкасцю ўдалося захапіць незаняты столік. Я збянтэжана азірнуўся па баках. Акрамя мяне тут былі толькі два мужчыны, і тыя мне не спадабаліся.

— Каву, гарбату, шакалад? — спытаў кельнер і змёў сурвэткай крошкі са стала на мой касцюм.

— Вялікую порцыю каньяку, — адказаў я.

Ён прынёс. Але разам з тым ён прывёў кампанію аматарак кавы, на чале з атлеткай няпершай спеласці ў капелюшы з жалобнай стужкай. Кампанія шукала месца.

— Чатыры месцы, калі ласка! — сказаў кельнер і паказаў на мой столік.

— Хвілінку, — адказаў я. — Столік не свабодны. Я чакаю.

— Так справа не пойдзе, васпан! — сказаў кельнер. — У гэты час у нас нельга загадзя займаць месцы.

Я зірнуў на яго. Потым я перавёў погляд на атлетку. Яна стаяла каля самага стала, учапіўшыся ў спінку крэсла. Я ўбачыў яе твар і адмовіўся ад далейшага супраціўлення. Нават стрэл з гарматы не пахіснуў бы гэтую даму ў яе рашучасці захапіць столік.

— А каньяку вы мне можаце прынесці яшчэ? — буркнуў я афіцыянту.

— Несумненна, васпан. Зноў двайную?

— Так.

— Калі ласка. — Ён пакланіўся. — Гэта ж столік на шэсць персон, васпан, — сказаў ён, нібы просячы прабачэння.

— Добра. Прынясіце толькі каньяк.

Атлетка, відаць, была членам таварыства барацьбы за цвярозасць. Яна ўтаропілася на маю чарку, як на пратухлую рыбіну. Каб пазлаваць яе, я заказаў яшчэ раз і ўтаропіўся на яе. Усё гэта мяне раптам насмяшыла. Што мне тут трэба? І што мне трэба ад дзяўчыны? Я нават не ведаў, ці пазнаю яе ўвогуле ў гэтай таўхатні і балбатні. Я са злосцю перакуліў у сябе каньяк.

— Прывітанне! — сказаў нехта за спіной.

Я ўздрыгнуў. Яна стаяла і смяялася.

— Вы пачалі без спазнення!

Я паставіў на стол чарку, якую ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Я раптам разгубіўся. Дзяўчына выглядала зусім інакш, чым засталася ў мяне ў памяці. Сярод гэтых укормленых кабет, якія жавалі пірагі, яна была падобная да тоненькай юнай амазонкі — свежай, ззяючай, надзейнай і недатыкальнай. «У нас з ёй нічога не можа быць», — падумаў я і сказаў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: