Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
— Няўжо вас пусцяць у такі час? — спытаў ён.
— Дзякую, што вы хвалюецеся, — сказаў я, — але можаце быць упэўнены, мяне пусцяць усюды.
Калі я так сказаў, мне зрабілася шкода яго. Пэўна ж, увесь вечар ён здаваўся сабе шыкоўным і вопытным гулякам. Не варта было разбураць гэты самападман.
З ім я развітаўся больш зычліва, чым з Пат.
У бары яшчэ было даволі шмат людзей. Ленц і Фердынанд Граў гулялі ў покер з гаспадаром крамы гатовага адзення Больвізам і яшчэ некалькімі мужчынамі.
— Падсаджвайся, — сказаў Готфрыд. — Сёння надвор'е покернае.
— Не, — адмовіўся я.
— Зірні толькі на гэта, — сказаў ён і паказаў на кучу грошай. — Без махлярства. Масць так і прэ.
— Добра, — сказаў я. — Здавай.
Я заявіў гульню пры двух каралях і ўзяў чатыры валеты.
— Вось як! — сказаў я. — Сёння, відаць, надвор'е для блефу.
— Як закон, — адказаў Фердынанд і даў мне цыгарэту.
Я не думаў доўга заставацца тут. Але цяпер я адчуў нейкі грунт пад нагамі. Настрой у мяне быў неважнецкі, але ж тут быў звыклы родны прытулак.
— Падай мне сюды паўбутэлькі рому, — крыкнуў я Фрэду.
— Размяшай яго з партвейнам, — сказаў Ленц.
— Не, — адмовіўся я. — Няма часу на эксперыменты. Хачу напіцца.
— Тады пі салодкія лікёры. Пасварыліся?
— Глупства.
— Не хлусі, дзіцятка. Не тлумі галаву твайму старому тату Ленцу, які арыентуецца ў таямніцах сэрца, як дома. Прызнайся і пі.
— З жанчынай нельга сварыцца. У крайнім выпадку на яе можна раззлавацца.
— Як на тры гадзіны ночы — занадта тонкая розніца. Я, шчыра кажучы, сварыўся з кожнай. Калі не сварышся, значыць, скора канец.
— Цудоўна, — сказаў я. — Хто раздае?
— Ты, — сказаў Фердынанд Граў. — Здаецца, у цябе сусветны боль, Робі. Не паддавайся. Жыццё стракатае, але не дасканалае. Між іншым, хоць у цябе і сусветны боль, блефуеш ты цудоўна. Два каралі — гэта ўжо нахабства.
— Аднойчы, калі я гуляў, супроць двух каралёў стаяла сем тысяч франкаў, — сказаў Фрэд ад стойкі.
— Швайцарскіх ці французскіх? — спытаў Ленц.
— Швайцарскіх.
— Тваё шчасце, — растлумачыў Готфрыд. — Калі б французскіх, ты не меў бы права перапыніць гульню.
Мы гулялі яшчэ з гадзіну. Я выйграў даволі шмат. Больвіз увесь час прайграваў. Я піў, але ад гэтага толькі балела галава. Хмель не прыходзіў. Усё толькі абвастрылася. У страўніку пякло агнём.
— Ну, а цяпер перастань піць і з'еш што-небудзь, — сказаў Ленц. — Фрэд, дай яму сандвіч і некалькі сардзін. Схавай грошы, Робі.
— Яшчэ адну.
— Добра. Апошнюю. Дубальтовую?
— Дубальтовую, — сказалі астатнія.
Я, зусім не думаючы, прыкупіў да крыжовай дзесяткі і караля тры карты: валета, даму і туза. З гэтымі картамі я выйграў у Больвіза, у якога на руках былі чатыры васьмёркі, а стаўку ён узвінціў да неба. Кленучы ўсё на свеце, ён выдаў мне кучу грошай.
— Бачыш, — сказаў Ленц. — Вось гэта надвор'е па масці.
Мы селі каля стойкі. Больвіз спытаў пра «Карла». Ён не мог забыцца, што Кёстэр перагнаў яго спартовую машыну. Яму хацелася купіць «Карла».
— Спытай у Ота, — сказаў Ленц. — Але мне здаецца, што хутчэй ён прадасць табе руку.
— Ну, ну, — сказаў Больвіз.
— Табе гэта незразумела, — заявіў Ленц, — бо ты — дзіця дзелавога дваццатага стагоддзя.
Фердынанд Граў засмяяўся. За ім — Фрэд. Нарэшце мы смяяліся ўсе. Калі каму не было смешна пры ўпамінанні дваццатага стагоддзя, то яму варта было застрэліцца. Але і смяяцца доўга нельга было. Больш дарэчы — галасіць.
— Ты ўмееш танцаваць, Готфрыд? — спытаў я.
— Вядома. Я ж працаваў настаўнікам танцаў. Ты забыўся?
— Забыўся… дай яму забыцца, — сказаў Фердынанд Граў. — Забыццё — тайна вечнай маладосці. Чалавек старэе толькі праз памяць. Занадта мала забываецца.
— Не, — сказаў Ленц. — Забываецца толькі непатрэбнае.
— Ты можаш навучыць мяне?
— Танцаваць? За адзін вечар, дзіця. І гэта ўся твая бяда?
— Няма ў мяне ніякай бяды, — сказаў я. — Галава баліць.
— Хвароба нашага часу, Робі, — сказаў Фердынанд. — Лепш за ўсё было б нараджацца без галавы.
Я зайшоў яшчэ ў кафе «Інтэрнацыяналь». Алоіс якраз хацеў зачыняць аканіцы.
— Ёсць яшчэ хто-небудзь? — спытаў я.
— Роза.
— Пайшлі, вып'ем утраіх па адной.
— Згода.
Роза сядзела каля стойкі і вязала з воўны панчошкі дачцэ.
Яна паказала ўзор і сказала, што жакецік ужо звязала.
— Як справы? — спытаў я.
— Дрэнна. У людзей няма грошай.
— Табе пазычыць? Вось… выйграў у покер.
— Дармавыя грошы — залог шчасця, — сказала Роза, плюнула на іх і забрала.