Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Хутчэй хадзем, Робі, зараз пачнецца!

Каля ўвахода тоўпіліся людзі. Сёння была вялікая прэм'ера, тэатр быў асветлены пражэктарамі, адна за адной пад'язджалі машыны, з іх выходзілі жанчыны ў вячэрніх сукенках, бліскуча ўпрыгожаныя, мужчыны ў фраках, з ружовымі сытымі тварамі, яны былі вясёлыя, смяяліся бестурботна і самаўпэўнена. А сярод гэтага ўсяго зарыпела і застагнала старое таксі, якое вёў адсюль змораны шафёр.

— Дык хадзем жа, Робі! — паклікала Пат, гледзячы на мяне ззяючымі і ўсхваляванымі вачыма. — Ты нешта забыў?

Я кінуў варожы позірк на людзей вакол мяне.

— Не, — сказаў я. — Я нічога не забыў.

Потым я падышоў да касы і замяніў білеты. Я купіў білеты ў ложу, хоць яны каштавалі неверагодна шмат. Я не хацеў, каб Пат сядзела сярод гэтых удачлівых людзей, якіх нічым не здзівіш. Я не хацеў, каб яна належала да іх. Я хацеў, каб яна была толькі са мной.

Я даўно не быў у тэатры. Я не пайшоў бы і цяпер, каб не Пат. Тэатры, канцэрты, кнігі — усе гэтыя мяшчанскія звычкі я амаль страціў. Не той быў час. Палітыка была добрым тэатрам, страляніна кожны вечар замяняла сабой канцэрты, а вялізная кніга бяды вучыла лепш за ўсе бібліятэкі.

Ярусы і партэр былі запоўнены цалкам. Святло адразу пагасла, як толькі мы селі. Адны водсветы ад рампы прабягалі па зале. На поўную сілу загучала музыка, прыпадняла ўсё і панесла за сабой.

Я адсунуў сваё крэсла ў куток ложы. Так я не бачыў ні сцэны, ні цьмяных патыліц гледачоў. Я чуў толькі музыку і бачыў толькі твар Пат.

Музыка да «Казак Гофмана» зачаравала залу. Яна была як паўднёвы вецер, як цёплая ноч, як надзьмуты ветразь пад зоркамі, яна была нерэальная. Яна ўсё аддаляла і афарбоўвала ў казачныя колеры, здавалася, што ў ёй шуміць цёмная плынь жыцця, не было больш ні зямнога прыцягнення, ні межаў — заставаліся толькі бляск, і мелодыя, і каханне, і нельга было ўявіць сабе, што за сценамі пануюць бяда, і пакуты, і адчай, адначасова з гэтай музыкай.

Твар Пат ад святла са сцэны набыў таямнічасць. Яна ўся паглыбілася ў музыку, і я любіў яе за тое, што яна не прыхілілася да мяне, не ўзяла мяне за руку, не глянула на мяне, а, здавалася, нават не думала пра мяне, забылася, што я ёсць. Я трываць не мог, калі блыталі розныя рэчы, я ненавідзеў людзей, якія, як каровы, збіваліся ў гурт у той час, калі над табой уладарылі прыгажосць і сіла вялікага твора, я ненавідзеў расплывістыя позіркі закаханых пар, гэтае тупое цісканне, гэтае непрыстойнае авечае шчасце, якое ніколі не выходзіла за межы самога сябе, я ненавідзеў усю гэтую балбатню пра з'яднанне душ у каханні, бо я лічыў, што дваім патрэбна як мага больш быць асобамі і як мага больш аддаляцца адзін ад аднаго, каб потым зноў сустрэцца. Толькі той, хто ўвесь час аказваўся ў адзіноце, ведаў, што такое шчасце сустрэчы. Усё іншае разбурала тайну чакання. А што мацней зацягвае ў магічныя сферы адзіноты, як не пачуццёвыя выбухі, поўнае душэўнае ўзрушэнне, улада стыхіі, бура, ноч, музыка… І каханне…

Успыхнула святло. Я на імгненне заплюшчыў вочы. Пра што ж я думаў толькі што? Пат павярнулася да мяне. Я ўбачыў, што людзі заспяшаліся да дзвярэй.

Пачаўся антракт.

— Ты не хочаш выйсці? — спытаў я.

Пат пахітала галавой.

— Дзякуй богу! Я трываць не магу, калі ходзяць і разглядаюць адзін аднаго, вылупіўшы вочы.

Я пайшоў, каб прынесці ёй шклянку лімоннага соку. Буфет быў у аблозе. Дзіўна, што музыка ў многіх узбуджала воўчы апетыт. Гарачыя сасіскі знікалі як у час галоднага тыфу.

Калі я са шклянкай з'явіўся ў ложы, нейкі тып стаяў за спінкай крэсла Пат. Яна ажыўлена размаўляла, павярнуўшыся да яго тварам.

— Гэта пан Броер, Роберт, — сказала яна.

«Пан бугай», — падумаў я і з незадавальненнем глянуў на яго. Яна сказала не Робі, а Роберт. Я паставіў шклянку на край ложы, чакаючы, калі ён пойдзе. На ім быў смокінг казачнага крою. Ён балбатаў пра рэжысуру і не думаў ісці. Пат павярнулася да мяне.

— Пан Броер пытае, ці не пайсці нам пасля ў «Каскад»?

— Калі ты хочаш, — сказаў я.

Пан Броер заўважыў, што можна было б патанцаваць. Ён быў ветлівы і падабаўся мне. Толькі адно было непрыемна: гэтая элегантная лёгкасць, якая, як мне здавалася, была да густу Пат і якой у мяне не было. Раптам я не паверыў сваім вушам: я пачуў, што ён звяртаўся да Пат на «ты». Хоць магло быць сотні простых прычын для такіх адносін, мне закарцела скінуць яго ў аркестровую яму.

Празвінеў званок. Музыканты пачалі настройваць інструменты. Скрыпкі выдавалі імклівыя мяккія гукі…

— Значыць, дамовіліся: сустракаемся каля выхаду, — сказаў Броер і нарэшце пайшоў.

— Што гэта за бусел? — спытаў я.

— Даражэнькі, —адказала Пат, — лепш слухай музыку.

«Каскад», — падумаў я і ў думках пералічыў грошы. — Заклятая абдзіралаўка!»

Я ішоў у змрочным падазрэнні. У дадатак да звягі фраў Залеўскі мне яшчэ не хапала гэтага Броера. Ён ужо чакаў нас каля дзвярэй.

Я хацеў спыніць таксі.

— Не трэба, — сказаў Броер. — У маёй машыне месца хопіць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: