Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Ён пакаштаваў і папярхнуўся.

— Ліха яго, — сказаў ён з павагай, — трэба мець загартоўку.

Цяпер мной зацікавіліся і жанчыны. Пат і Броер танцавалі ў гэты час. Пат пазірала ў наш бок. Я больш не глядзеў на яе. Я разумеў, што раблю не тое, але на мяне раптам найшло. Мяне злавала цікаўнасць астатніх, як я п'ю. У мяне не было жадання выстаўляцца перад імі, нібы школьнік. Я ўстаў і пайшоў да стойкі бара. Пат здалася мне зусім чужой. Няхай яна коціцца да д'ябла, разам са сваімі знаёмымі! Яны ёй кампанія! Не, не кампанія! Кампанія!

Лысы далучыўся да мяне. Мы выпілі з барменам па чарцы расейскай гарэлкі. Бармены — заўсёды падтрымка. З імі можна паразумецца без слоў у любым кутку свету. Гэты бармен таксама аказаўся сваім чалавекам. А лысы — слабак. Яму хацелася выгаварыцца. Нейкая Фіфі не давала яму спакою. Але гэта хутка прайшло. Ён расказаў мне, што Броер шмат гадоў закаханы ў Пат.

— Праўда? — спытаў я.

Ён захіхікаў. Яшчэ адной порцыяй алкаголю я прымусіў яго змоўкнуць. Але тое, што ён сказаў, засела. Я злаваўся, што трапіў у такое становішча. Я злаваўся, што мне гэта не абыякава. І я злаваўся яшчэ, што не меў рашучасці стукнуць кулаком па стале. Я адчуваў, што ўсярэдзіне ў мяне варушыцца халодная злосць з жаданнем разбураць. Але яна была накіравана не супраць іншых, а супроць самога сябе.

Лысы скора ўжо не варочаў языком. Потым знік. Я застаўся сядзець. Раптам я адчуў, што да майго пляча прыціснуліся моцныя пругкія грудзі. Яны належалі адной з жанчын, якіх прывёў Броер. Яна села шчыльна каля мяне. Касаватыя шэра-зялёныя вочы паволі абмацвалі мяне. Гэта быў позірк, пасля якога словы былі лішнія, — патрабаваліся дзеянні.

— Цудоўна — умець так піць, — сказала яна праз хвіліну.

Я маўчаў. Яна працягнула руку, каб узяць маю чарку. Рука была падобная да яшчаркі, у бліскучых пярсцёнках, сухая і жылаватая. Яна рухалася вельмі павольна, як паўзла. Я ведаў, што будзе. «З табой я хутка спраўлюся, — падумаў я. — Ты бачыш, што я злуюся, і недаацэньваеш мяне. Але ты памыляешся. З жанчынамі я спраўляюся, а вось з каханнем — ніяк. Безнадзейнасць — вось што выклікае сум».

Жанчына пачала гаварыць. У яе быў ломкі, нібы шкляны, голас. Я заўважыў, што Пат глядзіць на нас. Мяне гэта не трывожыла. Мяне не трывожыла і жанчына побач. У мяне было адчуванне, быццам я лячу ў слізкую продань. Я не думаў пра Броера і яго кампанію. Я не думаў нават пра Пат. Я думаў пра змрочную тайну: чаму рэчаіснасць абуджае жаданні, ды не можа іх задаволіць; чаму каханне пачынаецца ў чалавеку, але ніколі ў ім не канчаецца; і чаму ўсё можа быць: чалавек, каханне, шчасце, жыццё… І чаму гэтага нейкім жудасным чынам заўсёды не хапае і яго ўсё меней, чым больш сабе ўяўляеш. Я таксама зірнуў на Пат. Вось яна ідзе ў сваёй срэбнай сукенцы, маладая і прыгожая, яркае полымя жыцця, я кахаў яе, і калі я гаварыў ёй: «Ідзі да мяне!», яна прыходзіла, і нічога нам не перашкаджала, і мы маглі быць у такой блізкасці, у якой могуць быць толькі людзі… І ўсё-такі часам усё неяк загадкава зацянялася і прыносіла пакуты. Я не мог вызваліць яе з палону рэчаў, не мог вырваць з жыццёвага кола, якое было над намі і ў нас, навязваючы нам свае законы, сваё дыханне і свой тлен, сумніцельны бляск сучаснасці, якая ўвесь час абрынаецца ў нікуды, ззяючыя ілюзіі пачуцця, якое, уладарачы, зноў ператвараецца ў страту. І ніяк гэтага не стрымаць, ніколі! Не разарваць бразготлівы ланцуг часу, не ператварыць няспыннасць у спакой, пошукі ў цішыню, падзенне ў раўнавагу. Я не мог вырваць яе нават з выпадковасці, з таго, што было раней, да нашага знаёмства, з тысяч думак, успамінаў, з таго, што яе сфармавала, пакуль з'явіўся я, нават з гэтай кампаніі я не мог вырваць яе.

Побач са мной ломкім голасам гаварыла жанчына. Яна шукала спадарожніка на адну ноч, кавалачак чужога жыцця, каб падсцёбнуць сябе, каб забыць сябе і занадта балючае разуменне таго, што нічога не застаецца, ні я, ні ты і ўжо ні ў якім разе — не мы. Ці не шукала яна, папраўдзе, тое самае, што і я? Спадарожніка, каб забыць адзіноту жыцця, таварыша, каб выжыць у бязмэтнасці існавання?

— Хадзем, — сказаў я. — Вернемся да ўсіх. Гэта безнадзейна — тое, чаго хочацца вам… як і тое, чаго хочацца мне…

Яна зірнула на мяне і, адкінуўшы галаву, зарагатала.

Мы наведалі яшчэ некалькі рэстаранаў. Броер распаліўся, зрабіўся гаваркі, поўны надзеі. Пат прыціхла. Яна ні пра што не пыталася ў мяне, не папракала, не спрабавала нічога высветліць. Яна толькі прысутнічала, час ад часу танцавала, а потым здавалася, што плыве між натоўпу марыянетак і карыкатур, нібы ціхі, прыгожы, невялічкі карабель… Часам усміхалася мне.

Млявасць начных рэстаранаў пафарбавала сцены і твары ў шэра-жоўты колер, быццам іх заплямілі брудныя рукі. Музыка, здавалася, гучала з-пад шклянога каўпака. Лысы піў каву. Жанчына з рукамі-яшчаркамі тупа ўзіралася ў адну кропку. Броер купіў у зморанай жанчыны ружы і падзяліў іх паміж Пат і тымі дзвюма. На пялёстках гарэлі маленькія празрыстыя кропелькі вады.

— Давай патанцуем з табой хоць адзін раз, — сказала мне Пат.

— Не, — сказаў я і падумаў пра рукі, якія сёння ўжо дакраналіся да яе. — Не, — і адчуў сябе даволі смешным і вартым жалю.

— Патанцуем, — сказала яна, і вочы ў яе пацямнелі.

— Не, — запярэчыў я, — не, Пат.

Нарэшце мы пайшлі дадому.

— Я падвязу вас, — сказаў мне Броер.

— Добра.

У яго машыне была коўдра, якую ён накінуў Пат на ногі. Раптам я заўважыў, што яна вельмі бледная і змораная. Жанчына, з якой мы сядзелі каля стойкі бара, на развітанне сунула мне ў рукі запіску. Я, як нічога ніякага, сеў у машыну. Па дарозе я пазіраў у акно.

Пат сядзела ў кутку і не варушылася. Я нават не чуў яе дыхання. Броер павёз спачатку яе. Ён ведаў, дзе яна жыве, і не пытаўся. Яна вылезла. Броер пацалаваў ёй руку.

— Дабранач, — сказаў я, не гледзячы на яе.

— Дзе вас высадзіць? — спытаў мяне Броер.

— На наступным рагу, — сказаў я.

— Я завязу вас дадому, — адказаў ён занадта паспешліва і ветліва.

Ён баяўся, што я вярнуся. Я падумаў, ці не заехаць яму ў нюхаўку. Але ён быў мне абыякавы.

— Добра, тады падвязіце мяне да бара Фрэдзі, — сказаў я.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: