Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
— Павінны, — сказаў Кёстэр. — А чаму?
— Ды не, проста так…
Мы ўсталі і пайшлі дадому.
— Сёння са мной нешта не так, Ота, — сказаў я.
— З кожным бывае… Дабранач, Робі.
— Дабранач, Ота.
У пакоі я яшчэ крыху пасядзеў. Гэта будка раптам перастала мне падабацца. Люстра была агідная, свяціла занадта ярка, крэслы — пацёртыя, лінолеум жахліва бляклы, умывальнік, ложак, над ім карціна пра бітву пад Ватэрлоа — сюды ж нельга запрасіць прыстойнага чалавека, падумалася. Жанчыну тым больш не запросіш. У лепшым разе — прастытутку з «Інтэрнацыяналя».
ІІІ
У аўторак раніцай мы сядзелі ў двары нашай майстэрні і снедалі. «Кадзілак» быў гатовы. Ленц з лістком паперы ў руцэ пераможна пазіраў на нас. Ён у нас быў адказны за рэкламу і толькі што зачытаў нам з Кёстэрам аб'яву аб продажы машыны, якую толькі што напісаў. Яна пачынался са слоў: «Водпуск у паўднёвых краях на шыкоўнай машыне!» Гэта было нешта сярэдняе паміж вершам і гімнам.
Мы з Кёстэрам хвілінку памаўчалі. Нам трэба было спачатку крыху ачомацца ад гэтай бурлівай плыні шматфарбнай фантазіі. Ленц вырашыў, што пакарыў нас.
— Ёсць і паэзія, і бляск, праўда? — з гонарам спытаў ён. — У век дзелавітасці трэба быць рамантычным, у гэтым фокус. Процілегласці прыцягваюцца.
— Толькі не ў грашовых справах, — запярэчыў я.
— Аўтамабілі купляюць не на тое, каб укласці грошы, хлопчык, — заявіў Готфрыд, не пагаджаючыся. — Іх купляюць, каб пазбавіцца грошай. І вось тут пачынаецца рамантыка, ва ўсякім разе для камерсанта. У большасці з іх яна нават на тым і канчаецца. Як думаеш, Ота?
— Ты ведаеш… — асцярожна пачаў Кёстэр.
— Што тут доўга гаварыць, — перабіў я яго. — Гэта — рэклама курорта альбо эліксіру прыгажосці, але не аўтамабіля.
Ленц хацеў нешта сказаць.
— Хвілінку. Ты лічыш, што мы прыдзіраемся, Готфрыд. У мяне ёсць прапанова: давайце спытаем у Юпа. Вось дзе голас народа!
Юп быў наш адзіны падсобнік. Гэта быў падлетак пятнаццаці год — накшталт вучня. Ён абслугоўваў заправачную калонку, прыносіў нам сняданак, а ўвечары займаўся ўборкай. Ён быў малы, рабацінневы. Большых вушэй, чым у яго, я яшчэ не бачыў. Кёстэр кажа: калі б Юп упаў з самалёта, з ім нічога не здарылася б. Ён лёгка спусціўся б на зямлю на вушах, як на парашуце. Мы паклікалі яго. Ленц прачытаў яму рэкламу.
— Ты зацікавіўся б такой машынай, Юп? — спытаў Кёстэр.
— Машынай? — перапытаў Юп.
Я засмяяўся.
— Вядома, машынай, — буркнуў Готфрыд. — А ты думаў, што конікам-дзёгцікам?
— А ў ёй ёсць хуткасць, кулачковы вал верхняга кіравання і гідраўлічны тормаз? — спытаўся Юп спакойна.
— Авечая галава, гэта ж наш «кадзілак», — гыркнуў Ленц.
— Не можа быць, — усумніўся Юп і вышчарыўся на ўвесь рот.
— Бачыш, Готфрыд, — сказаў Кёстэр. — Вось яна — сённяшняя рамантыка.
— Каціся зноў да сваёй калонкі, Юп, пракляты сын дваццатага стагоддзя.
Ленц у сапсаваным настроі знік у майстэрні, каб, не адмаўляючыся ад паэтычнай узнёсласці, надаць аб'яве крыху тэхнічнай канкрэтыкі.
Праз некалькі хвілін у дзвярах раптам з'явіўся старшы інспектар Барзіг. Мы сустрэлі яго вельмі пачціва. Ён быў інжынер і эксперт страховачнага таварыства «Фенікс», вельмі ўплывовы чалавек пры атрыманні заказаў на рамонт. У нас з ім былі выдатныя адносіны. Праўда, як інжынер ён быў сапраўдны д'ябал, які нічога не прапусціць, але як збіральнік матылькоў — хоць да раны прыкладай. У яго была вялікая калекцыя, і мы падаравалі яму аднойчы тоўстага матыля, які ноччу заляцеў у нашу майстэрню. Калі мы ўручылі яму гэтую жывёліну, Барзіг збялеў і набыў урачыстасць. Гэта быў матыль «мёртвая галава» — незвычайная рэдкасць, якой якраз не хапала яго калекцыі. Ён нам гэтага ніколі не забываў і забяспечваў нас з той пары рамонтнымі работамі пры першай жа магчымасці. А мы яму лавілі ўсялякіх матылёў.
— Чарачку вермуту, пан Барзіг? — спытаў Ленц, які зноў аказаўся каля нас.
— Днём не п'ю. Жалезны прынцып.
— Прынцыпы трэба парушаць, інакш ад іх ніякай радасці, — заявіў Готфрыд і наліў. — За шчаслівую будучыню «паўлінавага вока» і «жамчужніцы»!
Барзіг нейкі час вагаўся.
— Калі вы так просіце, не магу адмовіцца, — сказаў ён і падняў чарку. — Але тады вып'ем і за маленькія «бычыныя вочкі».
Ён сарамліва заўсміхаўся, быццам выказаў штосьці непрыстойнае пра жанчыну.
— Я, каб ведалі, адкрыў новы від. Са шчаціністымі вусікамі.
— Хто б мог падумаць! — сказаў Ленц. — Малайцом! Тады вы вынаходца і ваша імя ўвойдзе ў гісторыю прыродазнаўства.
Мы выпілі па чарцы за шчаціністыя вусікі. Барзіг выцер вусы.
— Я да вас з добрай навіной. Можаце забраць «форд». Дырэкцыя зацвердзіла — вы робіце рамонт.
— Цудоўна, — сказаў Кёстэр. — Нам гэта вельмі дарэчы. А як справы з нашым каштарысам?
— Таксама зацверджаны.
— Без скарачэнняў?