Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Змрочныя часы! — Готфрыд ускінуў бровы, — Ну, тады ты сёння, пэўна, не вельмі спяшаешся, га?

— Не, а чаму?

— Можаш мяне крыху падвезці?

— Добра. — Мы селі ў машыну. — А куды ты? — спытаў я.

— Да сабора.

— Што? — спытаў я. — Ці не памыліўся я? Я правільна пачуў: «сабор»?

— Не, сынок, ты не памыліўся. Правільна: сабор.

Я ў здзіўленні паглядзеў на яго.

— Не здзіўляйся, паехалі, — сказаў Готфрыд.

— Ну добра.

Мы паехалі.

Сабор быў у старой частцы горада, на саборнай плошчы, акружанай дамамі духавенства. Я спыніўся перад брамай.

— Паехалі далей, — сказаў Готфрыд. — З другога боку.

Ён сказаў мне спыніцца каля маленькага ўвахода з другога боку і выйшаў.

— Усяго найлепшага, — сказаў я. — Здаецца, ты вырашыў паспавядацца.

— Пайшлі, — прапанаваў ён.

Я засмяяўся.

— Не сёння. Раніцай я ўжо маліўся. Мне хопіць на ўвесь дзень.

— Не пляці глупства, малы. Буду велікадушны і штосьці пакажу табе. Пайшлі.

Я з цікаўнасцю пайшоў за ім. Мы прайшлі праз вузенькія дзверы і ўвайшлі ў крытую манастырскую галерэю. Яна ўтварала вялікі чатырохкутнік з доўгіх радоў арак, якія падтрымліваліся з сярэдзіны шэрымі гранітнымі калонамі, адгароджваючы садок. Усярэдзіне ўзвышаўся вялікі выветраны крыж з распяццем Хрыста. Па баках каменныя барэльефы з выявамі пакутнага шляху. Перад кожным барэльефам стаяла старая лаўка. Сад здзічэў. Цяпер ён буйна расцвіў.

Готфрыд паказаў на некалькі вялізных кустоў белых і чырвоных ружаў.

— Вось што я хацеў паказаць табе. Пазнаеш?

Я спыніўся ў здзіўленні.

— Вядома, пазнаю, — сказаў я. — Дык вось адкуль ты іх сцібрыў, стары царкоўны рабаўнік!

Пат тыдзень назад пераехала да фраў Залеўскі, і Ленц прыслаў ёй вечарам праз Юпа вялізны букет ружаў. Кветак было так шмат, што Юп два разы спускаўся ўніз і вяртаўся з ахапкам ружаў. Я ламаў сабе галаву, дзе Готфрыд іх узяў: я ведаў яго прынцып — ніколі не купляць кветак. На гарадскіх клумбах я такіх не бачыў.

— Выдатная ідэя, — пахваліў я. — Разумная галава дадумалася!

— Гэты сад — сапраўдны скарб. — Ён урачыста паклаў мне руку на плячо. — Бяру цябе ў долю. Думаю, табе менавіта цяпер гэта патрэбна. Бо гарадскія клумбы ўжо апусцелі. А яны ж дагэтуль былі добрым папасам, так?

Я кіўнуў.

— Акрамя таго, — працягваў Готфрыд, — ты цяпер уваходзіш у пару, калі выразна праяўляецца розніца паміж буржуа і кавалерам. Буржуа, чым больш знаёмы з дамай, тым больш няўважлівы да яе. А кавалер — усё больш уважлівы. — Ён зрабіў шырокі жэст. — А з такімі ружамі ты можаш стаць непараўнальным кавалерам.

Я засмяяўся.

— Усё вельмі добра, Готфрыд, — сказаў я. — А што рабіць, калі зловяць? Адсюль цяжка ўцячы, а набожныя людзі назавуць такі ўчынак апаганеннем святых месцаў.

— Даражэнькі, — адказаў Ленц, — ці бачыш ты тут каго? Пасля вайны людзі ходзяць на палітычныя сходы, а не ў царкву.

Так і было.

— А як быць з пастарамі? — спытаў я.

— Пастарам мала спраў да кветак, інакш сад быў бы лепш дагледжаны. І божанька парадуецца, калі ты некаму зробіш дабро. Ён такі.

— Ты маеш рацыю! — Я ўважліва паглядзеў на вялізныя старыя кусты. — На некалькі тыдняў я забяспечаны, Готфрыд.

— Хопіць надоўга. Табе пашанцавала. Гэта ўстойлівы гатунак, які цвіце позна. Хопіць да верасня. А тады з'явяцца астры і хрызантэмы. Пайшлі, я іх зараз пакажу табе.

Мы пайшлі праз сад. Ружы пахлі хмельна. У кветках гудзеў рой пчол.

— Ты толькі паглядзі, — сказаў я і спыніўся. — Адкуль яны? У цэнтры горада… Паблізу ж няма нідзе пчэльніка. Альбо ты думаеш, што пастары парастаўлялі вуллі на дахах?

— Не, брат, — адказаў Ленц. — Яны, я ўпэўнены, прылятаюць з сялянскай сядзібы. Проста яны ведаюць дарогу. — Ён падміргнуў. — А мы?

Я паціснуў плячыма.

— Мусіць, ведаем. Хоць крышку. Столькі, колькі можна. А ты не ведаеш?

— Не. І ведаць не хачу. Мэта робіць цябе нявольнікам жыцця.

Я зірнуў уверх на вежу сабора. Яна вылучалася шаўкавіста-зялёным сілуэтам на фоне блакітнага неба, бясконца старая і спакойная, вакол якой кружыліся ластаўкі.

— Як тут ціха! — сказаў я.

Ленц кіўнуў.

— Так, дарагі мой, тут адчуваеш, што табе толькі часу не хапала, каб стаць добрым чалавекам. Праўда?

— Часу і спакою, — адказаў я. — І спакою.

Ён засмяяўся.

— Запозна! Мы дажылі да таго, што спакою не вытрымалі б! Дык пайшлі! Назад — у вір!

Я высадзіў Готфрыда і вярнуўся на стаянку. Я праязджаў міма могілак. Я ведаў, што Пат зараз ляжыць у шэзлонгу на балконе. Я пасігналіў. Але ніхто не падаў знаку, і я паехаў далей. Затое, крыху праехаўшы, я ўбачыў фраў Хасэ. Яна, апранутая ў нейкую накідку з шаўковай тафты, ішла па вуліцы, а потым знікла за рогам. Я паехаў за ёй, каб спытаць, ці не падвезці яе. Але калі я пад'ехаў да скрыжавання, то ўбачыў, што яна садзіцца ў машыну, якая спынілася за рогам вуліцы. Гэта быў заезджаны «мерседэс» вытворчасці 1923 года. Ён хутка ад'ехаў. За рулём сядзеў чалавек з носам, падобным да качынай дзюбы. На ім быў стракаты касцюм у клетку. Я даволі доўга глядзеў услед машыне. Вось што атрымліваецца, калі жанчына ўвесь час сядзіць адна дома. У роздуме я накіраваўся да стаянкі і заняў сваю чаргу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: