Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Тысяча сто, — прагугніў ён і заміргаў нам. Калі б у яго было яшчэ адно вока на задніцы, ён міргаў бы і ім.

— Тысяча пяцьсот, — сказаў Кёстэр.

Аўкцыёншчыка ахапіў азарт. Ён прытанцоўваў, як дырыжор, трымаючы ў руцэ малаток. Тут у ход пайшлі не дзве-тры маркі, а зусім іншыя лічбы.

— Тысяча пяцьсот дзесяць, — заявіў успацелы Гвіда.

— Тысяча васемсот, — сказаў Кёстэр.

Гвіда пакруціў пальцам каля лба і здаўся.

Аўкцыёншчык падскочыў. Я раптам падумаў пра Пат.

— Тысяча восемсот пяцьдзесят, — сказаў я нечакана для самога сябе.

Кёстэр здзіўлена павярнуў галаву.

— Пяцьдзесят я дадаю ад сябе, — хутка прамовіў я. — Для… надзейнасці…

Ён кіўнуў.

Аўкцыёншчык стукнуў малатком — машына наша. Кёстэр адразу заплаціў.

— Дзіўна! — сказаў Гвіда, які не мог пайсці проста так і наблізіўся да нас, быццам нічога не здарылася.

— Можна было набыць гэтую скрыню за тысячу марак. Трэцяга мы пасадзілі б адразу.

— З богам, каханы! — прагучаў металёвы голас за яго спіной. Настала чарга папугая ў пазалочанай клетцы.

— Смаркач, — дадаў я.

Гвіда паціснуў плячыма і знік.

Я падышоў да былога гаспадара машыны. Цяпер побач з ім стаяла жанчына з бледным тварам.

— Так… — сказаў я.

— Ведаю… — адказаў ён.

— Нам не хацелася гэтага рабіць, — сказаў я. — Але вы атрымалі б тады менш.

Ён кіўнуў, не ведаючы, што рабіць з рукамі.

— Машына добрая, — раптам сказаў ён хутка, спяшаючыся, — машына добрая, яна вартая гэтых грошай, напэўна, вы не пераплацілі, справа была не ў машыне, зусім — не, справа ў тым…

— Я ведаю, — сказаў я.

— Гэтымі грашыма мы не пакарыстаемся, — сказала жанчына. — Усё аддадзім.

— Будуць яшчэ, маці, — сказаў мужчына. — Будуць яшчэ.

Жанчына нічога не адказала.

— Пры пераключэнні з першай на другую хуткасць крыху скрыгоча, — сказаў мужчына. — Але гэта не дэфект. Яна і новая скрыгатала.

Ён гаварыў нібы пра малое дзіця.

— Яна ў нас ужо тры гады, і ніколі нічога. Справа ў тым, што спачатку я захварэў, а потым мяне падкузьмілі… адзін сябра…

— Нягоднік, — сказала жанчына жорстка.

— Пакінь, маці, — сказаў чалавек і зірнуў на яе. — Я яшчэ ачомаюся. Не верыш, маці?

Жанчына не адказала. Мужчына ўзмакрэў ад поту.

— Дайце мне свой адрас, — сказаў Кёстэр. — Магчыма, нам спатрэбіцца шафёр.

Мужчына старанна пісаў цяжкімі працавітымі рукамі. Я зірнуў на Кёстэра. Мы абодва ведалі, што толькі цуд мог дапамагчы. А цудаў даўно няма. Цуд мог толькі дабіць.

Чалавек усё гаварыў і гаварыў, як у ліхаманцы. Аўкцыён закончыўся. Мы адны засталіся ў двары. Ён даваў нам парады, як лепш заводзіць машыну зімой. Ён увесь час кранаў яе. Потым замоўк.

— Ну, хадзем, Альберт, — сказала жанчына.

Мы паціснулі яму руку. Пачакалі, пакуль яны выйдуць. Потым мы запусцілі матор.

Праязджаючы па вуліцы, убачылі маленькую бабулю. Яна несла на руках клетку з папугаем, адбіваючыся ад дзяцей. Кёстэр спыніўся.

— Куды вам? — спытаў ён у яе.

— Ах ты, божа мой, у мяне грошай няма на таксі, — запярэчыла яна.

— І не трэба, — сказаў Ота. — Сёння ў мяне дзень нараджэння — катаю дарма.

Яна з недаверам прыціснула да сябе клетку.

— А пасля запатрабуеце…

Мы супакоілі яе, і яна села.

— Навошта вы купілі папугая, маці? — спытаў я, калі яна вылазіла.

— Для вечароў, — сказала яна. — Вы думаеце, што корм дарагі?

— Не, — сказаў я. — Але як гэта — для вечароў?

— Ён жа ўмее гаварыць, — адказала яна і паглядзела на мяне яснымі старэчымі вачыма. — Вось і будзе істота, якая гаворыць…

— Ах, вось як… — сказаў я.

Апоўдні прыйшоў булачнік, каб забраць свой «форд». Выгляд у яго быў шэры і засмучаны. Я быў адзін у двары.

— Вам колер падабаецца? — спытаў я.

— Сыдзе, — сказаў ён і нерашуча паглядзеў на машыну.

— Верх стаў вельмі прыгожы.

— Так…

Ён стаяў і, здавалася, не рашаўся паехаць. Я чакаў, што ён паспрабуе яшчэ нешта выцыганіць задарма — дамкрат, попельніцу ці нешта падобнае.

Ды было інакш. Нейкі час ён пасоп, потым паглядзеў на мяне сваімі набеглымі крывёй вачыма і сказаў:

— Як падумаеш… толькі некалькі тыдняў назад яна сядзела ў машыне жывая і здаровая…

Я вельмі здзівіўся, убачыўшы яго такога расчуленага, і падумаў, што жвавая чарнявая сцерва, з якой ён прыязджаў мінулы раз, ужо насаліла яму. Ад злосці людзі робяцца сентыментальнымі хутчэй, чым ад кахання.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: