Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
— Але не сёння! — заявіў Густаў. — Сёння ў мяне павінна быць цвёрдая рука. Я вечарам іду ў таварыства гуляць у кеглі. Паабяцай мне пайсці са мной калі-небудзь! Там бываюць выключна прыстойныя людзі, нават адзін паштовы обер-сакратар.
— Прыйду, — сказаў я. — Калі б там не было нават обер-сакратара.
За некалькі хвілін да шасці я вярнуўся ў майстэрню. Мяне чакаў Кёстэр.
— Сёння пад вечар тэлефанаваў Жафэ. Патэлефануй яму.
На хвіліну ў мяне заняло дыханне.
— Ён што-небудзь сказаў, Ота?
— Не, нічога асаблівага. Толькі тое, што ён прымае да пяці. Потым будзе ў бальніцы святой Даратэі. Значыць, тэлефануй туды.
— Добра.
Я пайшоў у кантору. Было цёпла і душна, але мяне калаціла, і слухаўка дрыжала ў маёй руцэ.
— Глупства, — сказаў я і цвёрда абапёрся локцем на стол.
Да Жафэ доўга не ўдавалася датэлефанавацца.
— У вас ёсць час?
— Ёсць.
— Тады зараз жа прыязджайце да мяне. Я тут буду яшчэ гадзіну.
Я хацеў спытаць, ці не здарылася нешта з Пат. Але не змог.
— Добра, — сказаў я. — Праз дзесяць хвілін буду.
Я павесіў слухаўку і адразу патэлефанаваў дадому. Слухаўку падняла служанка.
Я спытаў пра Пат.
— Не ведаю, ці ёсць яна, — буркліва прамовіла Фрыда. — Зараз гляну.
Я пачакаў. Галава мая быццам распухла і распалілася. Час цягнуўся бясконца. Потым я пачуў шоргат і голас Пат:
— Робі?
Я на хвіліну заплюшчыўся.
— Як справы, Пат?
— Добра. Я ўвесь час сядзела на балконе і чытала. Кніга хвалюючая.
— Значыць, хвалюючая… — сказаў я. — Цудоўна. Я хацеў толькі сказаць, што я сёння прыйду дамоў крыху пазней. Ты ўжо дачытала кнігу?
— Не, дачытала да сярэдзіны. Яшчэ хопіць на некалькі гадзін.
— Ну, да таго часу я вярнуся. А цяпер чытай…
Я нейкі час яшчэ пасядзеў. Потым устаў.
— Ота, — сказаў я, — можна ўзяць «Карла»?
— Вядома. Калі хочаш, і я паеду. Мне тут няма чаго рабіць.
— Няма патрэбы. Нічога страшнага. Я ўжо патэлефанаваў дадому.
«Якое святло! — падумаў я, калі «Карл» выскачыў на вуліцу. — Якое цудоўнае вячэрняе святло над дахамі! Якой асалодай напоўнена жыццё!»
Давялося некалькі хвілін пачакаць. Сястра завяла мяне ў маленькі пакойчык, дзе ляжалі старыя часопісы. На падаконніку стаяла некалькі вазонаў. Тут былі тыя ж самыя часопісы ў брудных вокладках і тыя ж самыя сумныя вазоны, якія можна ўбачыць толькі ў пачакальнях лекараў і ў бальніцах.
Прыйшоў Жафэ. Ён быў у беласнежным халаце, на якім яшчэ не разгладзіліся канты ад праса. Але калі ён прысеў каля мяне, я ўбачыў на ўнутраным баку правага рукава маленькую ярка-чырвоную плямку крыві… але гэтая маленькая плямка выклікала ў мяне большую прыгнечанасць, чым жмут прапітаных крывёю бінтоў. Мой аптымізм знік.
— Я абяцаў сказаць вам пра справы фраў Хольман, — сказаў Жафэ.
Я кіўнуў галавой і глянуў на стракаты плюшавы абрус. Я ўтаропіўся ў перапляценне шасцікутнікаў, і ў мяне з'явілася вар'яцкая надзея, што ўсё будзе добра, калі я толькі вытрываю і не міргну да наступных слоў Жафэ.
— Два гады назад яна правяла шэсць месяцаў у санаторыі. Вы гэта ведаеце?
— Не, — адказаў я, не адрываючы позірк ад абруса.
— Пасля таго стан палепшыўся. Я добра абслухаў яе. На гэтую зіму ёй трэба зноў паехаць туды. Ёй нельга заставацца тут у горадзе.
Я ўсё яшчэ ўзіраўся ў шасцікутнікі. Яны расплываліся і пачалі скакаць.
— Калі ехаць? — спытаў я.
— Увосень. Найпазней — у канцы кастрычніка.
— Гэта была невыпадковая кравацеча?
— Не.
Я ўзняў вочы.
— Відаць, не трэба казаць вам, — працягваў Жафэ, — што развіццё хваробы цяжка прадказаць. Год назад здавалася, што працэс спыніўся, наступіла інкаплюсацыя, і можна было падумаць, што ачаг закрыўся. Як працэс нечакана ўзнавіўся, так нечакана ён можа і спыніцца. Я кажу не проста так — гэтак бывае сапраўды. У маёй практыцы былі дзіўныя выпадкі выздараўлення.
— А пагоршання?
Ён зірнуў на мяне.
— Вядома, здаралася.
Ён пачаў тлумачыць мне дэталі. Абодва лёгкія былі пашкоджаны, правае менш, левае — больш. Потым ён перапыніў сябе і, пазваніўшы, выклікаў сястру.
— Прынясіце маю папку.
Сястра прынесла. Жафэ дастаў два вялікія здымкі. Ён зняў траскучыя канверты і паднёс здымкі да святла супроць акна.
— Так будзе лепш відаць. Гэта рэнтгенаўскія здымкі.
На празрыстай шэрай пласцінцы я ўбачыў пазваночнік, лапаткі, ключыцы, плечавыя суставы і палогія дугі скабаў. Але я бачыў і яшчэ штосьці — я бачыў шкілет. Цёмны і прывідны, ён вылучаўся з невыразных, пераплеценых ценяў здымка. Я бачыў шкілет Пат. Шкілет Пат.