Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
— Распраніце пінжакі і павяжыце сабе на шыю. Ці дазволіць дама?
— Лічу, што гэта нават неабходна, — сказала Пат.
Альфонс радасна заківаў галавой.
— Вы разумная жанчына, я ведаў. Ракаў трэба есці натхнёна. Без боязі, што пасадзіш пляму. — Ён усміхнуўся. — Вам я дам, вядома, штосьці больш элегантнае.
Кельнер Ганс прынёс бялюткі халат. Альфонс разгладзіў яго і дапамог ёй апрануцца.
— Вам да твару, — пахваліў ён.
— Моцна, моцна! — адказала яна і засмяялася.
— Рады, што вы гэта запомнілі, — сказаў Альфонс зычліва. — Цяплее на душы.
— Альфонс, — Готфрыд завязаў на вузел сурвэтку. Ззаду тырчалі два доўгія канцы. — Пакуль што мы напамінаем сабой наведнікаў цырульні.
— Зараз будзе інакш. Спачатку — крыху мастацтва.
Альфонс падышоў да патэфона. Грымнуў хор пілігрымаў з «Тангейзера». Мы слухалі моўчкі.
Як толькі адгучала апошняя нота, з кухні адчыніліся дзверы. Кельнер Ганс з'явіўся з міскай, велічынёй з дзіцячую ванначку. Ад ракаў, якімі яна была напоўнена, валіла пара.
Ён, сапучы, паставіў яе на стол.
— Прынясі і мне сурвэтку, — сказаў Альфонс.
— Ты будзеш з намі вячэраць, золатка? — усклікнуў Ленц. — Які гонар!
— Калі дама не мае нічога супроць?
— Наадварот, Альфонс!
Пат адсунула крыху сваё крэсла, і ён сеў каля яе.
— Мне прыемна будзе сядзець каля вас, — сказаў ён усхвалявана. — Я даволі спрытна ўмею разбіраць ракаў. Для дамы гэта занадта марудная справа.
Ён узяў з міскі рака і з неверагоднай хуткасцю пачаў разбіраць яго ёй. Сваімі вялізнымі рукамі ён спраўляўся так шпарка і элегантна, што ёй нічога больш не заставалася, як толькі есці тое, што ён так апетытна падаваў ёй з відэльца.
— Смачна? — спытаў ён.
— Шыкоўна! — Яна падняла чарку. — За ваша здароўе, Альфонс.
Альфонс урачыста чокнуўся з ёю і паволі выпіў. Я зірнуў на яе.
Лепш бы яна выпіла чагосьці безалкагольнага. Яна адчула мой позірк.
— Салют, Робі, — сказала яна.
Яна была чароўна-прыгожая, уся радасна свяцілася.
— Салют, Пат, — сказаў я і апаражніў сваю чарку.
— Як тут цудоўна, праўда? — спытала яна, гледзячы ўсё яшчэ на мяне.
— Выдатна! — Я наліў сабе. — Будзь здарова, Пат.
Яе твар на момант прасвятлеў.
— Будзь здароў, Робі. Будзь здароў, Готфрыд.
Мы выпілі.
— Добрае віно, — сказаў Ленц.
— Леташні «Граахскі Абтсбэрг», — растлумачыў Альфонс. — Я рады, што ты ведаеш у ім смак.
Ён узяў з міскі другога рака і працягнуў Пат раскрытую клюшню.
Яна адмовілася.
— З'ешце яго самі, Альфонс. А то вам нічога не дастанецца.
— Ну добра. — Яна ўзяла. Альфонс аж свяціўся ад задавальнення і частаваў яе. Здавалася, быццам старая вялізная сава корміць маленькае белае птушаня.
На адыход мы ўсе разам выпілі яшчэ па «Напалеону» і пачалі развітвацца з Альфонсам. Пат была шчаслівая.
— Цудоўна! — сказала яна. — Я ўдзячная вам ад душы, Альфонс. Сапраўды, усё было цудоўна! — Яна падала яму руку. Альфонс нешта прамармытаў і пацалаваў яе ў руку. У Ленца ад здзіўлення ледзь вочы не выкаціліся з вачніц.
— Прыходзьце, — сказаў Альфонс. — І ты, Готфрыд.
На вуліцы пад ліхтаром стаяў «сітраэн», маленькі і пакінуты.
— О, — вымавіла Пат і спынілася. Яе твар перасмыкнуўся.
— За яго сілу я ахрысціў яго сёння Геркулесам. — Готфрыд падняў верх. — Завезці вас дадому?
— Не, — сказала Пат.
— Я так і думаў. Куды паедзем?
— У бар. Ці паедзем, Робі? — яна павярнулася да мяне.
— Вядома, — сказаў я. — Вядома, мы паедзем яшчэ ў бар.
Мы вельмі павольна паехалі па вуліцах. Было цёпла і светла. Перад кавярняй сядзелі людзі. Іграла музыка. Пат сядзела побач са мной. Я раптам не змог уявіць сабе, што яна сапраўды хворая, мне зрабілася горача. На хвіліну я ўявіў, што яна здаровая.
У бары мы сустрэлі Фердынанда і Валянціна. Фердынанд быў у выдатным настроі. Ён устаў і пайшоў насустрач Пат.
— Дыяна! — сказаў ён. — Вярнулася з лясоў…
Яна ўсміхалася. Ён абняў яе за плечы.
— Загарэлая, адважная паляўнічая з сярэбраным лукам… што мы вып'ем?
Готфрыд плячом адціснуў Фердынанда.
— Узнёслыя людзі не ведаюць меры, — сказаў ён. — Даму суправаджаюць два кавалеры, ты, відаць, гэтага не заўважыў, стары зубр.
— Рамантыкі — толькі світа, а не суправаджэнне, — заявіў бязлітасна Граў.