Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Ці не звар'яцеў ты? — спытаў Густаў.

— Не.

— Дзесяць марак на гэтую здыхляціну. Яе ўжо даўно варта пусціць на каўбасу.

«Старанная Лізхен», які толькі што абазваў Густава жывадзёрам, цяпер падтрымаў яго:

— Во дае! Ставіць на Сінюю Гадзіну! Чалавек! Гэта ж карова, а не конь! Майскі Сон абгоніць яе на дзвюх нагах, толькі так! Ставіце на першае месца?

Білінг заклінальным позіркам глянуў на мяне. Ён рабіў мне знакі.

— На першае, — сказаў я.

— Заказвай труну, — з пагардай параіў «Старанная Лізхен».

— Дзівак! — Густаў таксама глядзеў на мяне, як на нейкага гатэнтота. — На Гірсі стаў… тут ясна і немаўляці.

— Як сказаў, так і будзе: стаўлю на Сінюю Гадзіну.

Цяпер я ўжо не мог змяніць рашэння — гэта было б супроць усякіх правілаў.

Мужчына ў фіялетавай сарочцы перадаў мне квіток. Густаў і «Старанная Лізхен» разглядалі мяне як хворага на чуму. Яны відавочна адсунуліся ад мяне і падаліся да стойкі, каб там, гучна смеючыся адзін з аднаго, але і не хаваючы ўзаемапавагі спецыялістаў, паставіць на Гірсі і Майскі Сон.

У гэты час з ног зваліўся адзін са зняможаных дваіх, што стаялі каля пярэдніх сталоў. Ён ссунуўся па сцяне і гулка стукнуўся аб дол. Два паштовыя чыноўнікі паставілі яго на ногі, а потым пасадзілі на крэсла. Яго твар зрабіўся бледна-шэры. Рот разявіўся.

— А божа! — сказала адна з прастытутак, поўная смуглявая жанчына з гладкай прычоскай і нізкім ілбом. — Прынясіце хто-небудзь кубак вады.

Я здзівіўся, што мала хто звярнуў увагу на непрытомнага. Большасць прысутных толькі зірнулі на яго і зноў засяродзіліся на скачках.

— Гэта здараецца часта, — сказаў Густаў. — Беспрацоўныя. Прайграюць апошні пфеніг. Спадзяюцца на буйныя выйгрышы, ставяць дзесяць, чакаюць тысячу.

Фурман прынёс з кіёска шклянку вады. Чарнявая прастытутка памачыла ў ёй сваю хусцінку і стала церці чалавеку лоб і скроні. Ён уздыхнуў і раптам расплюшчыў вочы. У гэтым было штосьці жудаснае: зусім нежывы твар і гэтыя шырока раскрытыя вочы, як быццам праз дзіркі застылай шэрай маскі з халоднай цікавасцю пазірала нейкая іншая невядомая істота.

Дзяўчына ўзяла шклянку вады і дала яму піць. Пры гэтым яна трымала яго, як малога, за руку. Потым узяла булачку са стала флегматычнага абжоры з прычоскай, як у вожыка…

— На, еш… але памалу, памалу… Не адкусі мне палец… Так, а цяпер папі зноў…

Мужчына за сталом скоса прасачыў за сваёй булачкай, але нічога не сказаў. Хворы паступова ачуняў. Ён яшчэ нейкі час жаваў, потым з цяжкасцю ўзняўся. Дзяўчына падвяла яго да дзвярэй. Потым яна хуценька азірнулася і адчыніла сумачку.

— Вось, вазьмі… і валі адсюль. Лепей пад'еш… а не гуляй на скачках…

Адзін з сутэнёраў, які ўвесь час стаяў спінай да яе, павярнуўся. У яго быў твар птушкі-драпежніка. На галаве з вялікімі вушамі была надзета спартовая шапачка, на нагах — лакіраваныя туфлі.

— Што ты яму дала?

— Дзесяць пфенігаў.

Ён штурхнуў яе локцем у грудзі.

— Відаць, больш… Іншы раз спытаеш у мяне…

— Кінь, Эдэ, — сказаў другі.

Прастытутка падфарбавала вусны.

— Я ж маю рацыю, — сказаў Эдэ.

Прастытутка нічога не адказала.

Зазваніў тэлефон. Я назіраў за Эдэ і не звярнуў увагі на званок.

— Вось гэта шанцуе! — раптам пачуў я гучны голас Густава. — Гэта ўжо не проста падвязло, гэта — падваліла! — Ён ляпнуў мяне па плячы. — Ты адхапіў сто восемдзесят марак, шчаслівы! Твой конік са смешнай мянушкай перамог!

— Ды няўжо? — спытаў я.

Мужчына з разжаванай цыгарай у зубах і ў шыкоўнай яркай сарочцы кісла кіўнуў і забраў у мяне квіток.

— Хто вам параіў?

— Я, — з жудасна пакорлівай усмешкай, гатовы на ўсё, паспешліва сказаў Білінг і з паклонамі прабіўся наперад. — Я, калі дазволіце… мае сувязі…

— Ну, ці ведаеш… — Шэф нават не зірнуў на яго і выплаціў мне грошы. На нейкі момант ва ўсім памяшканні ўсталявалася мёртвая цішыня. Усе глядзелі на мяне. Нават той, хто абыякава жаваў увесь час, падняў галаву.

Я схаваў грошы.

— Спыніцца! — шаптаў Білінг. — Спыніцца! — Твар яго пакрыўся чырвонымі плямамі. Я ўторкнуў яму ў руку дзесяць марак.

Густаў усміхаўся, штурхаючы мяне кулаком пад скабы.

— Вось бачыш! Што я табе казаў! Трэба толькі слухаць Густава, і будзеш заграбаць грошы лапатай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: