Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
— Добрая жанчына была, — працягваў ён, — душэўная. Ніколі нічога не патрабавала. Дзесяць гадоў хадзіла ў адным паліто. Блузкі і іншае шыла сабе сама. І дом вяла адна, без служанкі.
«Ага, — падумаў я. — Новенькая, відаць, нічога гэтага не робіць». Булачніку захацелася выгаварыцца. Ён расказаў, якая ашчадная была жонка. Было дзіўна, якім расчуленым зрабіў гэтага прапітага гуляку ўспамін пра зэканомленыя грошы. Яна нават не сфатаграфавалася ні разу, ёй здавалася гэта задорага. У яго засталася толькі картка з вяселля і некалькі «пяціхвілінак».
Гэта навяло мяне на думку.
— Вы можаце заказаць у мастака цудоўны партрэт вашай жонкі, — сказаў я. — Тады ў вас будзе памяць назаўсёды. Фатаграфіі з часам выцвітаюць. Я ведаю мастака — ён зробіць.
Я растлумачыў яму, чым займаецца Фердынанд Граў. Ён адразу з недаверам сказаў, што гэта, мусіць, вельмі дорага. Я супакоіў яго: калі я прывяду яго, то будзе скідка. Ён паспрабаваў адбаярыцца. Але я яго ўжо не выпусціў, заявіўшы: калі ён так любіць сваю жонку, то пра цану і гаварыць няма чаго. Нарэшце ён згадзіўся. Я патэлефанаваў Фердынанду Граў і расказаў яму пра ўсё. Потым мы з булачнікам паехалі па фотакарткі.
Чарнявая выскачыла з крамы нам насустрач. Яна забегала вакол «форда».
— Чырвоны колер выглядаў бы лепш, пупсік! Але ж ты мусіш, вядома, зрабіць па-свойму.
— Ну, перастань, — незадаволена сказаў Пупсік.
Мы пайшлі ў чысты пакой. Чарнявая не адстала. Яе жвавыя вочкі бачылі ўсё. Булачнік занерваваўся. Ён не хацеў пры ёй шукаць фотакарткі.
— Пакінь нас, — нарэшце сказаў ён груба.
Дэманстратыўна патрасаючы цыцкамі пад туга нацягнутым світэрам, яна выскачыла вон. Булачнік дастаў з зялёнага плюшавага альбома некалькі фотакартак і паказаў мне. Жонка — яшчэ нявеста — а побач ён з закручанымі ўверх вусамі. Тады яна яшчэ смяялася. На другой картцы яна, ужо схуднелая, спрацаваная, з баязлівымі вачыма, сядзела на крайку крэсла. Толькі дзве маленькія картачкі — і ўсё жыццё.
— Добра, — сказаў я. — Па іх ён намалюе.
Фердынанд Граў сустрэў нас у сурдуце. Выгляд у яго быў паважна-ўрачысты. Гэтага патрабаваў яго занятак. Ён ведаў, што для многіх, хто насіў жалобу, павага да іх болю была важней, чым сам боль.
На сценах майстэрні вісела некалькі салідных маляваных алеем партрэтаў у пазалочаных рамах, а пад імі — адпаведныя фатаграфіі. Кожны кліент мог такім чынам адразу ўбачыць, што можна зрабіць нават з выцвілай «пяціхвілінкі».
Фердынанд з булачнікам зрабілі абход, і ён спытаў таго, якая манера выканання яму больш падабаецца. Булачнік, у сваю чаргу, спытаў, ці залежаць цэны ад памераў. Фердынанд растлумачыў, што справа тут не ў квадратных метрах, а ў выкананні. Пасля гэтага булачніку больш за ўсё спадабаўся самы вялікі партрэт.
— У вас добры густ, — пахваліў Фердынанд, — гэта — партрэт прынцэсы Баргезэ. Цана — 800 марак. З рамай.
Булачнік уздыхнуў.
— А без рамы?
— Семсот дваццаць.
Булачнік даваў чатырыста марак. Фердынанд затрос ільвінай галавой.
— За чатырыста марак вы самае большае можаце атрымаць галаўны партрэт у профіль, а не паясны анфас. Тут жа ў два разы больш работы.
Булачнік разважыў, што хопіць галавы ў профіль. Фердынанд звярнуў яго ўвагу на абодва здымкі анфас. Па іх нават Тыцыян не зрабіў бы партрэта ў профіль. Булачніка кінула ў пот. Відаць было, што ён у адчаі з-за сваёй неабачлівасці, праяўленай тады яшчэ, калі фатаграфаваліся. Даводзілася прызнаць, што Фердынанд мае рацыю: анфас трэба было маляваць на паўтвару больш, чым у профіль. Больш высокая цана была апраўданая. Ён пакутна сумняваўся. Фердынанд пакуль што быў даволі стрыманы, цяпер пачаў пераконваць. Яго магутны бас прыцішана пракочваўся па майстэрні. Як спецыяліст я павінен быў заўважыць, што работу ён выконваў бездакорна. Булачнік неўзабаве спёкся, асабліва калі Фердынанд апісаў яму ўздзеянне такога шыкоўнага партрэта на незычлівых суседзяў.
— Добра, — сказаў ён, — але пры разліку наяўнымі — дзесяць адсоткаў скідкі.
— Згода, — адказаў Фердынанд, — дзесяць адсоткаў скідкі і задатак трыста марак на выдаткі — на фарбы і палатно.
Мы яшчэ крыху патаргаваліся, потым сышліся канчаткова. Пачалося абмеркаванне самога партрэта. Булачнік хацеў, каб на партрэце былі намаляваны жамчужныя пацеркі і залатая брошка з брыльянтам. На фотакартках іх не было відаць.
— Без сумнення, — заявіў Фердынанд, — каштоўнасці жонцы дамалюем. Было б найлепш, каб вы прынеслі іх на якую гадзінку сюды, тады яны атрымаліся б найбольш натуральна.
Булачнік зачырванеўся.
— У мяне іх ужо няма. Яны… яны ў родзічаў.
— Ах, вось як. Ну добра, абыдземся і без іх. Брошка была такая, як на гэтым партрэце?
Булачнік кіўнуў.
— Толькі меншая.
— Цудоўна. Тады зробім такую. Пацеркі нам увогуле не патрэбны — жэмчуг ёсць жэмчуг.
Булачнік з палёгкай уздыхнуў.
— А калі партрэт будзе гатовы?
— Праз шэсць тыдняў.
— Добра.
Булачнік развітаўся.
Мы з Фердынандам яшчэ нейкі час пасядзелі ў майстэрні ўдвух.
— Табе на гэта трэба шэсць тыдняў? — спытаў. я.
— Што ты. Чатыры-пяць дзён. Але ж я не магу сказаць пра гэта чалавеку — ён адразу зробіць падлікі, колькі я зараблю за адну гадзіну, і падлічыць, што яго падманулі. Шэсць тыдняў — і ён задаволены. Гэткая ж самая лухта і наконт партрэта прынцэсы Баргезэ. Такая ўжо людская натура, дарагі Робі. Калі б я сказаў яму, што гэта швачка, то партрэт здаўся б яму горшым. Між іншым, гэта ўжо шостая нябожчыца жонка, якая насіла такія ж каштоўнасці, як на тым партрэце. Вось табе гульня выпадку. Партрэт добрай Луізы Вольф служыць мне выдатнай рэкламай.