Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Гэта мае ўласныя рэчы, Робі. Кватэра раней належала маёй маці. Калі маці памерла, я здала яе, а сабе пакінула гэтыя два пакоі.

— Дык яна ўсё-такі твая? — спытаў я з палёгкай. — А падпалкоўнік Эгберт фон Хакэ жыве ў цябе на кватэры?

Яна пахітала галавой.

— Ужо не мая. Я не змагла ўтрымліваць яе. Я прадала астатнюю мэблю, а кватэру здала назусім. Цяпер я тут кватарантка. Але якая табе справа да старога Эгберта?

— Ніякай. У мяне проста натуральны страх перад паліцэйскімі і штабнымі афіцэрамі. Гэта ідзе яшчэ ад маёй вайсковай службы.

Яна засмяялася.

— Мой бацька таксама быў маёр.

— Маёр — гэта якраз мяжа, — адказаў я.

— Ты знаёмы са старым Хакэ? — спытала яна.

Мяне раптам ахапіла нядобрае прадчуванне.

— Ён нізкарослы, падцягнуты, з чырвоным тварам, сівымі вусамі і магутным голасам? Ён любіць шпацыраваць у гарадскім скверы?

— А! — яна зірнула на бэз, а потым са смехам перавяла позірк на мяне. — Не, ён высокі, з бледным тварам і ў рагавых акулярах.

— Тады мы з ім незнаёмыя.

— Хочаш пазнаёміцца? Будзеш прыемна ўражаны.

— Барані божа! Пакуль што мая кампанія — механікі ды кватаранты пані Залеўскі.

Пастукалі ў дзверы. Дзяўчына прывезла нізенькі столік на колцах. Тонкі белы фарфор, срэбны паднос з пірожнымі, другі — з неверагодна маленькімі бутэрбродамі. Сурвэткі, цыгарэты, чорт ведае што яшчэ — я глядзеў на ўсё, як баран на новыя вароты.

— Злітуйся, Пат, — сказаў я потым. — Усё як у кіно! Яшчэ на лесвіцы я заўважыў, што мы стаім на розных сацыяльных прыступках. Ты ж май на ўвазе, што я прывык есці з тлустай паперыны на падваконніку фраў Залёўскі, побач з верным прымусам. Злітуйся з жыхара беднага пансіёна, калі ён, небарака, магчыма, аберне кубачак.

Яна засмяялася.

— Гэтага нельга. Твой гонар спецыяліста па маторах не дазваляе. Ты павінен быць лоўкі. — Яна ўзялася за збаночак.

— Гарбаты ці кавы?

— Гарбаты ці кавы? А што — ёсць і тое, і тое?

— Ёсць. Глядзі!

— Цудоўна! Як у лепшых рэстаранах! Не хапае толькі музыкі.

Яна нахілілася і націснула на кнопку маленькага радыёпрыёмніка, якога я нават не заўважыў.

— Дык чаго табе наліць — гарбаты ці кавы?

— Кавы, голай кавы, Пат. Я — вясковец. А ты?

— Я вып'ю з табой кавы.

— А звычайна ты п'еш гарбату?

— Так.

— Я так і думаў.

— Я ўжо пачынаю прывыкаць да кавы. Пірожнага хочаш? Ці бутэрброд?

— Тое і тое, Пат. Трэба выкарыстаць магчымасці. Потым я яшчэ вып'ю гарбаты. Я павінен пакаштаваць усяго, што ў цябе ёсць.

Яна засмяялася і напоўніла мне талерку вышэй краёў. Я адмаўляўся.

— Хопіць, хопіць. Не забывай, што паблізу — падпалкоўнік. Вайскоўцы любяць, каб ніжнія чыны трымаліся меры.

— Толькі ў выпіўцы, Робі. Стары Эгберт сам вельмі любіць пірожнае з вяршкамі.

— І ў камфорце таксама, — запярэчыў я. — Некалі яны нас старанна адвучалі ад яго.

Я катаў столік туды-сюды. Ён спакушаў на гэта. Ён ездзіў на гумавых колцах па дыване бясшумна. Я агледзеўся. Усё тут было падабрана з густам.

— Так, Пат, — сказаў я. — Вось як жылі нашы продкі.

Яна засмяялася.

— Ну што ты прыдумляеш?

— Я не прыдумляю. Так было.

— Толькі выпадкова я зберагла гэтыя рэчы, Робі.

Я пахітаў галавой.

— Не выпадкова. І не пра рэчы гаворка. Галоўнае ў тым, што за імі. Грунтоўнасць. Ты гэтага не зразумееш. Зразумее толькі той, хто страціў гэта.

Яна паглядзела на мяне.

— Ты таксама мог бы ўсё гэта мець, калі б захацеў.

Я ўзяў яе за руку.

— Але я не хачу, Пат. Вось у чым справа. Тады я сам сабе здаваўся б прайдзісветам. Наш брат жыве заўсёды на знос. Так мы прывыклі, такі цяпер час.

— Гэта вельмі зручна.

Я засмяяўся.

— Магчыма. Але налі мне крыху гарбаты. Хачу пакаштаваць.

— Не, — сказала яна. — Будзем піць адно — каву. Але з'еш што-небудзь. На знос дык на знос.

— Цудоўная ідэя. Але ці не разлічвае Эгберт, палкі аматар пірожных, што нешта застанецца і яму?

— Магчыма. Але ён павінен разлічваць і на помсту ніжніх чыноў. Гэта якраз у духу часу. Еш спакойна ўсё і не думай пра яго.

Яе вочы гарэлі, яна была надзвычай прыгожая.

— Слухай, — сказаў я. — А ты ведаеш, калі перастаюць жыць да зносу — і не ад нечага шкадавання?

Яна не адказала, а толькі глядзела на мяне.

— Калі я з табой! — сказаў я. — А цяпер без страху і сумнення за зброю супроць Эгберта!

Раніцай я выпіў толькі кубак булёну ў шафёрскай забягалаўцы. Таму я мог без цяжкасці з'есці ўсё, што было на стале. Падбадзёраны словамі Пат, я выпіў таксама ўвесь збаночак кавы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: