Шрифт:
– Я папрасiў бы вас спачатку пастукаць у дзверы, а ўжо потым заходзiць у пакой, - сказаў ён з незвычайным раздражненнем, якое, вiдаць, iмгненна ўспыхвала ў iм з любой прычыны.
– Я пастукалася, але, магчыма...
– Можа, вы i стукалi. Але ў час маiх даследаванняў, - даследаванняў надзвычай важных i неабходных, - самае нязначнае... нават рыпенне дзвярэй... Я папрасiў бы вас...
– Вядома, судар. Калi вы жадаеце, вы можаце замыкаць дзверы на ключ. У любы час.
– Вельмi ўдачная думка!
– сказаў незнаёмец.
– Вось толькi гэтая салома, судар. Асмелюся заўважыць...
– Не трэба! Калi салома вас турбуе, запiшыце яе на мой рахунак.
– I ён прамармытаў сам сабе штосьцi вельмi падобнае на лаянку.
Ён стаяў перад гаспадыняй з ваяўнiчым i раздражнёным выглядам, трымаючы ў адной руцэ бутэльку, а ў другой прабiрку, i ўсё яго аблiчча было такое дзiўнае, што мiсiс Хол збянтэжылася. Але яна была асоба рашучая.
– У такiм выпадку, - заявiла яна, - я хацела б ведаць, колькi вы мяркуеце...
– Шылiнг, пастаўце шылiнг. Я думаю, гэтага дастаткова?
– Добра, няхай так i будзе, - сказала мiсiс Хол, распачынаючы накрываць на стол.
– Канечне, калi вы згодны...
Незнаёмец павярнуўся i сеў спiной да яе. Увесь пасляабедзенны час ён працаваў, замкнуўшыся на ключ i, як сцвярджае мiсiс Хол, амаль у поўнай цiшынi. Толькi адзiн раз прагучаў трэск i звон шкла, як быццам хтосьцi штурхнуў стол i з размаху шпурнуў на падлогу бутэльку, а потым пачулiся паспешлiвыя крокi па дыване. Асцерагаючыся, што адбываецца нешта няладнае, гаспадыня падышла да дзвярэй i, затаiўшыся, пачала прыслухоўвацца.
– Нiчога не выйдзе!
– крычаў ён раз'юшана.
– Не выйдзе! Трыста тысяч, чатырыста тысяч! Гэта неверагодна! Абмануты! Усё жыццё пойдзе на гэта!... Цярпенне! Лёгка сказаць!.. Дурань, дурань!
Тут хтосьцi ўвайшоў у карчму, загрукалi цяжкiя боты па плiтках падлогi, i мiсiс Хол павiнна была, хочаш не хочаш, адступiць ад дзвярэй не даслухаўшы.
Калi яна вярнулася, у пакоi зноў было зусiм цiха, калi не лiчыць слабога скрыпу крэсла i пабразгвання бутэлькi. Вiдавочна, незнаёмец зноў прыняўся за работу.
Калi яна прынесла гарбату, то ўбачыла ў кутку пакоя, пад люстэркам, разбiтыя бутэлькi i залацiста-жоўтую нядбайна выцертую пляму. Яна звярнула на гэта ўвагу пастаяльца.
– Запiшыце ўсё гэта на мой рахунак, - агрызнуўся ён.
– Богам прашу, не перашкаджайце мне. Калi я чым-небудзь прыношу вам страту, стаўце ў рахунак.
– I ён зноў узяўся рабiць паметкi ў сшытку, якi ляжаў перад iм.
– Ведаеце, што я вам скажу, - таямнiча паведамiў Фiрэнсайд вечарам таго ж дня ў пiўной.
– Ну?
– спытаў Тэдзi Хенфры.
– Гэты чалавек, якога ўкусiў мой сабака... Ну, дык вось: чарнаскуры. Прынамсi, ногi ў яго чорныя. Я гэта заўважыў, калi сабака парваў яму штаны i пальчатку. Трэба было думаць, што скрозь дзiркi будзе вiдаць ружовае цела, праўда? Ну, а на самой справе нiчога падобнага. Адна толькi чарната. Пэўна вам кажу, ён такi ж чорны, як мой капялюш.
– Госпадзi памiлуй!
– усклiкнуў Хенфры.
– Вось дзiўны выпадак! А нос жа ў яго, што нi кажыце, ружовы.
– Так, - сказаў Фiрэнсайд.
– Гэта слушна. Толькi вось што я вам скажу, - хлопец гэты пярэсты: дзе чорны, а дзе белы, плямамi. I ён гэтага саромеецца. Ён накшталт нейкай помесi, а масцi, замест таго каб перамяшацца, пайшлi плямамi. Я i раней чуў аб такiх выпадках. У коней гэта бывае вельмi часта, спытай у каго хочаш.
Раздзел IV
МIСТЭР КАС БЯРЭ IНТЭРВ'Ю Ў НЕЗНАЁМЦА
Я так падрабязна распавядаў пра акалiчнасцi, што суправаджалi прыезд незнаёмца ў Айпiнг, для таго, каб чытач зразумеў усеагульную цiкаўнасць, якую выклiкала яго з'яўленне. Што ж датычыцца яго знаходжання там да знамянальнага дня клубнага свята, то на iм - за выключэннем двух дзiўных здарэнняў - можна доўга не спыняцца. Iншы раз надаралiся сутычкi з мiсiс Хол па гаспадарчых пытаннях, але з iх пастаялец заўсёды выходзiў пераможцам, адразу ж прапаноўваючы дадатковую плату, i так працягвалася да канца красавiка, калi ў яго сталi выяўляцца першыя прыкметы безграшоўя.
Хол недалюблiваў яго i пры любым спрыяльным выпадку паўтараў, што ад яго трэба пазбавiцца, але непрыязнасць гэта выяўлялася галоўным чынам у тым, што Хол стараўся пры магчымасцi пазбягаць сустрэчы з пастаяльцам.
– Пачакаем лета, - пераконвала мужа мiсiс Хол.
– Пачнуць з'язджацца мастакi, тады паглядзiм. Ён, канечне, нахабнiк, затое акуратна, разлiчваецца па рахунках, гэтага ў яго адняць нельга, што нi кажыце.
Пастаялец у царкву не хадзiў i не рабiў нiякай рознiцы памiж нядзеляй i буднямi, нават апранаўся заўсёды аднолькава. Працаваў ён, па думцы мiсiс Хол, вельмi нерэгулярна. У некаторыя днi ён спускаўся рана i доўга карпеў над сваiмi даследаваннямi. У другiя ж уставаў позна, хадзiў па пакоi, цэлымi гадзiнамi гучна бурчэў, курыў цi драмаў у крэсле каля камiна. Зносiн са знешнiм светам у яго не было нiякiх. Настрой яго па-ранейшаму быў надзвычай няроўны: больш за ўсё ён трымаў сябе, як чалавек, якi знаходзiцца ва ўладзе крайняга раздражнення, а разы два ў яго былi прыпадкi шалёнай злосцi, i ён кiдаў, рваў i ламаў усё, што траплялася пад руку. Прывычка яго размаўляць напаўголасу з самiм сабою ўсё ўзмацнялася, але мiсiс Хол нiчога не магла зразумець з гэтых мармытанняў, хаця i старалася падслухоўваць.