Шрифт:
Днём ён рэдка выходзiў з дому i прагульваўся толькi ў прыцемках, захутаны так, што яго твару нельга было разгледзець, - усё роўна, было на двары холадна, цi цёпла, i выбiраў для прагулак самыя зацiшныя сцяжынкi, зацененыя дрэвамi або агароджаныя насыпам. Яго цёмныя акуляры i страшны забiнтаваны твар пад шыракаполым капелюшом iншы раз палохалi ў цемры рабочых, якiя вярталiся дадому з работы; а Тэдзi Хенфры, якi выйшаў аднойчы, пахiстваючыся, з карчмы "Чырвоны камзол" у палавiне дзесятага вечара, ледзьве не памёр ад страху, калi ўбачыў пры святле з адчыненых дзвярэй падобную на чэрап галаву незнаёмца (той прагульваўся з капелюшом у руцэ). Дзецям, якiя бачылi яго ў прыцемку, ноччу снiлiся страшныя сны. Хлапчукi яго не маглi цярпець, ён iх - таксама, i цяжка сказаць, хто каго больш не любiў, але ва ўсякiм выпадку непрыязнасць была ўзаемная i вельмi вострая.
Няма нiчога дзiўнага, што чалавек такога страшэннага выгляду i такiх дзiўных паводзiн даваў багатую пажыву для размоў у Айпiнгу. Адносна характару яго заняткаў думкi разыходзiлiся. Мiсiс Хол у гэтым пункце была надта прынцыповая. На пытанне, чым ён займаецца, яна звычайна адказвала з вялiкай важнасцю, што ён праводзiць "эксперыментальныя даследваннi", - гэтыя словы яна вымаўляла павольна i асцярожна, быццам баялася спатыкнуцца. Калi ж у яе пыталiся, што гэта азначае, яна гаварыла з адценнем некаторай перавагi, маўляў, гэта вядома любому адукаванаму чалавеку, i паясняла: "Ён робiць розныя адкрыццi". З яе пастаяльцам надарыўся няшчасны выпадак, - расказвала яна, - i рукi i твар яго згубiлi свой натуральны колер; а ён як чалавек чуллiвы не можа паказвацца ў такiм выглядзе на людзях.
Але за спiной мiсiс Хол распаўсюджвалiся ўпартыя чуткi, што яе пастаялец - крымiнальны злачынца, якi хаваецца ад правасуддзя i стараецца з дапамогай свайго дзiўнага ўбору схавацца ад палiцыi. Упершыню гэтая здагадка ўзнiкла ў галаве мiстэра Тэдзi Хенфры. Дарэчы, нi пра якое больш-менш громкае злачынства, што магло надарыцца ў сярэдзiне цi канцы лютага, не было вядома. Таму мiстэр Гоўлд, школьны настаўнiк, некалькi змянiў гэтую здагадку: згодна з яго версiяй пастаялец мiсiс Хол быў анархiстам, займаўся вырабам выбуховых рэчываў; i ён вырашыў у свой вольны час сачыць за незнаёмцам. Сачэнне заключалася галоўным чынам у тым, што пры сустрэчах з незнаёмцам мiстэр Гоўлд глядзеў на яго вельмi пiльна i распытваў пра незнаёмца людзей, якiя нiколi яго не бачылi. Тым не менш мiстэру Гоўлду не ўдалося нiчога даведацца.
Было многа прыхiльнiкаў версii, якую прапанаваў Фiрэнсайд, што незнаёмец - пярэсты цi што-небудзь такое. Так, напрыклад, Сайлас Дэрган не раз казаў, што калi б незнаёмец адважыўся паказвацца на кiрмашы, то ён нажыў бы немалое багацце, нават спасылаўся на вядомы з Бiблii выпадак з чалавекам, якi закапаў свой талент у зямлю. Iншыя лiчылi, што незнаёмец пакутуе цiхiм вар'яцтвам. Гэтае сцвярджэнне мела перавагу, таму што адразу тлумачыла ўсё.
Акрамя стойкiх паслядоўнiкаў гэтых асноўных цячэнняў у грамадскай думцы Айпiнга, былi людзi, якiя сумнявалiся i маглi пайсцi на ўступкi.
Жыхары графства Сэсекс былi мала схiльны да забабонаў, i першыя здагадкi пра звышнатуральную сутнасць незнаёмца з'явiлiся толькi пасля красавiцкiх падзей, ды i то гэтаму паверылi адны жанчыны.
Але як бы там нi думалi пра незнаёмца некаторыя жыхары Айпiнга, непрыязь да яго была ўсеагульнай i аднадушнай. Яго раздражняльнасць, якую мог бы зразумець гараджанiн, якi займаецца разумовай працай, непрыемна ўражвала ўраўнаважаных сэсекскiх жыхароў. Злосная жэстыкуляцыя, iмклiвая паходка, гэтыя начныя прагулкi, калi ён нечакана ў цемры выскокваў з-за вугла ў самых цiхiх, бязлюдных месцах, няветлiвае спыненне ўсiх спробаў уцягнуць яго ў размову, захапленне поцемкамi, якое прымушала яго замыкаць дзверы, спускаць шторы, тушыць свечкi i лямпы - хто мог бы прымiрыцца з гэтым? Калi незнаёмец праходзiў па вулiцы, сустрэчныя саступалi ў бок, а за яго спiной мясцовыя жартаўнiкi, падняўшы каўнер палiто i апусцiўшы палi капелюша, iмiтавалi яго нервовую паходку i загадкавыя паводзiны. У той час карысталася папулярнасцю песенька "Чалавек-прывiд". Мiсiс Сэтчэл праспявала яе на канцэрце ў школе - збор пайшоў на пакупку лямпаў для царквы; потым, як толькi на вулiцы з'яўляўся незнаёмец, адразу ж хто-небудзь пачынаў насвiстваць - гучна цi цiха - матыў гэтай песенькi. Нават запозненыя дзецi, якiя спяшалiся вечарам дадому, крычалi яму ўслед: "Прывiд!" - i iмчалi далей, замiраючы ад страху i захаплення.
Кас, мясцовы ўрач, згараў ад цiкаўнасцi. Забiнтаваная галава выклiкала ў iм чыста прафесiйны iнтарэс; чуткi ж пра тысячу i адну бутэльку ўзбударажылi яго зайздросную павагу. Увесь красавiк i ўвесь травень ён старанна шукаў выпадак загаварыць з незнаёмцам, нарэшце не вытрымаў i напярэдаднi сёмухi вырашыў пайсцi да яго, выкарыстаўшы зручную прычыну: трэба было падпiсаць лiст на карысць сядзелкi мясцовай бальнiцы. Са здзiўленнем ён пераканаўся, што мiсiс Хол не ведае iмя свайго пастаяльца.
– Ён назваў сябе, - сказала мiсiс Хол (сцверджанне, пазбаўленае ўсякай падставы), - але я не дачула.
Ёй было няёмка прызнацца, што пастаялец i не думаў называць сябе.
Кас пастукаў у дзверы гасцiнай i ўвайшоў. Адтуль пачулася неразборлiвая лаянка.
– Прашу прабачэння за тое, што ўрываюся да вас, - прамовiў Кас, пасля чаго дзверы зачынiлiся i далейшай размовы мiсiс Хол ужо не чула.
На працягу дзесяцi хвiлiн да яе далятаў толькi няясны шум галасоў; затым пачуўся воклiч здзiўлення, шорганне ног, грохат адкiнутага стула, адрывiсты смех, хуткiя крокi, - i на парозе з'явiўся Кас; ён быў бледны i аглядваўся, вылупiўшы вочы. Не зачынiўшы за сабой дзверы i не зiрнуўшы на гаспадыню, ён прайшоў па калiдоры, спусцiўся з ганка i хутка закрочыў па вулiцы. Капялюш ён трымаў у руцэ. Мiсiс Хол зайшла за стойку, стараючыся зазiрнуць цераз адчыненыя дверы ў пакой пастаяльца. Яна пачула нягучны смех, потым крокi. Са свайго месца яна не магла ўбачыць яго твар. Потым дзверы гасцiнай зачынiлiся з трэскам i ўсё зацiхла. Кас накiраваўся проста да вiкарыя Банцiнга.
– Я звар'яцеў?
– вымавiў ён адрывiста, як толькi ўвайшоў у пыльны кабiнет вiкарыя.
– Я падобны на вар'ята?
– Што здарылася?
– спытаў вiкарый, кладучы ракавiну прэс-пап'е на разрозненыя аркушы сваёй чарговай пропаведзi.
– Гэты суб'ект, пастаялец Холаў...
– Ну?
– Дайце мне выпiць чаго-небудзь, - сказаў Кас i апусцiўся на стул.
Калi Кас некалькi заспакоiўся з дапамогай таннага херэса - другiх напiткаў у найдабрэйшага вiкарыя не бывала, - ён стаў расказваць пра сваю сустрэчу з незнаёмцам.