Шрифт:
«Падаруначак мой на дзень нараджэння, — шаптаў ён сам сабе, звыклы ад доўгай самоты размаўляць з сабою чорнымі, бясконцымі днямі. — Вось што мы жадаем зараз, так-с, вось што мы жадаем!»
Жадаў ён, бо пярсцёнак быў магутны і чароўны, і той, хто насуне яго на палец, рабіўся нябачны. Заўважыць можна было толькі цень, і тое ў зыркім сонечным святле, няясна ды цьмяна.
«Падаруначак мой! Дастаўся ён мне на дзень нараджэння, мая каштоўнассць», — так Глыкс казаў заўсёды сам сабе. Але хто ведае, як на самой справе здабыў Глыкс гэты падаруначак даўным-даўно, калі такія пярсцёнкі, кольцы, сыгнэты ды кляй-нодзікі яшчэ можна было знайсці ў гэтым свеце? Магчыма, і сам вярхоўны Ўладар, які гаспадарыў над кольцамі ў той час, не здолеў бы сказаць. Глыкс часцяком насіў пярсцёнак, пакуль не стаміўся ад яго, а потым цягаў яго ў кішэні, пакуль мазоль не нацёр, а апошнім часам звычайна хаваў яго ў дзірцы сярод камянёў на востраве і заўсёды вяртаўся паглядзець, як ён там. I час ад часу, калі Глыкс зусім ужо не мог без яго абыходзіцца ці калі рыба да смерці абрыдала, ён надзяваў пярсцёнак. I тады краўся ў цёмных праходах, шукаючы заблукалых гоблінаў. Нават адважваўся заходзіць у месцы, асветленыя паходнямі, ад якіх вочы слязіліся ды міргалі. I быў там у бяспецы — так, сапраўды так! Ніхто яго не бачыў, ніхто не мог заўважыць — пакуль не адчуваў пачварныя пальцы на ўласнай шыі. Некалькі гадзін таму Глыкс надзеў пярсцёнак і злавіў габлянятку. Як жа тое вішчэла! Добра, засталася яшчэ костачка-іншая, каб пагрызці перад сном, але ж хацелася і чаго-небудзь мякчэйшага.
— У бяспецы, у бяспецы, — шаптаў ён сам сабе. — Істота не пабачыць нас, ці так, мая каштоўнассць? Не, не пабачыць, і гідкі маленькі яго мячышка не дапаможа, так, не дапаможа-с!
Вось што было ў яго маленькай пачварнай галаве, калі ён раптам выслізнуў у цемру і пачапаў назад да чоўна, і знік. Більба здавалася, што назаўсёды. Аднак жа ён пачакаў крышачку — усё роўна ж невядома, як самому знайсці шлях.
Раптам ён гіачуў дзікі лямант — аж дрыжыкі па спіне пабеглі. Глыкс праклінаў і выў у цемры, і па гуках здавалася, непадалёк. Глыкс шамацеў і скрэбся там і сям, шукаў і перашукваў — і ўсё дарэмна.
— Дзе ён? Дзе ён? — чуў Більба лямант. — Ззгублены, ззгублены, мая каштоўнассць, ззгублены, ззгублены! Праклён на насс, трассца на насс, мая каштоўнассць, ззгублены!
— У чым справа? — крыкнуў Більба. — Што згубленае?
— Не трэба пытаць у насс! — правішчэў Глыкс. — Не яго справа, не яго, гллыксс! Ззгублены, гллыкс, гллыкс, гллыкс!!
— Я таксама, ведаеш, згубіўся, — пракрычаў Більба. — I хачу знайсціся! I я выйграў гульню, і ты паабяцаў! Пакажы мне шлях, а потым ідзі і шукай сабе!
Хоць Глыкс і цалкам разгубіўся, і надта няшчасна ляманта-ваў, ніякага жалю да яго Більба адшукаць у сабе не здолеў. Да таго ж падазраваў, што, калі Глыкс так шукае нешта — не для добрай справы, ох, не для добрай.
— Ходзь сюды! — пракрычаў хобіт.
— Не, не, мая каштоўнассць! — адказаў Глыкс. — Нам трэба шукаць, так-с, мы згубілі яго, гллыксс!
— Ну ты ж не адказаў на апошняе пытанне, і ты ж абяцаў, — сказаў Більба.
— Не адказаў! — гыркнуў Глыкс. Потым з цемры пачулася рэзкае шыпенне. — Шшто ў ісстоты ў кішшэнькахх? Няхай скажа нам! Ісстота павінна ссказаць!
Як Більба ведаў, нічога не забараняла яму сказаць. Але ж Глыксаў розум і без таго дайшоў да адгадкі — зразумела, Глыкс амаль што ўвесь час думаў пра пярсцёнак і баяўся яго згубіць. А Більба, які амаль сумленна выйграў гульню, ды з немалой рызыкаю, раззлаваны затрымкай ды нічога не падазраючы, сказаў: «Адказы самому трэба знаходзіць!»
— Пытанне было няправільнае, — сказаў Глыкс. — Не загадка зусім, мая каштоўнассць, не, звычайнае пытанне.
— Ну, калі справа ў звычайных пытаннях, — сказаў Більба, — тады я, перш за ўсё, і спытаю, што ж ты згубіў. Скажы-тка мне!
— Што ў істоты ў кішэнькахх? — шыпенне прагучала гучней і мацней, і, павярнуўшыся, да ўласнага непакою Більба ўбачыў дзве маленькія кропачкі святла, што пазіралі на яго з цемры. Падазрэнне расло ў Глыксавам розуме, і ў вачах яго запаліліся бледныя агеньчыкі.
— Дык што ж ты згубіў? — упарта перапытаў Більба.
Але святло ў Глыксавых вачах шуганула зялёным полымем і хутка набліжалася. Глыкс ужо сядзеў у чоўне і шалёна гроб да цёмнага берага. Так шаленства, злоба і жаль ад страты пярс-цёнка палалі ў ягоным сэрцы, што ніякі меч яму больш не быў страшны.
Што ж давяло да вар'яцтва няшчаснага пачварня, Більба і здагадацца не мог, аднак што набліжалася, было добра бачна. Абяцанне не абяцанне, а Глыкс відавочна намерыўся забіць яго. Якраз у патрэбны час хобіт павярнуўся і пабег назад па цёмным тунелі, па якім прыйшоў сюды, трымаючыся сцяны, мацаючы яе час ад часу левай рукой.
— Што ў істоты ў кішэнькахх? — пачуў ён гучнае шыпенне ззаду і ўсплеск — Глыкс скочыў з чоўна. «Што ж там, цікава мне?» — сказаў хобіт сам сабе, спатыкнуўшыся і з цяжкасцю пераводзячы дыханне. Ён сунуў руку ў кішэню. Пярсцёнак спакойна слізгануў на ягоны палец і падаўся вельмі халодным.
Шыпенне раздалося зусім блізка. Хобіт павярнуўся і ўбачыў Глыксавы вочы, як два зялёныя ліхтарыкі. Спужаўшыся, ён паспрабаваў бегчы хутчэй, але раптам зачапіўся нагою за вы-шчарбіну ў падлозе і пляснуўся, накрыўшы сабою свой маленькі меч.
У момант Глыкс апынуўся побач. Але не паспеў Більба зрабіць што-небудзь, перавесці дыханне, узняцца ці мячом махнуць, як пачварань прабег міма, шэпчучы праклёны. Хобіта ён не заўважыў.
Што б гэта значыла? Глыкс жа бачыў у цемры. Більба мог нават ззаду назіраць, як цьмянае святло яго вачэй ззяе праз чарнату. Скрывіўшыся ад болю, хобіт узняўся, сунуў у похвы меч, які зараз злёгку свяціўся, і вельмі асцярожна пакраўся следам за Глыксам. А што яшчэ было рабіць? Не вяртацца ж назад да Глыксавага возера. Можа, Глыкс куды-небудзь гэткім чынам і выведзе, сам таго не падазраючы.