Шрифт:
— Трассца, трассца, ліхаманка на яго, — шыпеў Глыкс. — Праклён Торбінссу. Ён ззгубіўсся! Што ў яго кішшэнькахх? О, мы ведаем, мы зздагадалісся, мая каштоўнассць! Ён знайшоў, так-с, напэўна, знайшоў. Мой падаруначак!
Більба навастрыў вушы. Нарэшце, ён і сам пачаў разумець. Крыху паскорыў крок, наблізіўся да Глыкса, наколькі адвага дазволіла. Той па-ранейшаму хутка рушыў, не азіраючыся, толькі паварочваючы галаву з боку ў бок, як Більба мог здагадацца па лёгкім ззянні на сценах.
— Мой падаруначак! Праклён, праклён! Як жа мы ззгубілі яго, як жа. Воссь тут, так! Тут мы прахходзілі, калі ззвярнулі шшыю таму гідкаму віззгляваму шшчанюку! Воссь тут! Трассца на яго! Ён высслізнуў ад нас пасля сстолькіх гадоў, сстолькіхх гадоў! Згубіўсся, гллыксс!
Раптам Глыкс сеў і заплакаў: жудасны гук са свістам і бульканнем — для слыху невыносна, страшна і агідна. Більба спыніўся і прыціснуўся да сцяны. Праз некаторы час Глыкс скончыў плакаць і пачаў размаўляць сам з сабою. Здавалася, ідзе спрэчка.
— Не трэба было іссці ссюды шукаць, не трэба. Мы ж не памятаем уссіх мессцаў, дзе былі. Няма карыссці тут. Яно ў кішэньцы ў Торбінсса. Пдкі пралаззун ззнайшоў яго, так-с, мы кажам.
— Толькі зздагадваемсся, зздагадваемсся. Пакуль не ззной-дзем маленькую пачварку ды не прыцісснем — толькі здагадва-емсся. Але ж яна не ведае, што ззнайшла, што падаруначак можа рабіць, так-с? Яна толькі трымае ў кішшэньцы. Яна не ведае і далёка не пройдзе. Ён ззаблукаў, гідкі паўззун-пралаззун. Ён не ведае выххаду. Ён ссам так каззаў.
— Казаў, але ці праўду казаў? Ісстота хітрая. Не гаворыць усяго. Не ссказала ж, што ў кішэньках. Яна ведае. I калі яна ведае шшлях ссюды, павінна ведаць і шшлях адссюль, так-с. Яна да задніх дзвярэй накіраваласся. Да задніх дзвярэй, вось так-сс.
— Гоблінссы яе ссхопяць. Тым шляхам яна не ўцячэ, мая каштоўнассць.
— С-с-с, гллыксс! Гоблінссы! Але ж калі ісстота мае падаруначак, наш найкаштоўнейшы падаруначак, то гобліннсы яго знойдуць! Знойдуць, вынайдуць, што ён можа. Мы ніколі не будзем у бясспецы, ніколі, гллыксс! Хто-небудзь з гобліннсаў нассуне на брудны палец, і ніхто яго не пабачыць, ніхто. I прыйдзе сюды, нябачны. I нават нашы востранькія вочкі яго не заўважаць, не заўважаць, і ён прыйдзе, крадучыся, паўзучы, і ссхопіць насс, гллыксс, гллыксс!
— Таму час сканчаць з размоваю, каштоўнассць, і хутчэй, хутчэй. Калі Торбінсс ссюды пайшоў, нам трэба іссці ды паглядзець. Пойдзем! Ужо недалёка. Хутчэй!
Глыкс падскочыў і хуценька пакрочыў прэч. Більба паспяшаўся за ім, яшчэ з перасцярогаю, хоць галоўным яго клопатам цяпер было не спатыкнуцца аб іншую вышчарбіну ды не грымнуцца з грукатам на падлогу. Ад здзіўлення і надзеі ў небаракі аж галава круцілася. Выходзіла, што гэты пярсцёнак — чароўная рэч, якая робіць уладара нябачным! Зразумела, хобіт чуў пра такое ў даўніх, надта старажытных паданнях, але цяжка паверыць, што вось так, на самай справе, выпадкова знайшоў менавіта такое кольца. Факт ёсць факт: Глыкс з вачыма-ліхтарамі прабег, не заўважыўшы Більба, за крок ад таго.
Вось так яны і рушылі. Глыкс, пляскаючы пяткамі па падлозе, мармытаў праклёны і шыпеў, а Більба краўся за ім так мякка і ціхенька, як толькі хобіт можа. Хутка яны дабраліся да мясцін, дзе, як Більба заўважыў па дарозе ўніз, у той і другі бок ад-крываліся праходы. Глыкс адразу пачаў падлічваць іх.
— Адзін налева, так-с. Адзін направа, так-с. Два направа, так-с, так-с. Два налева, так-с, так-с.
I далей, і далей — гэткім жа чынам.
Лік рос, і Глыкс рушыў павольней, задрыжэў і захныкаў. Ад возера свайго ён адыходзіў усё далей і далей, і пачаў баяцца. I гобліны павінны быць непадалёк, і пярсцёнак згубіўся. У рэшце рэшт, ён спыніўся каля нізкага праходу з левага боку.
— Ссем направа, так-с. Шшэссць налева, так-с! — прамармытаў ён. — Воссь ён! Вось шлях да задніх дзвярэй, так-с. Воссь праход!
Глыкс глянуў у праход і адсунуўся назад. «Не, нам не трэба іссці туды, не, мая каштоўнассць, не, не трэба. Гоблінссы там. Мносства гоблінссаў. Мы чуем іх. С-с-с!»
— Што ж нам рабіць? Ліхаманка на іх, трасца на іх! Нам трэба чакаць тут, так-с, мая кашштоўнассць, пачакаць ды паглядзець.
Так яны і засталіся стаяць. У рэшце рэшт, да выхаду Глыкс усё ж Більба вывеў, але трапіць у выхад — ну ніяк! Глыкс сеў, скурчыўся ды абхапіў калені якраз пасярод праходу, і блішчэў халодна вачыма, хістаючы галавой з боку ў бок.
Більба падкраўся крыху бліжэй уздоўж сцяны, цішэй за мыш. Але Глыкс адразу напружыўся, прынюхаўся, і яго вочы загарэліся зялёным. Потым зашыпеў — мякка, але пагрозліва. Бачыць хобіта ён не мог, але небяспеку адчуў і меў іншыя пачуцці, абвостраныя цемрай: слых і нюх. Здаецца, зусім згорбіўся, прыціснуўшы далоні да падлогі, вытыркнуўшы наперад галаву і амаль дакранаючыся носам да камянёў. Хоць бачыў Більба яго толькі як чорны цень у ззянні ўласных вачэй, можна было заўважыць, што напружаны той як нацягнутая струна лука.
Більба амаль што спыніў дых і застыў на месцы. Становішча было адчайнае. Ён павінен, павінен быў выбрацца з цемры, пакуль сілы яго не пакінулі. Павінен змагацца! Ён павінен пырнуць мячом брудную пачвару, вочы ёй выкалаць, забіць! Яна ж збіралася забіць яго! Не, гэта несумленна. Ён зараз нябачны. У яго няма мяча. Ды Глыкс не пагражаў забіць яго і не спрабаваў пакуль што. Глыкс такі нікчэмны, разгублены, няшчасны. Раптоўнае разуменне, жах разам з жалем ускалыхнуліся ў Більба-вым сэрцы: на момант уявіў бясконцы шэраг цёмных, халодных, аднолькавых дзён без надзеі на лепшае, цвёрды камень, халодную рыбу, жыццё заўжды крадучыся, заўжды хаваючыся. Більба скалануўся. А потым раптам, быццам у момант натхнення, узняўшыся з новай сілай і рашучасцю, скочыў.