Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Будзе снег, — знобка сцепануўся Грынкевiч.

Яніс не зводзіў з хмары ясных блакітных вачэй.

— Страшная якая хмара, — сказаў ён, — як вайна… Вось яшчэ чаго я не магу зразумець, Андрэй, — вайны. Праўдзівей, таго, што людзі яе забылі.. Нядаўна рэдактар не ўзяў маёй паэмы аб вайне: гэта, кажа, мінулае.

— Добрае мінулае. Сіроты і інваліды дагэтуль ходзяць.

— I не ў тым справа, — сказаў Яніс, — у душах яна ў нас, ва ўспамінах, у сэрцы. Характары нашы трыклятыя ад яе, дагэтуль яна нас б'е. Забыць нельга.

— Так, — сказаў Андрэй, — не дае забыць. Ды яшчэ і "на потым" пагражае. Сусветнае свінства.

Андрэй устаў і пачаў апранаць паліто, што вісела на біле ложка.

— Прабач, Янка, — сказаў ён, — мне час.

— Куды?

— Па справах паеду… Слухай, гэта вельмі брыдка, што я ў цябе спытаю?

— Што?

— На могілках я падумаў, што… пэўна, не скончылася яшчэ жыццё, пакуль існуе маці і яшчэ адна жанчына.

— Не Марыя, спадзяюся? — з іроніяй спытаў Яніс.

— Не.

— Тады не брыдка.

I з уздыхам прыбавіў:

— У гэтым — жыццё.

Андрэй амаль бег па сходах.

Справа была ў тым, што ўчора Горава зноў папракнула яго, што ён не заходзіць да яе, і сказала, што звычайна бывае дома апоўдні.

— Заходзьце, калі захочаце, Андруша.

…Горад быццам застыў у чаканні, калі Грынкевіч, пакінуўшы ўтульную і строгую станцыю метро, выйшаў на плошчу.

У прадчуванні таго, што павінна было здарыцца, забіліся ў капітэлі калон галубы. Людзей на вуліцах было мала.

Бронзавы Маякоўскі пасярэдзіне плошчы горда ўздымаў насустрач хмарам прыгожы грубаваты твар.

Узняўшы каўнер паліто, ён накіраваўся ў напрамку яе дома.

Першыя мокрыя сняжынкі ўпалі на асфальт, калі ён спыніўся перад парадным.

Дом гэты быў адным з тых дамоў, што будаваліся ў гады «мадэрну» праз меру ўзбагацелымі біржавымі дзялкамі. Высокі, блакітны з крэмавым, нядаўна, відаць, пафарбаваны, ён з нейкай нават вясёлай пагардаю глядзеў на шумлівую вуліцу, на чалавечы натоўп, на аголены сквер, на недарэчны сілуэт высотнага будынка непадалёк.

Андрэй памарудзіў хвіліну і, быццам у халодную ваду, нырнуў у парадны.

Там было ціха і цемнавата. Бязгучна плылі за вокнамі дзвярэй чалавечыя постаці. Драмала ў крэсле вахцёрша з тварам, які, здаецца, падазраваў усіх нават у сне.

Узабраўшыся на другі паверх, Андрэй спыніўся перад дзвярыма, за ліфтам, і страшэнным намаганнем волі — рука ўсё абрывалася ўніз — націснуў званок.

Зараз. Зараз яна павінна была выйсці насустрач, усміхнуцца яму, прапусціць у просты светлы пакой, сесці насупраць і сказаць:

— Доўга ж вы збіраліся, палескі лайдак.

За дзвярыма забрахаў сабака, тоненькім галаском, быццам прасіў прабачэння. У цішыні пачуліся крокі. Ляснуў запор.

Андрэй пабачыў мужчыну, цёмнавалосага, з высокім, трохі залысым лобам. Постаць цяжкаватая, пагляд вачэй разумны і шчыры. Выраз аблічча — з той добрай, трохі занадта інтэлігенцкай іранічнасцю, якую Андрэй і любіў і не любіў у людзях свайго асяроддзя. Ён лічыў яе занадта гарадскою. А ён хоць і інтэлігент, хоць і праўнук інтэлігента — быў усё ж правінцыял і любіў добрыя якасці менавіта правінцыяльных інтэлігентаў: павышанае пачуццё сумлення, амаль дзіцячую чысціню помыслаў і поглядаў на свет, бязмежную, трохі наіўную веру ў людзей — якасці ў тым-сім старамодныя.

— Што вам? — спытаў мужчына.

Чорны кудлаты сабака махаў хвастом, гледзячы на Андрэя. Дзеці і сабакі наогул ніколі не баяліся яго.

— Iрыну Сяргееўну.

Чалавек усміхнуўся:

— Жонкі няма. У іх тэрміновая кансультацыя. Пайшла яшчэ ў дзевяць гадзін.

— Добра, — сказаў Андрэй, — бывайце.

— Бывайце, — сказаў мужчына.

Спускаючыся па сходах, Андрэй пачуў, як за спіною ляснулі дзверы, быццам прыхлопнуўшы ўсё тое, што было.

Паставілі кропку.

Ён выйшаў на вуліцу з пачуццём такога несамавітага болю ў сэрцы, якога ён ніколі не чакаў.

Усё было ясна.

Ля газетнага кіёска боль стаў такім, што Андрэю здалося: ён памірае. Прыхіліўшыся да мокрай чамусьці сцяны, ён паспрабаваў быў зірнуць назад, дзе засталася надзея, але нічога не ўбачыў.

Толькі нешта мокрае плыло па шчоках.

I толькі тут ён зразумеў, што сапраўдны ўраган імчыць прорвамі вуліц, што мокры снег наўскасок ляціць у вочы вокан, штурмуе муры дамоў, заляпляе карнізы, смерчамі ўецца ў зацішку, за дамамі.

Ён роў і свістаў, сеяў паўсюль імклівыя белыя пчолы, сівіў валасы Андрэя, халадзіў на газонах ледзь жывую ад зазімкаў траву. Мірыяды белых хлапякоў ляцелі ўздоўж вуліц.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: