Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Стаўроў, - ціха сказаў Андрэй, — ты гаворыш брыдоту.

— На брыдоту — кнігі патэнт узялі. А я чалавек просты.

Ліпскі засмяяўся гуллівым тэнарком.

— Мярзоту кажаш, — сказаў Андрэй.

— Хопіць, хлопцы, — сказаў Яніс.

— Ды хлопцы, хлопцы, — пачаў умаўляць Харунжы. — Што вы завяліся? Можа, вы яшчэ і мяне наб'яце? Пілі ў Філі ды Філю і набілі.

— Прыйшлі ў маю хатку, ды б'юць майго татку, — па-беларуску дадаў Баранаўскас.

Ліпскі і тут засмяяўся, але значна менш лісліва.

— Вып'ем лепей яшчэ, — сказаў Харунжы. — Ну, хто па цынандалі?

Выпала ісці Янісу. Ішоў ён неахвотна, доўга ўмаўляў Андрэя збегаць за кампанію. Андрэй адмовіўся.

А Стаўроў, ледзь за Янісам зачыніліся дзверы, завёўся зноў:

— Каханне, соплі лірычныя распусцілі. У нас, брат, атамны век. Людзям няма часу ні на чытанне доўгіх кніг, ні на шпацыр пад ліпамі. У вашага цнатлівага кахання белая сукня. А час не той. Вакол не ліпы. Вакол машыны і мазут.

— I праўда, — падхапіў Ліпскі, легкаважна ўзрадаваны тым, што відавочна наспявае скандал, а яго патрон такі пераканальны і так вобразна гаворыць. Тварык ягоны, лялечна-маленькі, бліскаў вочкамі ў прыцемку.

— Пакінь, — нарэшце сказаў Андрэй, — слухаць ванітуе, такой дрэнню панесла.

— А ты — іншы? — спытаў Стаўроў. — Ты з Марыйкай Крат што, на зоры глядзеў?

— Глядзеў і на зоры, — нечакана сур'ёзна сказаў Баранаўскас.

— Ды я ж не асуджаю, — з вонкавай памяркоўнасцю, дабрадушна сказаў Стаўроў. — Сёння ён, заўтра — іншы. Жывыя людзі.

— Быдла ты, — сказаў Баранаўскас.

— Чакай, — сказаў яму Андрэй, — не абараняй мяне… Я ведаю, Стаўроў, ты маеш права кінуць камень у мой агарод за мінулае. Не чапаючы Марыі, я скажу: я сапраўды апусціўся ў той час. Гэта было з-за абыякавасці да жыцця. I мне вельмі брыдка за сябе…

— Ты што ж, змяніўся? — спытаў Стаўроў.

— Мяркую. Ва ўсякім разе, каханне не тое, аб чым ты гаворыш, Яно ўсё дае: кнігі, музыку, гераізм. Бо нельга ў вачах каханай быць слабым, дрэнным, бяздарным… Вядома, гэта шчасце быць з ёю разам, блізка. I толькі з адной, заўсёды. Але гэта яшчэ і тое, што яна разумее без слоў, што думаеш з ёю аб адным, што можаш аддаць ёй апошняе. Гэта яшчэ і бяссонныя ночы, калі хварэе, і чаркі, якія выпіў, блукаючы вакол радзільнага дома, і мастацтва, і музыка ў доме, і нават смерць. Ведаеш, аб чым моляць для каханых беларускія казкі як аб апошняй лістасці? Памерці ў адзін дзень. Каб не біцца галавою аб крыж, аб пусты ложак, аб кожны пень у лесе, куды пайшоў выплакацца.

— Надбудова, — у голасе Стаўрова налівалася нейкая аж занадта вялікая для такой спрэчкі злосць. — Надбудова над базісам… Размовы аб мастацтве — ах-ах! Перыйкі ўсё! Шлюбны ўбор у цецерука. Ходзіць і балбоча.

Ён махнуў рукою:

— А, ды што там. Вось адна, усім вам вядомая. Толькі і ішлі ў нас размовы пра Эль-Грэка, што да ложка… Адразу як нажом адсекла. А вытанчанасці, здаецца, на ўсю акадэмію мастацтваў хапала.

— Хто гэта? — амаль адразу спыталі Баранаўскас і Харунжы, і ў галасах іхніх было непаразуменне. — Не ведаем.

Андрэю быццам гноем ляпнулі ў твар. Ён здагадаўся, куды хіліць Стаўроў, і ведаў усімі глыбінямі душы і сумлення, што гэта няпраўда, што гэта помста, што не пасуе нават нікому з жывёл. А тут сядзеў чалавек. Чалавек?

Ён толькі з вялікім намаганнем устрымаўся ад поўхі. Поўха адкрыла б усім імя. Андрэй ведаў, усе абураліся б, але нішто, нават край ценю, не павінен быў упасці на гэта імя. Яго не павінны былі назваць. Устаць на абарону павінен быў толькі адзін чалавек, ён. Ён, які адказваў за яе лёс, за чысціню яе дарогі не толькі з заўтрашняга дня, а з таго імгнення, калі, яшчэ не закаханы, ён зразумеў, што яна дарагая яму як друг.

— Я таксама не ведаю хто, — цяжка сказаў Андрэй. — Але я мяркую, што нават калі прамоўца насупор свайму звычаю не хлусіць — тое, што ён сказаў, няварта мужчыны… Усякага, а не толькі прыстойнага. Яны давяраюцца нам, спадзеючыся на наш гонар, і мы маўчым. А хто не маўчыць — той баба.

Прамаўчаў.

— Спадзяюся, што ты, Стаўроў, не зробіш апошняй нізасці. Я, напрыклад, ніколі не бузую імён дзяўчат па корчмах. I ніколі не кажу нікому, што другі мужчына атрымаў ад жанчыны абшыд.

Страла трапіла дакладна ў цэль. Але гэта разумелі толькі Андрэй і Стаўроў. Запанавала цяжкае маўчанне. Потым Харунжы кашлянуў.

Маленькі Ліпскі вырашыў, відаць, выручыць друга:

— Ды ён не хлусіць, — тэнарком сказаў ён. — Я, калі хочаце, ведаю. Я, калі хочаце, і…

— Вось што, — перарваў яго Толька. — Ідзіце вы, хлопцы, удвух адсюль. Мне непрыемна бачыць вас тут.

— Не вельмі трэба, — уздымаючыся, сказаў Стаўроў. — Чыстаплюі.

Калі за ім і Ліпскім зачыніліся дзверы, Харунжы злосна хмыкнуў:

— Ах, дрэнь бывае! Ах, дрэнь! I шанцуе ж гэткай дрэні! Што ў жыцці, што ў літаратуры!..

— Б…… бл…., а бог ёй долю гатуе, — змрочна сказаў Андрэй.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: