Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Зноў палезлі па вінтавых сходах шукаць другі выхад. Сходы былі стромыя, і Грынкевіч, каб развеяць няёмкасць, сказаў завучу, якая ішла наперадзе, каб яна спакойна сабе падала, спадзеючыся на яго. Тая заявіла, што ў яе няма намеру быць гэткай легкаважнай.

I тады Андрэй пабачыў, яшчэ вышэй, вочы, якія смяяліся.

— Што вы, Галіна Іванаўна, няўжо вам было б непрыемна ўпасці ў абдоймы беларускай паэзіі?

Зарагаталі ўсе, а Андрэй у апраметную праваліўся б, абы не чуць такога.

I ўсё ж ён выдаў сябе, нягледзячы на няёмкасць. Мёртва чарнелі ў паўдзённым прысмерку кастрычніцкага дня дубы. Бетон, заліты ў іх дуплы, здаваўся белым і халодным, як лёд, быццам дрэвы заледзянелі да сэрца. Там-сям жаўцелі яшчэ на верхніх галінах скручаныя ў трубачку моцныя лісты. Але туман стаяў між дрэвамі, укрываў дробнай халоднай імжою сцябліны бадзякоў і варсінкі на шапачцы Ірыны. Выплыў з гэтага туману бярвенчаты домік Пятра, і адчыніліся дзверы, і людзі апынуліся ў пакоі з вузенькімі вокнамі. Тут змрок здаваўся яшчэ гусцейшым, таму што сцены былі чорныя, цвёрдыя ад куродыму, як косць.

I ў паўзмроку Андрэй убачыў яе вочы, удвая большыя, чым на самай справе.

Ён адчуў, што пайшоў бы з ёю нават у курную хату, цяжка карчаваў бы ляды, толькі каб вечарам ляжаць пад валакавым акенцам і пры святле лучыны ў лучніку глядзець, як яна прадзе. Усё было лепей, чым быць паэтам, але без яе.

Напэўна, на хвiлiну ён перастаў трымаць на твары маску абыякавасцi. А можа, вочы яго таксака былi ўдвая большыя i таму страшныя. Але ён убачыў, як шырылiся ў цемры яе зрэнкi, як злёгку адкiнулася назад, бы ад спалоху, яе галава i як адначасова ўся яе постаць пацягнулася да яго, нават злёгку дакрануўшыся плячом i потым зноў адхiлiўшыся.

Астатнія дзве гадзіны яна не жартавала. Глядзела кудысьці паўз яго, думаючы аб нечым, і маўчала. Маўчала і яшчэ некалькі дзён, часам кідаючы на Андрэя вельмі дапытлівыя і як быццам спалоханыя позіркі з-пад густых веек. Маўчала і потым. Маўчала, пэўна, цэлую вечнасць. Маўчала нават тады, калі ездзілі глядзець Круціцкае падвор'е, і Андрэй, асабліва расчулены, бо ведаў з рукапісу прабабкі, як любіў Круціцкі церамок той Гораў, здольны быў ледзь не плакаць ад замілавання, гледзячы на яе.

Ён паспрабаваў быў нават расказаць ёй, што будавалі церамок майстры і дойліды, вывезеныя з яго радзімы, з яго роднага Вострава, але яна сказала яму, нават з нейкай злосцю:

— I як гэта яны здолелі?

— Сам здзіўляюся, — спрамогся знайсці ў голасе іронію Андрэй.

Забіць сябе варта было за гэтыя словы! Трэба ж было бачыць, што злосць была толькі ў словах, а вочы былі звычайнымі вачыма лясной касулі, калі яна ідзе на саланчак, бо не можа іначай, ідзе, цвёрда ведаючы, што недзе тут сядзіць паляўнічы.

— Прабачце, — сказаў ён. — Я дорага даў бы, каб не сказаць апошніх слоў.

Гэта было яшчэ горш. Быццам чалавек гуляў у асаблівую высакароднасць. Але выпраўляцца не было калі, і ён ціха сказаў Ірыне:

— Вам не трэба гэтага. Нашто абражаць гэтую чырвоную цэглу, небывалыя купалы і гульбішчы? Вы лепшая за ўсё гэта, а хочаце здавацца горшай.

I дадаў:

— Вам ніхто не паверыць, Ірына Сяргееўна. У гэтым вам ніхто не паверыць. А я — першы. I вы дарэмна так з намі.

Яна змоўкла. I маўчала зноў усю дарогу, сядзела на першым ад яго сядзенні. Андрэй глядзеў на яе і зусім непадалёк бачыў яе валасы, скручаныя цяжкім вузлом, яе тонкія плечы і ўласцівую ёй, непаўторную сумную ўсмешку.

Гэтая ўсмешка згасала па меры таго, як усё гусцей абступалі вуліцу і грувасціліся адзін над адным цагляныя дамы, як усё мацнеў грукат трамваяў і ярасны спеў горада.

Яна згасала, і вусны цвёрда сціскаліся ў рашучай і халаднаватай складцы.

Ужо сыходзячы з аўтобуса, яна павярнулася да яго.

— Заходзьце дваццаць сёмага, у дванаццаць гадзін.

Потым яе маленькая рашучая постаць, усё змяншаючыся, звярнула ў завулак і згубілася ў шалёным віраванні натоўпу, у грукаце гарадскога дня.

…Усе днi да дваццаць сёмага Андрэй думаў, цi ўзяць яму да Горавай сваю паэму. Яна i падабалася яму i не падабалася. Гэта было лепей за бясхмарныя ранейшыя вершы, але здавалася яму бездапаможнай лухтой нават пры адным успамiне пра голас Iрыны, пра музыку i сэнс яе слоў.

Для каханай нельга складаць пасрэдныя вершы.

I ўсё ж ён узяў паэму з сабой. Перш за ўсё таму, што ведаў: гэта не будзе непрыемна ёй.

Калі ён ехаў на таксі, выгляд у яго быў такі, што зубастая баба-шафёр, высаджваючы яго, сказала:

— Катай, хлопча. У мяне рука лёгкая.

I ад гэтага спачування невядомай, зусім чужой маскоўскай жанчыны нават хвіліна чакання, перад тым як пазваніць, здалася ўпершыню лёгкай.

Няўпэўнены брэх сабакі, цьмяная худзенькая фігурка ў паўцемры, лёгкі крок, якім яна плыла перад ім у пакой, рука, якая пасадзіла яго на канапу, аддзяліўшы ад сябе італьянскім сталом — усё гэта плыло перад Андрэем бы ў тумане.

Грынкевіч адчуваў, што ён любіць шэры дзень за вокнамі, любіць таршэр, зроблены з алебастравых, трывожна-зламаных трохкутнікаў, любіць самое паветра ў гэтым доме.

Сабака паклаў яму на калена галаву, — і гэта была таксама захапляючая радасць.

Адчуваючы, як хваля любові да ўсяго на свеце перапаўняе грудзі і вось-вось задушыць, цвёрда ведаючы, што не мог быць падманам пагляд шэрых вачэй у каломенскім доміку, адчуваючы, што яму нельга не сказаць, што нават вочы сабакі чакаюць ад яго гэтага, ён адкрыў рот і сказаў раптам зусім не тое:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: