Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Вы ведаеце, што я чакаў вашай лекцыі, яшчэ ні разу не ўбачыўшы вас.

Яна аж галавой страсянула:

— Даволі раптоўна. Вы жахлівы чалавек. Ніколі не ведаеш, чаго ад вас чакаць. Што здарылася?

Андрэй палез у кішэнь, дастаў адтуль лісток з прабабчынага рукапісу і працягнуў ёй. Здзіўлена прыўзняліся бровы:

— Гэта што?

— Чытайце.

— "I зараз, стоячы на парозе апошняй мяжы, прайшоўшы нясцерпны доўгі і цяжкі шлях, я, страціўшы надзею і яшчэ многае, не губляю веры ў будучыню і жыццё толькі таму, што была ноч на пароме, дзе суайчыннік у неразумнасці забіў наша жыццё, а вораг паспрабаваў дапамагчы і, стоячы пад кулямі, да канца бараніў годнасць і сумленне чалавека. Юрый Гораў з Масквы. Хай бясхмарным будзе яго шлях. I, магчыма, унукі мае цеплынёю і адданасцю дапамогуць яго ўнукам, калі толькі звядзе іх на гэтай зямлі халодны лёс…"

Аблічча Ірыны было бледнае, і вусны трохі дрыжалі.

— Што гэта?

— Ці не быў ваш дзед або прадзед афіцэрам падчас паўстання шэсцьдзесят трэцяга года?

Апусціліся вочы. Потый, ледзь чутна, яна сказала:

— А што?

Грынкевіч, пільна гледзячы на яе дрыжачыя веі, расказаў ёй аб падзеях на пароме. Яна слухала моўчкі і толькі па нервова сплеценых пальцах можна было заўважыць цень нейкага хвалявання.

…Ён скончыў…

— Гэта добра і прыгожа, — сказала яна. — Але я не ведаю, ці быў тады на Беларусі мой прадзед.

— Думаеце, што гэта не ён?

— Чаму не, думаю. Проста нічога не ведаю аб ім.

— Як было імя па бацьку вашага дзеда?

— Н-не тое… Пэўна не тое.

Дзіўна, але Андрэй адчуў разам з расчараваннем і некаторае заспакаенне.

— Што ж, — сказаў ён. — Гэтае няведанне ўсё адно збліжае нас. Усё магло быць. Я веру.

– І я.

Андрэй пабачыў на сцяне партрэт жанчыны, напісаны ў адценнях зялёнага колеру. Нешта нагадваў яму гэты партрэт, асабліва характэрным прыкусам вуснаў. Каб існаваў "зялёны Пікаса" і каб гэта быў не Пікаса, а правінцыяльны выкладчык мастацтва, які працуе "пад Пікаса", то атрымалася б нешта падобнае на гэту карціну. Магчыма, ён, Андрэй, проста нічога не разумеў, але гэтая зялёная жанчына, напісаная пэндзлем, на якім не ляжала пячаць генія, здавалася яму ненатуральнай і асабліва брыдкай. Брыдкай таму, што кагосьці няўлоўна нагадвала.

— Вы хацелі штосьці прачытаць мне, — адарваў яго ад думак голас Горавай. І таму, што яго захапілі знянацку, таму, што пачыналася тое, самае важлівае, чаго ён чакаў восем год, ён адчуў, што сэрца яго захаланула і абарвалася ўніз.

— Толькі не перабівайце мяне.

Рука з рукапісам дрыжала, і добра было, што жанчына не бачыла гэтага за сталом, бо стрымаць сябе ён не мог.

Брыдкi, халодны асеннi дзень.

Таксі прыцішаюць бег…

Мужчына чытаў, апусціўшы вочы, не маючы змогі ўзняць іх. Ён баяўся ўбачыць яе аблічча, прачытаць на ім іншае, непажаданае. Потым ён шкадавау аб гэтым, яму хацелася бачыць усё. Але тады ён не мог.

Толькі на палове рукапісу ён авалодаў сабою. Хваляванне ставала ўсё мацнейшым.

Кроў кінулася яму ў твар, а голас загрымеў, запаланіўшы пакой.

Ён скончыў, i настала цiшыня, доўгая, гнятучая.

I раптам цiхi голас, у якiм недзе глыбока на дне гучала штось падобнае на балючую пакорлiвасць лёсу, сказаў:

— Нашто вы гэта, Андруша?

— Я сам ведаю, што дарэмна. Але я больш не мог. Цяпер мне лягчэй.

— Вы ж мяне зусім-зусім не ведаеце.

— Я ведаю вас лепей, чым вы самі.

— Я чалавек цяжкага лёсу. Вайна зачыніла перада мною дзверы ў тэатр. Абмарожаныя ў сорак першым рукі — у музыку. А я… мне гэта было даражэй за жыццё. Што мне засталося? Пісаць кнігі і тлумачыць другіх. Нешта накшталт прычотніка пры храме мастацтва. Нашто вам гэта? Нашто вам я?

Сківіцы мужчыны рухаліся цяжка, і голас быў глухім.

— Усё яшчэ будзе, — сказаў ён. — Пачнём разам… Вы дзівосная. Няўжо вы не падумалі, што гэтым яшчэ больш прывязваеце мяне да вас. Я кахаю не толькі за душу, за вашу прыгажосць і розум. Я не ведаю, што вас вяжа да гэтага чалавека, але паверце разумнаму сэрцу, гэты дом не для вас. А наперадзе столькі дзён, столькі сапраўднага жыцця!

Плескануўся па яе твары затоены боль. Зябка скалануўшыся ў крэсле, яна сказала:

— Я вам зараз скажу тое, чаго нікому яшчэ не казала. I паверце, гэта вялікая ахвяра з боку жанчыны… Асабліва ў такі момант. Калі ласка, прынясіце мне цыгарэты з гасцінай.

Ён прынёс і сеў на сваё месца. Насцярожана цягнуліся хвіліны. Гадзіннік адбіў чарговую палову гадзіны.

— Што ж, — сказала яна, — вы, вядома, самі ведаеце, як было ў сорак першым. Немцы ў кастрычніку ўзялі Валакаламск, іхнія танкі ўварваліся ў Мажайск. Пятнаццатага кастрычніка Масква пакідала Маскву…

— Але. Я ў той час таксама быў у Маскве… І апалчэнцаў бачыў — хлопцы ў акулярах і дзяўчынкі з танюткімі рукамі.

Андрэй бачыў, што ёй нясцерпна цяжка гаварыць, і таму даваў ёй час на роздум і мужнасць.

— Страшны быў горад, — сказаў ён. — Надаўбы стынуць. Кожнае акно распята на папяровым крыжы. Касыя, белыя… Пасля — сібірскія палкі. I апалчэнцы…

— I я была сярод іх, — сказала нарэшце яна, зацягваючыся цыгарэтай. — Мне ўдалося прыбавіць сабе гады… Разам з адным хлопцам…

— Вы… кахалі яго?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: