Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— У Бахчысараі, поруч з Чуфут-Кале, — казаў далей голас, — ёсць даліна смерці, могілкі, на якіх хаваюць караімаў з усяго свету. Нашы клады не прыгнятаюць, а гэтае будзе сніцца, як кашмар. Нагрувашчанне каменных грабніц, паміж якімі часта нельга праціснуцца. Усё гэта пераплецена гліцыніямі, якія чапляюць вас за ногі і адзенне. А на грабніцах адно імя, без прозвішча і года. Быццам чалавек не варты іншай памяці. Глядзіце, хіба не такія могілкі тут, перад вамі?.. Ніжэй апусціцца нельга. А Рэмбрант добра ведаў цану чалавека, нават у безвыходным адчаі. Ён ведаў: дрэнных няма. I адзінае, што можа ўзняць чалавека, які апусціўся, гэта мастацтва. Мастацтвам гуляць нельга. Гэта не заказ і не гульня ў бірулькі, гэта сумленне зямлі… Вось "Давід перад Савулам". Хлопчык, што сам здзівіўся дзіву, якое адбываецца пад яго пальцамі. I Савул, які забіваў і атручваў, азірнуўся на жыццё, і яму стала страшна і шкада сябе.

— Бог ты мой, — сказаў ціха Андрэй, — гэта тое самае, што я думаў.

— Значыць, ты не памыляўся, — шапнуў Яніс.

— Ён ведаў, яму будзе цяжка. Ён ведаў, яму не даруюць "Асура, Амана і Эсфіра". Ён ведаў, нельга бяскарна ўзрошчваць у сабе такое. Але праўда пачуццяў была вышэй золата… у яго няма вучняў, імёны яго і Хендрыке абліваюць брудам, ён непатрэбен сябрам. У яго адбіраюць усё, акрамя карцін — карціны нікому не патрэбны, нават крэдыторам. Паміраюць усе, каго ён любіць. I ўрэшце памірае ён сам, пакінуўшы няскончаным "Вяртанне блуднага сына"…

Голас гучаў такой глыбінёй, што Андрэй адчуў, як яму перахапіла подых…

— Ён пераможаны, але ён перамог. Таму што нават у апошняй сваёй карціне давёў, што мастацтва можа быць такім жа складаным, як жыццё… I нават нечым больш, чым яно. Блудны сын прайшоў усе стадыі прыніжэння, ён не можа нават прыпасці да рук бацькі, бо развучыўся любіць. I ў сыне, галаву якога з'ядае парша, мы часам угадваем саміх сябе, калі нам цяжка і патрэбна рука, што можа апусціцца на тваю галаву. Нам неабходна гэта.

Рука Янісава дакранулася да Андрэевага пляча.

Калі запалілі святло, Грынкевічу здалося, што з пачатку гэтай лекцыі прайшлі, пэўна, стагоддзі і што тая вясна, якая шуміць за акном, зусім іншая вясна, а сам ён глядзіць на яе другімі вачыма.

Ён устаў, адчуў са здзіўленнем, што злёгку хістаецца на нагах, і падышоў да яе стала.

Людзі паступова пакідалі аўдыторыю. Урэшце яны засталіся адны. Ён стаяў і глядзеў на яе бязважкую фігурку, на шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, безабаронныя і насцярожаныя вочы.

— Дзякуй вам, Ірына Сяргееўна, — чамусьці ціха сказаў ён.

— Вам спадабалася? Я рада гэтаму. Вельмі.

— "Спадабалася" не тое слова. Разумееце, у кожнага бываюць свае сполахі. I часам прыходзіць хвіліна, калі здаецца, што ты нічога больш не можаш, што хоць пяро з'еш, атрымаецца лухта… I гэта, сапраўды, пасля вялікіх страт.

Ён бачыў яе апушчаныя павекі з цёмнымі веямі. Яна сказала:

— Не шкадуйце аб гэтым. Пакуль вы не давядзеце адваротнага, усе людзі будуць ведаць, што вы на пераломе, і будуць чакаць. Старое не вяртаецца. Пэўна, вы сапраўды на парозе чагосьці новага… I не пакутуйце: часам гэта цягнецца вельмі доўга і надта балюча. А ў сапраўдных паэтаў — праз вялікую тугу, праз абавязковую страту чагосьці вельмі дарагога.

Эпідыяскоп падзяляў іх: маленькая чорная гармата, накіраваная ў сцяну.

— Такое са мною было.

— Ведаю, — проста сказала яна, — я чытала вашу "Смерць на світанні". Але вы пакуль не знайшлі сябе. Значыцца, гэта ўсё яшчэ прыйдзе.

— Я адшукаю гэту дарогу, — сказаў Андрэй, — магчыма, дзякуючы вашаму Рэмбранту.

— Ну, гэта занадта, — сказала яна, — вы з тых, што знаходзяць дарогу самі.

Яна прыўзняла жоўтую сумачку і дадала:

— Толькі не бойцеся, калі на вас будуць шыпець. Ва ўсіх вас ёсць толькі адзін жорсткі суд — суд над сабою.

— Ну, яшчэ раз дзякуй, — сказаў Андрэй, — вы добры чалавек, вас радасна слухаць.

Ён выйшаў на калідор. Вясна глядзелася ў вокны празрыста-зялёнымі шатамі дрэў. Ля акна стаяў бялявы Яніс і глядзеў уніз, на кветнік.

— Ты чаго там затрымаўся, падонак? — спытаў ён. — Унь з Марыйкай Крат ледзь з-за цябе радзімчык не стаўся.

— А чаго ёй злавацца? — неўразумела спытаў Андрэй. — Што, я забіў кагосьці на яе вачах?.. Дзе яна?

— Там за рогам стаіць.

Грынкевiч пацiснуў плячыма i накiраваўся за рог. Марыя стаяла там, успёршыся на падваконне, i твар яе здаваўся зеленаватым i зменлiвым ад празрыстага ценю веснiх дрэў i зараз, пакуль яна не бачыла яго, нават добрым. Ва ўсiх астатнiх выпадках Андрэй ведаў толькi тры выразы на яе твары: раздражнення, насцярожанага чакання i яшчэ — млявай пяшчоты.

Ён падышоў да яе і стаў поруч.

— Вясна, родная. Добра жыць, праўда?

Яна не адказала. Твар адразу стаў напружаным, абцягнуліся скурай і пачырванелі скулы.

— Што з табой? — спытаў Андрэй. — Сарока пярсцёнак украла?

— Ты ведаеш, што са мной.

— Дальбог, не. Я ж не чараўнік. Зноў нейкае глупства.

— На гэты раз не глупства. Ты хутка пакінеш мяне.

— Вядома. Паеду на канікулы. Калі толькі ты не запросіш мяне да сябе.

— Не запрашу.

— Што ж, тваё права. Тады паедзем да мяне.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: