Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

I раптам…

…дзяўчынка ў зацішку, за рогам дома, пачала гуляць у "класікі", скакаць на адной ножцы па клетках, накрэсленых крэйдай.

— Мак-мак-мак… дурак.

Чамусьці ўсе дзеці з першым подыхам абнаўлення гуляюць у «класы». Дзяўчынка скакала па клетках, і каленкі ў яе былі голыя.

Гэта і была вясна.

А потым пачалася падземная вайна. Сапёры-карэнні вялі падкопы, каб захапіць абшар для жыцця.

I аднойчы выбухнуў мільёнамі салатных пупышак Цвярскі бульвар. Нават тут, у гэтай цёмнай аўдыторыі, Андрэй адчуваў, як за парцьерамі, што завесілі вокны, сваволіць і бяжыць між дрэў, уздымаючы лёгкі зялёны пылок, гарэзлівы вецер.

Вельмі хацелася кудысьці ў пушчу, дзе лазорава сінеюць беларускія пралескі, дзе ў нетрах такуюць цецерукі. Сядзенне ў аўдыторыі было б зусім нясцерпным, каб не Яніс, які соп поруч, з некаторым здзіўленнем разглядаючы «Данаю» Рэмбранта, ды не мяккі грудны голас, які гучаў у цемры.

Пасля таго, аб чым ён даведаўся ў маці, Андрэю было неяк асабліва добра слухаць гэты голас. I зусім не хацелася ні аб чым пытаць Гораву — а раптам яна нічога не ведае, а раптам гэта толькі супадзенне. Няхай сабе нічога не ведае.

Яна зусім не падабалася яму як жанчына. Але аднойчы ён на хвіліну даў сабе волю і спытаў, а што б ён, Андрэй, адчуў, каб яна знікла. I шчыра адказаў сам сабе, што гэта было б дрэнна. Непрыкметна ён проста прызвычаіўся, што кожны тыдзень будзе бачыць яе, чуць яе голас, сачыць за ходам яе думкі, смяяцца з яе жартаў.

Ён разумеў, што яе лекцыі не проста лекцыі, што гэта яшчэ і нейкі новы, пакуль мала зразумелы для яго, погляд на жыццё, на яго колеры і гукі, на чалавечыя пачуцці, на мастака і мастацтва.

I яму зусім не хацелася згубіць гэтую крыніцу. Ён ведаў, што кожнага чалавека, які сустрэўся з табою па дарозе і ідзе ў той самы бок, што і ты, — трэба вельмі-вельмі берагчы і не губляць з вачэй.

— Ты аб чым задумаўся, — шгурхнуў яго Яніс і пажартаваў, - слухай, пра генія размова ідзе. Пра цябе.

— Цiпун табе на язык, — шапнуў Андрэй, — я пакуль мошчамi быць не збiраюся.

Голас у цемры стаў іранічным:

— Зноў магутна прадстаўленая Беларусь размовы вядзе?

— Прабачце, — сказаў Андрэй, — Янiс кажа, што «Цыганка» Хальса вельмi падобная на яго жонку.

Адчувальны штуршок пад рэбры:

— Свіння.

— Зайздрошчу, — сказала яна, — вы, Вайвадс, з самага пачатку лекцыі думаеце пра гэта?

— Ён хлусіць, — забурчаў Яніс, — ён проста сказаў, што не хоча быць геніем.

— Супакойцеся, — сказала яна, — гэта небяспека, здаецца, нікому з вас не пагражае.

— З'еў? — спытаў шэптам Вайвадс.

А голас гучаў зноў. I Андрэй паступова зноў забываў аб вясне, паглыбляючыся ў яго мяккія хвалі.

— Саскія штурхнула Рэмбранта на той шлях, па якім ён пайшоў пасля яе смерці. Да гэтага пералому яго любілі ўсе, ён ледзь спраўляўся з заказамі, у яго было трыццаць вучняў… Але толькі ў апошнія гады жыцця з ёю, а асабліва пасля яе смерці ён зразумеў, што бюргеры хочуць золата і мармуровых калон, хочуць карцін, якія прыемна казычуць нервы, а перад ім другі шлях — выяўленне ўнутранага жыцця чалавека. I на гэтым шляху ён адзін… Прымірэння не было.

Андрэй раптам убачыў, што яна ўзяла нешта з сумачкі, паднесла да вуснаў і глытнула. Потым, пасля паўзы, казала далей голасам, які стаў трохі больш глухім:

— Спыніцца на шляху ён не мог. I з гэтай хвіліны карцінам яго было суджана заставацца з ім да смерці… I гэта пасля славы.

Яніс, які ўсё яшчэ не мог забыць крыўды, нахіліўся да вуха Андрэя:

— Гэта пра цябе, — з'едліва сказаў ён. — Вершы застануцца з табой.

— Сціхні, бандыт, — сказаў Андрэй.

— I першай з гэтых новых карцін стаў "Начны дазор". Ні сучаснікі, ні мы не здолелі зразумець, што малюе на ёй мастак.

Проста на Андрэя рухаўся знаёмы з дзяцінства натоўп. I сярод гэтага натоўпу схілялася светлая фігура дзяўчынкі з пеўнем у руках.

— Гэта — трывожнае пачуццё чагосьці, што вось-вось можа адбыцца. I людзі ідуць змагацца з гэтым "чымсьці", у імгле і цемры. Яшчэ поўныя сілы, а праз гадзіну, магчыма, аддадзеныя невядомаму.

Андрэй разумеў усё, што яна кажа, нейкімі падсвядомымі глыбінямі, і ўсё гэта было блізка яму.

— Няўжо Рэмбрант з'явіўся адзін? Няўжо ніхто не шукаў разам з ім? Не… Не маглі ўзняцца да яго, але шукалі. Вось Вермеер з Дэльфта. Прасцей і натуральней нельга выявіць чалавека. Але яго цікавіў толькі гэты, толькі адзін чалавек, а Рэмбрант агульначалавечы, як кожны геній.

I боль Рэмбранта быў знаёмы многім. Але ў іх гэта быў проста безвыходны боль, а ў Рэмбранта — тута па еднасці чалавечай, туга па тым, як цяжка, мудра і нясцерпна жыць кожнаму на зямлі.

Глядзіце, вось — "Яўрэйскія клады" Рэйсдаля.

Яна сціхла на хвіліну. Андрэй бачыў, як ускінулася на светлы прамакутнік экрана яе тонкая рука. Адбіткі дыяпазітыва клаліся і на яе, і праз гэтую руку з плоці і крыві, тонкую белую руку, здавалася, бачна было тое, што на экране. Рука была празрыстай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: