Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Андрэй выйшаў у калідор. Закурыў. Вось, здаецца, і нічога не адбылося, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі. Добра стала жыць.

Марыя стаяла ля акна і нервова курыла. Калі ён падышоў бліжэй, — скамечыла муштук папяросы, ружовы ад губ, і кінула ў попельніцу.

— Ты прабач, — сказала яна, не ўздымаючы павек, — я пагарачылася. Вядома, ні з кім ты не быў. Проста я дурное, раўнівае дзяўчо. Не злуйся. Проста я вельмі-вельмі цябе кахаю.

Андрэй засмяяўся.

— Чаго там, — сказаў ён, — вядома, глупства. Ну, пакінь злавацца.

Яму чамусьці хацелася быць вельмі добрым.

— Мне кожны дзень без цябе — пакута, — сказала яна.

— Дурнічка, я ў бліжэйшы час табе яшчэ такі сюрпрыз падрыхтую. Так што давядзецца звыкаць.

— Чаму? — з трывогай спытала яна.

— Еду дадому, у Востраў. На некалькі дзён.

— Чаго?

— Бацька нешта захварэў.

— Перадай прывітанне, — сказала Марыя.

Андрэй паглядзеў на сад за акном, увесь белы, пульхны, молада чысты і радасны, і зноў шырока без прычыны ўсміхнуўся.

Р а з д з е л VI

Гарбаты вiядук перакiнуўся цераз пуцi ад агнёў станцыi кудысьцi ў цемру. У цемры глуха шапацелi галiны таполяў з рэдкiмi жоўтымi кроплямi агнёў, што заблыталiся ў iх.

Пасля Масквы ціша здавалася асабліва гучнай, снег — асабліва белым, паветра — асабліва мяккім. На маленькай плошчы за віядукам было пуста. Толькі ў адным акне аўтобуснай станцыі ледзь свяціўся цьмяны агеньчык.

Было далёка за поўнач, і таксі ўжо не хадзілі. Андрэй падумаў хвіліну, ці не вярнуцца на вакзал, каб чакаць раніцы, але потым успомніў, што да горада ўсяго пяць кіламетраў, што начны марозік такі свежы і калючы, што так добра рыпіць пад чаравікамі снег, і вырашыў ісці пешшу.

Ён ішоў вулкаю прадмесця паўз сонныя дамы ў замрэяных садах і ўсё думаў аб той лёгкасці, якая спадарожнічала яму апошнія два дні перад паездкай.

Цёмная сцяна сонных хат і садоў толькі зрэдку перарывалася больш светлымі плямамі: асветленым будынкам чыгуначнага клуба, станцыённым упраўленнем — і зноў цягнуліся сады і хаты, хаты і сады.

Нейкая машына дагнала яго. Андрэй азірнуўся, убачыў будку кузава і падумаў быў, што гэта нейкі рэфрыжаратар. Галасаваць не варта было, і ён спакойна ішоў далей, але машына дагнала яго і спынілася.

— Сядай.

Андрэй пабачыў, шго машына міліцэйская і, відаць, вяртаецца з нейкага начнога аб'езду.

— Сядай.

— Дзякую вам, я яшчэ трошкі пачакаю. Нешта пакуль не хочацца, — сказаў Андрэй.

Міліцыянер, што сядзеў поруч з шафёрам, засмяяўся.

— Ды сядай, Андрэй, чаго там.

Грынкевіч паціснуў плячыма: тут яго ведалі ўсе, у Маскве — амаль ніхто, і, абышоўшы машыну, сеў у кузаў, думаючы, што гэта ён упершыню робіць такое падарожжа.

Дзверцы з маленькім акенцам ляснулі за ім. На лаўцы сядзеў стары знаёмы, старшына Рожкін, і ўсміхаўся на повен рот.

— Куды паедзем, у працвярэзнік ці прама ў КПЗ? — спытаў ён.

— Вязі ў КПЗ, — сказаў Андрэй.

— Чаго?

— Бліжэй да дому.

Яны селі поруч і закурылі.

— Я жартую, — сказаў Рожкін, — ты ў нас ганаровы грамадзянін, цябе ў КПЗ нельга… Вершы новыя ёсць?

— Ёсць.

— Ты б працягнуў Пятра Зарубу. Такі агіднік. Скардзіўся нам на амбулаторыю, што яны прыбіральню проста перад яго вокнамі паставілі. Ну, нельга ж так адразу разбурыць. Разабрацца трэба, Дык ён чакаў-чакаў і ўначы пайшоў і сам сякераю ўсё парушыў… Дальбог, напішы.

— Гэта ўжо Гогаль зрабіў. I лепей за мяне.

— Ну глядзі.

Рожкін высадзіў Андрэя ля самай яго вуліцы, вузкай, вельмі правінцыяльнай. Вуліца адным канцом упіралася ў галоўную вуліцу, другім — у Дняпро.

Андрэй ішоў вельмі павольна, здзіўляючыся, як кожны раз, якімі маленькімі сталі дамы, якімі высокімі, у параўнанні з імі, сады.

Яшчэ здалёк, за чатыры хаты, пачуў усхваляваны, радасна-залівісты брэх куртатага Тобса, незаконнага нашчадка таго Джэка, што калісьці першым прывітаў ля гэтай хаты Алёнку Століч. I ўспамін, замест таго каб балюча крануць па сэрцы, проста сціснуў яго няжорсткай лапай і адразу адпусціў.

Пэўна, і сапраўды ўсё праходзіць.

Калі ён штурхнуў фортку і прайшоў алейкаю да ганка, у адным акне загарэлася святло: маці пачула брэх, адразу зразумела і ўстала. Ён не паспеў нават пазваніць, як дзверы адчыніліся.

Маці стаяла перад ім у пуховай хусціне, накінутай на плечы. I ён пераступіў парог, падхапіў яе на рукі і ўнёс у перадпакой. Паставіў на ногі, абняў, амаль з жахам адчуваючы, якая яна нізенькая (а была ж такой высокай!), якая высахлая (а была ж такой па-жаночы мажнай), якія ў яе сівыя валасы, якія цёмныя, спрацаваныя рукі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: