Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Грынкевіч баяўся прыцягнуць увагу другіх да сваёй зацікаўленасці гэтым чалавекам. Таму ён ніколі нікога не распытваў аб ёй, старанна ўнікаў размоў з сябрамі на гэту тэму. Ён не ведаў, як яна жыве, хто з яе сваякоў дарагі ёй і ці ёсць яны наогул. Тое-сёе ён высветліў сам, напрыклад адрас яе бацькоў (па тэлефоннай кнізе). Ён некалькі разоў хадзіў ля гэтага будынка і ў думках насяліў яго самымі прыемнымі людзьмі. Потым выявілася, што вокны выходзяць не на вуліцу, а ў вузкі, падобны на студню, двор і ў вокнах, якія ён умоўна выбраў для яе, жылі, цалкам, магчыма, зусім дрэнныя людзі.

Ён чытаў яе кнігі і ведаў, што ў яе ёсць стрыечная сястра. I тое і другое было горш за яе.

I вось усё.

Тым не менш ён жыў ад сустрэчы да сустрэчы. А цяга ўсё расла і расла.

Ён ведаў, што ўсё гэта можа задушыць яго, штурхнуць на дзікія ўчынкі. Таму ён цвёрда вырашыў у бліжэйшыя дні пагаварыць з ёй.

Быў канец верасня. Залацістая празрыстасць гэтых асенніх дзён, а можа, і тое, што ён вось-вось вырашыць свой лёс, трошкі супакоілі Андрэя.

У гэты дзень Грынкевіч і Вайвадс адшукалі ў раёне Астанкіна старыя могілкі і сядзелі там на лаўцы ў адной з далёкіх алей. Спрачацца яны амаль кінулі, кожнаму было не да таго. Але нават думаць і маўчаць разам было прыемна. Так вось, рука да рукі, яны з'явіліся і ў інтэрнат.

Андрэй ледзь паспеў скінуць паліто, калі адчыніліся дзверы і ў пакой увайшоў Баранаўскас, а за ім з'явілася цяжкаватая постаць Вайвадса. Грынкевіч добра ведаў яго, што адразу здагадаўся: здарылася нешта няладнае.

— Што такое? — тон пытання быў цвёрды і насцярожаны.

— Бачыш… Словам, табе трэба быць мужным…

Яны хоць каго маглі давесці да вар'яцтва сваімі падыходамі.

— Хто? — спытаў Андрэй.

Баранаўскас працягнуў яму прамакутнічак тэлеграмы. Дзіўна, у Андрэя нават не калаціліся рукі.

"Бацька памірае. Прыязджай. Маці", — прачытаў ён.

Далей быў правал. Ён не траціў прытомнасці, ён, як сказалі потым, вельмі разумна і холадна адказваў на пытанні сяброў. Але помніў ён ужо толькі канец збораў: зачынены чамаданчык і паліто, у рукаў якога аніяк не жадала трапляць рука.

— Ціха, ціха, — супакойваў яго Баранаўскас.

— Я спакойны, — адказаў ён.

…Ноч была пеклам. Цягнiк, грукочучы, iмчаў, глытаючы кiламетры. А ён ляжаў на верхняй палiцы, тварам угору, i думаў толькi аб адным: "Толькi б паспець. Толькi б ён выжыў".

А колы запаволена грукаталi:

— Па-спе-еш ці не? Па-спе-еш ці не?

А потым раптам пераходзілі ў паскораны ляск:

— Спяшай-ся, спяшай-ся!

Кроплi наўкос паўзлi па шкле. Грынкевiч ляжаў i думаў аб тым, што за чалавек яго бацька.

Успаміны плылі перад вачыма. Зрэдку лёгкія і ружовыя ад часу, часцей — такія, якім нават час не мог дапамагчы.

— Спяшайся! Спяшайся! — спявалі колы.

Калі ён сядзеў у таксі на прывакзальнай плошчы, — твар ягоны быў такі, што шафёр пасунуўся бліжэй да сваёй дзверцы. Машына шалёна імчала вулкамі, правальвалася на спускі і пад віядукі, узлятала на масты і зноў нырала з іх. Мільгалі дамы. А Андрэй сядзеў і пад штуршкі колаў па бруку падлічваў удары пульса, якія там, зусім блізка, здавалася яму, усё слаблі і слаблі.

Машына моцна села ў каляіну, паблізу ад былога лабаза. Разлічыўшыся з шафёрам, Андрэй пабег. Бегаў ён добра, але тут, як уяўлялася яму, рухі яго былі не хутчэйшымі за рух слімака на лісце капусты. Ён кінуў свой груз на ганак нейкага дома, ірвануўся наперад і выскачыў на галоўную вуліцу.

I тут насустрач яму трапілася пляменніца. Ішла, сціснуўшы ў кулаку нейкія паперкі.

— Што? — аднымі вуснамі спытаў ён. — Жывы?

— Ты што, не ведаеш? Памёр яшчэ раніцай.

Яе маладзенькі свежы тварык яшчэ не прызвычаіўся за кароценькае жыццё адлюстроўваць на сабе гора. Таму выраз гора на яе твары быў хутчэй выразам халоднай пагарды, і Андрэй спачатку не паверыў ёй.

– Іду даваць тэлеграмы, — сказала яна, і толькі тады сэнс таго, што яна сказала, увайшоў у свядомасць.

Калі яна знікла за рогам дома, яму захацелася сесці на зямлю і не ўставаць як мага далей. Але страшэнным намаганнем волі ён прымусіў сябе ісці. Дома заставалася маці. Ён не меў нават права плакаць, адзіны мужчына ў сям'і.

Ля дома стаяў народ. Нейкія людзі змянялі адзін аднаго. Бацька ляжаў галавою ў кут у сваім старэнькім гарнітуры. Аблічча было спакойнае, бровы трохі прыўзнятыя, быццам ён зазірнуў кудысьці за край і пабачыў тое, чаго нікому не дадзена ўбачыць.

Маці падышла і прынікла галавою да грудзей Андрэя. Не, ён дарэмна думаў, што яму давядзецца падтрымліваць яе. Яна не магла дазволіць сабе слёз. У хаце таму, што яна была гаспадыня — маці ўсіх тут. На могілках — таму, што не хацела, каб слёзы бачылі аматаркі бясплатных прадстаўленняў.

Далейшае праляцела бы ў сне. Дзесяткі людзей, што ўспомнілі аб чалавеку тады, калі ён перастаў ім быць… распухлы ад слёз тварык пляменніцы, дзядзька, разгублены ўпершыню ў жыцці… прамая постаць маці, машына, якая павольна паўзе, пакідаючы за сабою калматыя лапкі ялін.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: