Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

А Масква была ў тую восень, як назнарок, нечувана прыгожай, пакорліва-мяккай. Паркі спакойна аддаваліся зазімкам. З кожыым днём меншала сонца на вуліцах і большала затое ў садах. Падмаскоўе мякка гудзела электрычкамі ў сумна-прыбраных, прасторных гаях. А глыбокай ноччу ў парках паміралі пад белай пудрай намаразі вялікія кветкі апошніх вяргінь. Малыя кветкі вяргінь яшчэ трымаліся і сяк-так зносілі начную шэрань і дзённыя дажджы.

І вось аднойчы ён, падымаючыся па сходах, адчуў, што нешта змянілася. Нешта было не так. У самім паветры, у мурах будынка, ва ўласным сэрцы.

Ён зайшоў у калідор, назнарок не заглядаючы ў канцылярыю. Назнарок спіною да дзвярэй пайшоў да вешалкі. Ён ведаў: яна сядзіць у крэсле ля акна. На ёй неадменна кофтачка жаўтаватага колеру і цёмная, званочкам, спадніца. Але нешта яшчэ павінна было быць, чужое, іншае, тое, чаго не было.

Па дарозе Андрэй зірнуў у расклад заняткаў, нічога ў ім не пабачыў, акрамя чорных радкоў, і нарэшце зайшоў у пакой.

Яна сапраўды была там, сапраўды сядзела ў крэсле, сапраўды была апранута так, як яму ўяўлялася. I сапраўды было ў яе абліччы нешта чужое. Ён нават не адразу заўважыў, Ага, замест вузла валасоў — іншае. Валасы сабраныя пад патыліцай у завіты… хвост ці што? Андрэй не ведаў, як гэта завецца. Але яму гэта не спадабалася. Гэта было таксама вельмі прыгожа, але неяк знішчала асноўную прыгажосць яе аблічча: выраз высокай разумнай чысціні.

Дарэчы кажучы, ён потым паспрабаваў гадзіны дзве паўтараць сам сабе: "Не трэба гэтага, патрэбен стары вузел, ён робіць вас высакароднай, падобнай на старажытную грачанку". I сапраўды, у наступны раз яна з'явілася са старым вузлом. Магчыма, праўда, што яна заўважыла чыйсьці насцярожаны позірк і зразумела, што старая прычоска ей больш да твару.

Але гэта было потым, а зараз Андрэй быў уражаны, і гэта адабрала ў яго рэшткі разважлівасці і смеласці. Толькі тут ён адчуў, што ён дурань, што каханне нікуды не ўцякло, што яно проста было ў засадзе і зараз возьме яго без бою.

Пакутліва адчуваючы ўласную дурнаватую ўсмешку, адчуваючы, што ўся кроў кінулася яму ў твар, ён падышоў да Галіны Іванаўны і зрабіў чарговае глупства: пацалаваў ёй руку. Немагчыма ж, немагчыма было цалаваць руку той, другой. I тады ён склаўся амаль напалам (крэсла было нізкім) і паціснуў вузкую руку з тонкімі пальцамі:

— Дзень добры.

— Дзень добры, Андрэй. Я атрымала вашу кнігу. Але мяне не было ў Маскве.

Андрэй ведаў, што гэта няпраўда. Але гэта было ўсё адно. Яна магла рабіць усё. Яна была вышэй усяго такога.

— Ну і як? — задаў ён дурное пытанне.

— Пагаворым пасля, — сказала. яна.

Грынкевіч ведаў: тон яго і выгляд не належаць да лепшых. Хутчэй да горшых. Ён усё разумеў, і ў гэтым была ягоная кара.

Ён сустракаўся з многімі, ён меў вопыт, ён ведаў жанчын (у той меры, у якой гэта, наогул, даступна мужчынам). Але тых ён не кахаў. Перад сапраўдным каханнем мужчына — безабаронны.

I тады ён вырашыў проста сядзець і маўчацы Слухаць і прызвычайвацца. Гэта дало пэўныя вынікі, як любіў гаварыць стараста курса. Але Андрэй з жахам адчуваў, што яму ўсё горш і горш. Знікла некуды таварыская вольнасць у размовах, жахлівей за ўсё здавалася падысці і сказаць пару простых слоў. Ён бачыў часам, што яна кідае на яго неўразумелыя позіркі, але нічога не мог з сабою зрабіць.

Ён ведаў, адносная свабода можа вярнуцца толькі пасля рашаючай размовы, а на гэта яму якраз не хапала мужнасці. Ён адразу прыпамінаў, што ён пачвара, што ў яго доўгая постаць, непрыгожая пасадка галавы, занадта ганарыстая, што надае яму падабенства з пеўнем. Рукі здаваліся яму жаночымі, вочы — зіркатымі, ногі — нязграбнымі, манеры — дрэннымі. Адукацыя ў яго была — непатрэбная, моў ён не ведаў, акрамя польскай ды лацінскай, ды яшчэ трошкі нямецкай. Але які дурань будзе размаўляць з жанчынай па-латыні. А нямецкая — гэта ж груба, як бурчанне ў жываце. Што на гэтай мове пісаў Гётэ — неяк не прыходзіла яму ў галаву. Тым больш не прыходзіла ў галаву, што ёсць нядрэнная свая мова.

Словам, усё давала падставу для вартых жалю меркаванняў аб сваёй асобе. А між тым усё гэта было не так. Нічога асабліва брыдкага ў ім не было. Чалавек як чалавек.

З Марыяй яны пасля вакацый віталіся — і толькі. Яна пачала чагосьці прыпадаць да Горавай, і Андрэю гэта не вельмі падабалася. Мала чаго можа наплявузгаць. Потым даводзь, што ты не вярблюд.

Яніс пачаў нешта заўважаць. Аднойчы голасна выказаў дурное прыслоўе, што каханне і асла вывучыць скокам. Словам, адусюль былі адны непрыемнасці.

I ўсё ж Андрэй не верыў у горшае. Не верыў таму, што яна, дасціпная, як мала хто з жанчын, была ў адносінах з ім зусім не такой, як з другімі. У слоўных баталіях з хлопцамі яна любіла не пакінуць ад апанента (а сярод іх былі дасціпныя і сапраўды разумныя людзі) каменя на камені. I толькі да аднаго Андрэя ставілася з выключнай мяккасцю, ніколі не закранула яго нават ценем рэзкага слова. Ён адчуваў гэта і таксама як мог абараняў яе ад непатрэбных сутычак.

Яе курс хацелі ўрэзаць. Андрэй арганізаваў петыцыю супраць гэтага. Было і другое. Але яна не павінна была ведаць аб гэтым. Гэта было без патрэбы. Яна была вышэй гэтага.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: