Шрифт:
— Я не думаў, што змагу, як хлапчына, насіць вершы, мерзнуць на тратуарах, з трапятаннем чакаць серады і суботы, паміраць у астатнія дні. Не думаў, што ў мяне будзе падаць сэрца, калі ўбачу на вуліцы кагосьці падобнага, убачу падобнае паліто, падобны вузел валасоў. О-ох!
Нахіліўшыся, ён цалаваў яе вочы, адчуваючы, як уздрыгваюць веі пад яго губамі. А яго вялікія далоні трымалі і лашчылі яе кволыя і моцныя плечы, рукі, запясці рук.
— Будзьце лепшай са мной, — прасіў ён. — Кожны дзень — першая думка мая пра тое, што жыццё гожае, таму што ёсць вы.
Нясмела адрываючыся ад яго, яна нарэшце сказала перарывістым голасам:
— Iдзiце, iдзiце адсюль… Вашым каханнем прашу.
З цяжкім уздыхам ён апусціў рукі, зняў паліто з вешалкі, апрануў яго і раптам цалкам лагічна сказаў:
— Чорт, забыў… Гэта вам.
I, засунуўшы руку ў кiшэнь, дастаў адтуль i падаў жанчыне вялiзны барвяны гранат, велiчынёю з дзiцячую галаву.
— Сімвал?
— Н-не ведаю… Які?
— Мадонна на старых карцінах заўжды трымала гранат у руцэ. Сімвал улады.
— Трымайце, — сказаў ён. — Як сімвал улады нада мной.
Р а з д з е л XV
Яніса амаль цэлы месяц не было ў Маскве. Быў у Рызе. Сам зняволіў сябе ў Доме творчасці і пісаў там новую паэму. Яму лепей за ўсё пісалася позняй восенню, у лістападзе, калі над зямлёю нізкае шэрае неба, туман ляжыць на верхавінах дрэў і нават апалая лістота паспела згубіць свой залаты колер і стаць грыфельна-шэрай.
Ён проста быў моцны і жыццярадасны чалавек. А такія любяць восень. I любяць працаваць увосень, таму што ў астатнія поры года жыць хочацца больш, чым пісаць.
I вось у гэты дзень ён уварваўся ў пакой Андрэя, не пастукаўшы, і яшчэ з парога загарлаў:
— Здароў, самотны рымлянiн.
Андрэй скочыў, як бы яго шылам парнулі. Так яны і стаялі, абняўшыся: Яніс у мокрым ад лістападаўскага дажджу плашчы, а Андрэй — у трусах і майцы.
— Дружа мой. Сядай. Як пісалася?
— Геніяльна.
— Што напісаў?
— Напiсаў, брат, сумную рэч. Паэму аб мацi.
Яніс сеў:
— Быццам зноў прайшоў шлях. Уся гэтая гарота, нястача, слёзы… I тут яшчэ яе смерць… Цяжка было… I ў тон настрою Дзінтара юра [Янтарнае мора] за акном шуміць-шуміць. Кожную ноч.
Ён выцягнуў руку з кішэыі, расціснуў пальцы. I ў пакоі быццам адразу стала святлей.
На далоні ляжала некалькі янтарных кавалкаў: іржава-карычневых, шакаладных, празрыста-залатых — быццам ззяючых цеплынёй.
— Поўзаў, брат, па беразе для цябе. Хацеў табе Балтыку прывезці.
— А я што табе прывязу?
— Прывязi кавалачак Нарачы, — Янiс пачынаў дурэць. — Прывязi Белавеж або лепей бутэльку «Белавежскай».
— Зубра нованароджанага табе не прывезцi?
— Прывязі зубрыху… Буду вадзіць яе на пашу ў Астанкіна. Выпушчу на партэр і — "гуцю-гуцю, падласая!".
Андрэй палез у шафку.
— Белавеж самому патрэбна… А «Белавежскай» бутэльку разап'ём. Прыслалі.
— Братка ты мой. Ашчаслівіў ты мяне, ашчаслівіў. Цяпер я і ад тэрытарыяльных дамаганняў адмаўляюся. Месяц у рот не браў. Вось так працуеш, як дурань, а п'янка запушчаная.
Андрэй, сабіраючы на стол, усміхнуўся.
— Дрэнны з цябе патрыёт. Во Баранаўскас патрыёт дык патрыёт. Надоечы напіўся і раптам успомніў, што ён літовец. Спрадвеку з ім такога дзіва не было. Пачаў да мяне тэрытарыяльныя прэтэнзіі прад'яўляць. Кажа: аддавайце нам Гродна, Ліду, Ашмяны і Навагрудак. Я кажу: родненькі, бяры, бяры, калі ласка. Мне што, мяне не абыходзіць. Бачыць: вайны не будзе. Дзе, крычыць, Вайвадс? Давайце яго сюды. Чаму забраў у нас Даўгаўпілс?.. Тут я з лёту эпіграму:
Хотел дойти до Даугавпилса,
Но вместо этого напился.
Мы паклалі яго на ложак, укрылі абрусам, і ён захроп.
— Салодкае жыццё, — сказаў Яніс.
— Сядай за стол, падонак, — сказаў Андрэй. — Сядай, лэйбус.
За акном ляжаў пахмура-шэры свет. Нiзкiя, пашкуматаныя кiмсьцi хмары беглi над дахамi дамоў.
Ледзь праглядваўся недзе далёка паміж дамамі шпіль высотнага будынка, напалову схаваны ці то ў хмарах, ці то ў дыме.
Выпілі.
— Як лекцыі? — спытаў Яніс. — Як Горава?
— На нашым курсе ў яе добра. На другім — справа дрэнь.
— У нас хлопцы надзіва памяркоўныя, сумленныя і цікавыя, — сказаў Яніс. — Акрамя Стаўрова з Ліпскім, дрэнных і не ведаю.
— А чым яны табе назалілі?
— У мяне нюх на людзей. Стаўроў — прэтэнцыёзны невук, а Ліпскі наогул дробная дрэнь… Чакай, яны яшчэ нам дадуцца ў знакі, каб іх долечка ліхая судасіла, каб іх…
— Я Ліпскага не разумею. Яму б год на дзесяць раней жыць.
— Ён і жыў… А што на другім курсе?
— А там проста Ліпскіх больш. Рагочуць з голых багоў. Адзін сказаў, што Афрадыта, якая ўстае з пены, наводзіць яго на думкі аб мацярынстве.