Шрифт:
— Бацька не скончыў, - сказала Ганна. — Ён памёр год таму. Была б зусім адна, каб не сябры. Лаюцца вось… Кожны вечар за кулакамі свету не бачыш.
На руцэ ў чалавека, як плашч Апалона Бельвядэрскага, вісела чыёсьці паліто. А ля самых ног статуі мірна спаў мармурова-бледны юнак. Спаў, паклаўшы галаву на пальцы гранітнага ступака.
— Бачыце, які Марфей, — усміхнулася гаспадыня. — Гэта Аленін, бадай, лепшы з маладых мастакоў. Горачка маё! Узяў ды падпіты прыцёгся. Няхай праспіцца, не выганяць жа на холад.
Андрэй быў здзіўлены. На стале з ножкамі ў выглядзе гермаў стаяла толькі некалькі бутэлек сухога віна, але застолле выглядала ці то на парах, ці як злёгку ашалелае.
Мужчына артадаксальнага выгляду грузна сядзеў у крэсле, паклаўшы на падлакотнікі страшэнныя рукі. У жорсткіх, як дзікова шчэць, валасах першым снегам легла сівізна.
— Сюррэалізм, ташызм, — басіў ён. — Сорак год падыходзіць ваша новае цеста. А калі ж вы пекчы будзеце? Вы пакуль што толькі і дбаеце пра тое, каб не перабухаць солі або цукру.
Некалькі чалавек, седзячы вакол, слухалі шчэцістага, а насупраць яго стаяў на падэсце — на крэсле натуршчыцы — худы юнак з прыгожым нервовым тварам і гарачыўся:
— Не прыпісвай мне ташызм!.. А што да цеста, дык гэта ты, гэта Юпіцеры ад мастацтва перашкаджаюць нам. На дзесяць год замарозілі цеста, а цяпер раз-пораз штурхаеце. А цеста не любіць штуршкоў.
— Гэта ўсё інтэлектуальны снабізм, — басіў грузлы.
— У нас снабізм. А маляваць бяздарныя фотапартрэты — гэта не снабізм? I яшчэ горшы, бо кан'юнктурны снабізм.
— У вас кар'ерызм і зайздрасць да «абоймы».
— Не скажы, — іранізаваў юнак. — Добрую мы кар'еру зрабілі. А зайздросціць няма чаго. Старцам не зайздросцяць.
А ўбаку сядзеў насупраць гожай, зусім маладзенькай дзяўчынкі хлопец у акулярах з сумным прасценькім абліччам і казаў:
— Самае лепшае там — лотас. Гэта трэба самой бачыць. Тоўстая сцябліна, і на ёй, адарваўшыся ад смаляной гразі, вырастае масляністая, ружова-белая раскоша.
Дзяўчынка глядзела на яго спуджанымі спачувальнымі вачыма, раз-пораз кранала яго руку і ўмаўляла:
— Не скручыньвайся ты так. Не вартая яна. Не трэба.
Ганна ўсміхнулася Андрэю.
— Не бойцеся цыганшчыны, — сказала яна. — Гэта ўсе добрыя хлопцы. Проста патроху развіваюць лёгкія… Знаёмцеся, хлопцы, гэта Андрэй Грынкевіч.
Упала цішыня. Потым грузлы падаў Андрэю руку.
— Чулі. Гэта не вам давалі гэткага здаравеннага выспятка ў пяцьдзесят шостым? — I адрэкамендаваўся: — Яхненка.
— Мне, — сказаў Андрэй. — Нічога, і спіна і іншае, усё на месцы.
— Чулі, а зараз бачым і суцяшаемся, — хітравата ўсміхнуўся нервовы юнак. — I яшчэ тое-сёе ад кагосьці чулі… Я Пятроўскі.
Аленін, відаць, пачуў нешта праз сон, адарваў ад п'едэстала шчаку, на якой чырванеў, як поўха, выразны адбітак гранітнага ступака, і сказаў са змрочнай іроніяй:
— Узыходзячы Купала…
— Спі ўжо, узыходзячы Рэпін, — сказала яму Ганна.
— Не абражай, — сказаў ён. — Я позні Рэпін з ліловымі запарожцамі. А спаць — я магу. Хто спіць, той не піша карцін. I вершаў не піша. Не грашыць.
I, апусціўшы галаву, зноў заснуў сном немаўляці.
— Пакіньце спрачацца, хлопцы, — сказала Ганна. — Што, сапраўды? Як сыдуцца, так і за лаянку. Лепей спявайце. Зайграў бы што, Петрык.
Хлопец у акулярах сапраўды сеў за раяль. Пятроўскі, якога, відаць, цягнула да розных нязручных месцаў, сеў на раяль, выцягнуўшы ногі і абапіраючыся рукамі, адведзенымі за спіну!
— Бачыце вы, Іда Рубінштэйн, — кінуў яму Яхненка, усё яшчэ злосны пасля маральнай лазні. — Пачак, і з яго чатыры запалкі тырчаць.
— А ты архiдыякан, — сказаў з кута нехта. — Ты метафiзiк i кiруючы жораў на балоце мастацтва.
Яхненка шчыра і горача зарагатаў.
— Пляханава начытаўся, — са з'едлівай усмешкай сказала ў кут Ганна. — Глядзі, застанешся са сваёй навукай у дзяўкох.
Потым узяла бутэльку віна, дзве шклянкі і панесла ў кут, да глыбокай канапы.
— Сядайце, — сказала яна Андрэю, — калі хочаце, скідайце туфлі.
I сама скінула туфлі, забілася ў зручны куток. Андрэй з мужнасцю адчаю зрабіў тое самае.
— Піце, — сказала яна. — Расказвайце.
Асветлены толькі ніжнім святлом, спяваў недзе далёка раяль. Скупчыліся вакол яго маўклівыя постаці хлопцаў. Петрык граў Мендэльсона, тую самую яго рэч — Андрэй забыў назву, — дзе музыка быццам гаворыць праз светлы сум: "Нічога не зробіш".