Шрифт:
— Глядзіце, духаўская царква. Як дзяўчына ў сарафане! I гэты кафляны паясок каляровы… якраз пад грудзьмі. Дзіва!
А над ракай Сергія ў вечным жоўтым зарыве свечак, пад нямоўчны спеў галасоў, схіляла галаву зусім як тыя, тут жа, на рублёўскіх абразах.
— Чуеце? "Нашэсце іншапляменных"… Словы якія!
І хаця рукою махаць хацелася Андрэю на тое, што вырасла гэтага "Нашэсця іншапляменных", — ён маўчаў.
Проста быў уражаны тым, што адбывалася. Нядобра гэта было, гульня з людзьмі. Ён разумеў гэта і, аднак, заставаўся пры сваім.
У дзверы плыло марознае паветра. I яго водар, водар заінелых дрэў, мяшаўся з водарам яе цёплай скуры.
…Па дарозе ў рызніцу Андрэй аскандаліўся. Ірына пайшла дамаўляцца ў дырэкцыю. Усе стаялі і чакалі яе. I тут нейкая дзяўчына, вельмі вытанчаная з выгляду, праходзячы паўз яго, упусціла кніжку. Ён нахіліўся быў, але дзяўчына, яшчэ шпарчэй, выхапіла кніжку з-пад яго рукі, сказала скорагаворкай:
— Бач ты, які прэндкі на чужое дабро.
Вакол зарагаталі. Андрэй ледзь не праваліўся на месцы. Каб неяк выблытацца з няёмкага становішча, ён сеў на прыступкі і, калі Ірына выйшла, сказаў басам, але ў наўмысна дзіцячым, дурасліва-слёзным тоне:
— Iрына Сяргееўна, мяне крыўдзяць.
Толькі тут на імгненне сухасць знікла з яе вачэй, і яна спытала:
— Ну што, ну што з вамі? Што?
I нейкая такая пяшчота была ў яе голасе, што Андрэю быццам цёплым крылом правялі па сэрцы.
А потым зноў халодная складка вуснаў. I зноў поруч Стаўроў.
У рызніцы міліцыянер з рэвальверам хадзіў, ледзь не наступаючы ім на пяты, відавочна мяркуючы, што пісьменнікі — гэта мазурыкі і авантурысты. "Неча сумленным людзям кніжкі пісаць!"
А Андрэю ўсё гэта зіхаценне золата было смешным. Ён ведаў: памяць учэпіста зберажэ ўсё: ваздухі, аклады, цяжкія, як догма, кнігі. Але ўсё золата не варта было аднаго разьблення па слановай косці работы безыменнага мастака.
I ўсё гэта разам не варта было не толькі яе, але нават аднаго імгнення радасці, якая жыла ў ім, калі ён бачыў гэтую жанчыну.
Скандал усё ж выбухнуў. Здаецца, чаго было Стаўрову чапляцца да Андрэя? А ён прычапіўся. Калі яны абедалі ў рэстаране. Нехта заўважыў, што Грынкевіч "усё з дзяўчатамі". I тады Стаўроў з непрыхаванай з'едлівасцю сказаў:
— Нічога. Ім у яго таварыстве бяспечна.
Грынкевічу было ўсё адно, але Стаўроў увесь час прыдзіраўся да яго. Таму гнеў абудзіўся зноў.
Выпрастаўшыся, — за сталом запанавала раптоўная цішыня, — ён сказаў халодным голасам:
— Шкада, што тут няма тваёй жонкі. А то вельмі хутка твая галава, акрамя даволі рэдкай чупрыны, была б упрыгожана яшчэ тым-сім. Неяк ужо ўгаварыў бы сябе, перасіліў.
Стаўроў апусціў галаву, таму што ўсе маўкліва адобрылі адказ. Але Андрэю гэта было хоць бы што. Добрай была толькі іскра раптоўнай павагі ў вачах Ірыны.
Ён раззлаваўся. Пазбягаў яе вачэй, назнарок пайшоў ад усіх шукаць "таварыша іераманаха" (цьфу!), каб той адчыніў ім трапезную. Ён усё жыццё не любіў "хлебных ідэалаў" і таму — маючы на ўвазе хутчэй стаўровых, чым духам богу віннага іераманаха, — шэптам сказаў Ганне:
— Сволачы! Не вераць ні ў бога, ні ў д'ябла, не вераць нават у бессмяротную душу… Сытыя, налітыя крывёй, абыякавыя да зямлі…
У Горавай быў надзвычай тонкі слых. Вось і зараз яна, стоячы наўздалёк, прыўзняла спуджаныя вочы. Але ён не мог ужо ўстрымацца і кінуў:
— I для такіх гнід дойліды будавалі ўсю гэту казку. Падмяніць трапезнай ахвярнасць і адданасць?
Ён назнарок не ўспамінаў пра баявое мінулае лаўры, пра Асляблю і Перасвета, як не хацеў помніць і тое, што сярод стаўровых здараюцца аб'ектыўна сумленныя хаця і абмежаваныя тыпы. Упершыню ў жыцці яму хацелася быць несправядлівым.
…Аўтобус ляцеў, заносячыся на паваротках. А на душы была спакойная адчайная пустэча, як там за акном, дзе ўзыходзіў круглы халодны месяц.
Замёрзлыя ставы адлівалі пад яго святлом, ружовым, як вада.
I па іх лёдзе, паміж безжыццёва чорных вярбовых шкілетаў, ненатуральна імпэтна імчалі па крузе надламаныя цені канькабежцаў. Ганна сказала праўду, усё гэта было падобна на тую кругавую віхуру, што імчала сярод іншых Франчэску і Паоло.
Ад зямлі ўздымаўся туман. Ганна сказала, што гэта на цяпло, і ён згадзіўся, хоць добра ведаў, што гэта наадварот, на холад.
У маўчанні, у дрымотнай цеплыні ён адчуў раптам пільны позірк суседкі.
— Вы кахаеце яе?
Ён маўчаў, і тады Ганна дадала шэптам: