Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Ты нешта прыдумаў?
— Есць адна задумка, — коратка адказаў Васіль.
Яшчэ адзін дзівак-турыст
Так і не здагадаліся мы з Васілём, хто такі Піліп Макаравіч. Думалі, што фокуснік, спадзяваліся, што певень вылеціць ці што-небудзь іншае жывое з'явіцца… Няўжо сапраўды ён алхімік? Чаму вадкасць, якая шыпела і булькала, піў? Няўжо яна яму не пашкодзіла? Чаму? Назбіралася гэтых «чаму?», спляліся ў такі вузельчык, што канец з канцом ніяк не звяжаш.
— Дык ты лічыш, што Піліп Макаравіч алхімік? — пытаюся ў Васіля.
Васіль развёў рукамі.
— Не ведаю.
— Чаму не ведаеш? Тады крычаў, што алхімік. Цяпер — не ведаю, — накінуўся я на яго.
— Я не крычаў, а шаптаў,— спакойна сказаў Васіль.
Крычаў… Шаптаў… Быццам вялікая розніца. Няўжо гэта не даходзіць да яго?
Я адчуваў, што трачу цярпенне. Не дзіва. Столькі навалілася за гэтыя дні! І Мураш, і вочы-светлякі, і гэтыя хімічныя доследы. Усё пераблыталася ў галаве.
— Чаму прашаптаў? — сказаў павольна, раздзяляючы кожнае слова, каб дайшло. — Якія-небудзь доказы ёсць у цябе?
Васіль зноў спакойна:
— Былі, ды сплылі.
— Калі яны сплылі?
— Калі, калі… Тады сплылі, калі дзівак-турыст стаў вадкасць піць. Цяпер разумееш? Сам паварушы галавою. Дай яму яечка, ды яшчэ і аблупленае.
— Цяпер разумею, — вінавата прамовіў я.
І ў Васіля ўсё ў галаве пераблыталася, і яму нялёгка канцы з канцамі звязаць. А я прычапіўся, накінуўся ні з таго ні з сяго. Чаму Васіль спярша падумаў, што Піліп Макаравіч алхімік? Бо нібы хімічны дослед праводзіў. А пасля… Ні хімік, ні алхімік не стане піць вадкасць, якая шыпіць і булькае. Сам пра гэта мог бы здагадацца. Нейкае зацьменне ў галаве. Заблытаў нас Піліп Макаравіч. Што ж ён цяпер у палатцы робіць? Напэўна, спіць як пшаніцу прадаўшы, а ў жываце вадкасць булькае. А можа, у невідзімку ператварыўся? Можа, тая вадкасць дапамагла яму ў невідзімку ператварыцца? Ператварыўся ў невідзімку і каля нас сядзіць, пальцам на нас паказвае, сам сабе ўсміхаецца. Я аж плячыма перацепнуў, як уявіў гэткае.
— Чаго дрыжыш? — заўважыў Васіль.
— Так сабе. Напэўна, холадна, — не прызнаўся яму. Васіль хмыкнуў:
— Хм, напэўна, холадна. Напэўна… Сам не ведае, холадна яму ці не.
Не хацелася мне працягваць гэткую гаворку.
— Васіль, ты казаў, што ў цябе ёсць нейкая задумка.
— Есць, — прагаварыў Васіль. — Трэба за гэтым турыстам і далей сачыць. Не паказвацца яму на вочы.
— Доўга прыйдзецца за ім сачыць?
— І цэлы тыдзень, калі спатрэбіцца. Мы ўсё пра яго даведаемся.
Ну й Васіль! Калі зацікавіцца чым-небудзь, дык, як гаворыцца, і за вушы яго не адцягнеш. Аднаго разу стары гадзіннік на гарышчы знайшоў. Як на грэх, вычытаў, што ў падобных гадзінніках асаблівы механізм, што нібыта праз гадзіну, як салоўка, спявае. Цяпер Васіль кожную раніцу сядзіць, штосьці адкручвае, штосьці закручвае. Цэлы месяц. Усё спадзяецца, што салоўка яму заспявае.
Я даўно той гадзіннік на сметнік выкінуў бы. Я люблю, калі задуманае адразу ж выходзіць, калі любы сакрэт у гэтую ж хвіліну разгадваецца.
— Давай падпаўзём да палаткі. Паглядзім, што Піліп Макаравіч робіць, — я не вытрываў, прапанаваў Васілю.
Васіль схапіў мяне за нагу.
— Ляжы.
— А калі мне не ляжыцца?
— Спаў бы ты лепей, — уздыхнуў Васіль. — Хоць не брыкаўся б.
Усё-ткі не можа дараваць за тое, што носам кляваў, калі нядаўна за Піліпам Макаравічам назіралі. Што ж ён робіць у палатцы? Чаму так доўга не паказваецца? А калі кепска яму стала, калі пашкодзіла тая вадкасць? Што, калі трэба дапамагчы?
Толькі падумаў так — вылазіць Піліп Макаравіч з палаткі, штосьці пад нос мармыча. Вылез, рукзак за плечы павесіў. Не на галаву паклаў, а за плечы павесіў. Дзіўна. Вучыўся на галаве насіць, нас хацеў навучыць, а сам за плячыма носіць. Дзіўна. Стаіць. Няўжо каго чакае? Ага, усміхаецца. Значыць, не пашкодзіла яму вадкасць. І ў невідзімку, як думалася, не ператварыўся. Дзіўна.
— Зараз некуды пойдзе, — шапчу Васілю.
— А мы — назіркам. Толькі не высоўвайся, — папярэдзіў мяне Васіль.
Піліп Макаравіч падаўся ў глыб лесу. Мы з Васілём за ім, перабягаючы ад куста да куста. Падобнага ў мяне ніколі не было. Такое толькі ў фільмах пра шпіёнаў бачыў. Цікава, скажу вам. У грудзях то цёпла, то холадна. І анічога вакол не заўважаеш. Толькі постаць, якая мільгае за дрэвамі.
Вось Піліп Макаравіч спыніўся каля тоўстага яловага пня, парослага мохам.
— Напэўна, грыбы шукае, — кажу Васілю. — Дзівак! Грыбоў яшчэ няма.
— Сачы. За кожным рухам сачы. Вачэй не спускай, — папярэдзіў Васіль.