Вход/Регистрация
Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Я і без яго падказкі вачэй не спускаю. Ага, нагнуўся, вырваў з пня жменю моху, паднёс да твару (мне здалося, што нюхае).

— Нюхае, — кажу Васілю. — Зараз будзе есці.

— Есці? Мох есці? — зірнуў на мяне Васіль.

— А чаму і не? Тую вадкасць — сапраўднае выбуховае рэчыва — піў? Піў. Не пабаяўся. Не пабаіцца і мох з'есці. Ці не так?

— Так, — кіўнуў галавою Васіль. — Вачэй не спускай. Мы пра яго ўсё-ўсё даведаемся. Няхай есць.

Мы памыліліся. Піліп Макаравіч не стаў есці мох. Выняў з рукзака аркуш паперы, ручку, штосьці напісаў, мох загарнуў у гэты аркуш і паклаў у рукзак.

— Мох збірае! — аж прысвіснуў Васіль.

— Ен яго сёння вечарам альбо падсмажыць, альбо зварыць, — дадаў я.

Васіль зірнуў на мяне, незычліва прамовіў:

— Вушы схавай.

Я спярша разгубіўся.

— Чаму вушы схаваць?

— Яны ў цябе, як у зайца. З-за куста вылазяць. Канешне, крыўдна стала.

— Невядома, у каго вушы большыя. Можам памерацца.

— З зайцам памерайся. З зайцам! — буркнуў Васіль.

Калі б мы не сачылі за Піліпам Макаравічам, то я яму памераўся б. Не паглядзеў бы, што сябар. Кажы, ды ведай меру.

Хацеў сказаць Васілю прыкладна так: «Няхай, няхай у мяне вушы, як у зайца, а ў цябе… у цябе, як у пацука хвост…» Ды ўбачыў, што Піліп Макаравіч палез на дуб. Так, так, на дуб, не здзіўляйцеся. Ухапіўся рукамі за ніжнюю галіну, падцягнуўся і спрытна, быццам па лесвіцы, палез на самы верх.

Некалькі секунд я стаяў адкрыўшы рот, а пасля выдыхнуў:

— Бач, як спрытна лазіць!

— Турыст-верхалаз, — азваўся Васіль.

— Чаго ён палез?

— Хто яго ведае, — паціснуў плячыма Васіль. — Магчыма, зараз пачне скакаць з дрэва на дрэва, як вавёрка.

Піліп Макаравіч не стаў скакаць з дрэва на дрэва, як вавёрка. Ен крыху пагойдаўся на галіне, як бы правяраючы, ці моцная, затым вырваў… кавалачак моху, які рос на ствале.

— Здагадваюся, чаго ён на дуб палез, — усхвалявана прамовіў Васіль.

— Чаго?

— На дубе мох смачнейшы. Пень гнілы, а дуб вунь які здаровы.

Што я мог сказаць на гэта? Толькі развёў рукамі. А Піліп Макаравіч зноў дастаў аркуш паперы, ручку, зноў штосьці напісаў, загарнуў мох у паперу, паклаў у рукзак. Пасля як вокам згледзець саслізнуў з дуба і пашыбаваў далей. Я рвануўся наперад.

— Стой! — усклікнуў Васіль.

Што з ім? Чаго крычыць? Сам казаў, каб вачэй не спускаў з Піліпа Макаравіча. Зараз ён за дрэвамі схаваецца.

— Васіль, хутчэй!

Васіль стаяў як у здранцвенні. Я заўважыў, што пазірае ўбок, налева. Быццам падпарадкоўваючыся нячутнаму загаду, я таксама зірнуў налева і таксама здранцвеў. На нас глядзеў чалавек у доўгай чорнай накідцы. На гэтай чорнай накідцы (адразу кінулася ў вочы) выразна вымалёўваліся белыя плямы. Чорная накідка, а па ёй белыя плямы… Ад аднаго гэтага можна было здранцвець. А чалавек у чорнай накідцы яўна хаваўся ад нас, стараўся, каб мы яго не заўважылі. Ен стаяў, сагнуўшыся, за вялізным ядлоўцавым кустом. Стаяў і моўчкі глядзеў…

— Яшчэ адзін дзівак-турыст, — вырвалася ў мяне. Чалавек у чорнай накідцы, відаць, пачуў мой вокліч, бо тут жа пабег. Аж галлё затрашчала.

Незразумелыя надпісы

Чалавек у чорнай накідцы… Ен быццам з-пад зямлі вылез. Вылез, каб назіраць за намі? Але навошта мы яму спатрэбіліся? Навошта?

Чалавек у чорнай накідцы… Мы нават пра Піліпа Макаравіча забыліся. Ен, толькі ён, як сфатаграфаваны, стаяў у вачах.

— Антон, ты баішся? — пытаецца Васіль.

Як адказаць яму? Што ані не страшна, што зусім не спалохаўся? Не паверыць. Дый ці добра крывіць душой?

— Крышку спалохаўся. Неспадзявана выйшла. Назіралі за адным, а з'явіўся другі.

— Антон, не бойся гэтага агароднага пудзіла.

— Лічыш, што Чорная Накідка (так я стаў называць незнаёмага) — агароднае пудзіла?

Васіль стукнуў сябе кулаком у грудзі.

— Вылітае агароднае пудзіла!

Вядома, Васіль і сам спалохаўся. Нездарма здранцвеў, не мог ні слова вымавіць. Але, я гэта добра адчуваў, яму хацелася супакоіць і сябе, і мяне, каб не наганяць страху. Вам не прыходзілася позна вечарам па бязлюднай дарозе дамоў вяртацца? Мне, напрыклад, прыходзілася. Вакол цемра, страх так і крадзецца ў душу. Паддайся яму — будзеш дрыжаць, што націнка. А пачні суцяшаць сам сябе, падбадзёрваць, што не страшна, і страх адступіць. Васіль гэта разумеў, таму і падбадзёрваў. Мне б дапамагчы яму, падхапіць, на смех перавесці. Ды не. Такі ўжо я. Абманваць сябе не хачу, ці што?

— Па-твойму, Чорная Накідка — агароднае пудзіла? Але ж агароднае пудзіла не пабегла б. Ног не мае. У Васіля аж твар выцягнуўся, як пачуў гэткае.

— Я не ў прамым сэнсе сказаў, а ў пераносным. Чорная Накідка падобны на агароднае пудзіла. Знарок так апрануўся. Каб людзей пасмяшыць. Бываюць такія.

Я зноў не пагадзіўся:

— У лесе так не смешаць. У лесе ад такіх смешак можна заікам стаць. Хіба не праўда?

— Праўда, — мусіў пагадзіцца Васіль. — Але ж ён ад нас уцякаў. Выходзіць, баіцца нас.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: