Вход/Регистрация
Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Я вырашыў спыніць спрэчку. Чаго дарма язык аб зубы часаць?

— Васіль, расхацелася мне па лесе блукаць. Дома лепей.

У Васіля, як пачуў гэта, кроў прыліла да твару.

— Мы дамовіліся, што будзем сачыць за Піліпам Макаравічам. Дамовіліся, што ўсё-ўсё разгадаем. Ты што? Спалохаўся?

Вось упарты! Нездарма кожную раніцу стары гадзіннік рамантуе, цешыць сябе надзеяю, што заспявае, як салоўка. У такога не хочучы заспявае. Баішся… Неяк няёмка. Васіль страху не паказвае, а я хіба горшы за яго?

— Дзе наша ні прападала! Пойдзем, калі табе так хочацца.

І мы з Васілём пасунуліся ў самы гушчар, туды, куды пайшоў Піліп Макаравіч. Ішлі як вады ў рот набраўшы. Здавалася, скажы слова — на ўвесь лес прагучыць. А дзесьці непадалёку Чорная Накідка… Можа, натапырыў вушы, слухае…

Чорная Накідка… Хто ж ён такі? Што яму трэба ў нашым лесе? Па суніцы прыйшоў? Не. У руках нічога не было. Ні збанка, ні вядзерца. А калі ён сябрук Піліпа Макаравіча, калі разам у палатцы жывуць? Магчыма такое? Магчыма. У палатцы мы не былі, хто і што там, не бачылі. Піліп Макаравіч дзівак. І гэты дзівак. Таму і водзяць дружбу.

— Васіль, мне здаецца, што Піліп Макаравіч і Чорная Накідка заадно, — парушыў я нясцерпнае маўчанне.

А Васіль нечакана:

— Антон, запіска!

Запіска — невялікі аркуш паперы ў клетачку — ляжала на елачцы, на лапцы, быццам знарок, каб мы ўбачылі. Васіль падбег да елачкі, схапіў лісток, спяшаючыся стаў чытаць:

— «Каб зберагчы ў горадзе Пецярбургу драўляныя маставыя, Пётар Першы абнародаваў такі Указ…»

Я падумаў, што ён кепікі строіць, што знарок абы-што чытае.

— Васіль, чытай, як напісана. Пётар Першы… Указ… Пра царыцу яшчэ прачытаў бы. Вярзеш грушу на вярбе.

— Сам чытай, калі мне не верыш.

Я зірнуў на аркуш паперы. Але, чорным па беламу: «Каб зберагчы ў горадзе Пецярбургу драўляныя маставыя…»

Я махнуў рукою.

— Чытай далей.

Васіль зноў пачаў чытаць:

— «Каб з гэтага часу ў далейшым скобамі і цвікамі, чым боты мужчынскія і жаночыя падбівалі, ніхто не гандляваў і ў сябе іх не меў, таксама і ніхто, якога б чыну хто ні быў, з такіх падбоеў ботаў і чаравікаў не насіў, а калі ў каго такія з'явяцца, тыя без літасці будуць аштрафаваны, а купецкія людзі, якія такія скобы і цвікі трымаць будуць, сасланы будуць на катаргу».

— На катаргу? — пытаюся. — Усё? Канец?

— Не. Тут яшчэ з чырвонага радка напісана, — прагаварыў Васіль. — Прачытаць?

— Чытай.

Мне было ўсё роўна, што слухаць. Я быў як аглушаны. Млявасць агарнула ўсё цела. Калі б раптам Чорная Накідка з'явіўся, то, напэўна, з месца не скрануўся б. Я амаль не ўспрымаў таго, што вакол адбывалася. Разгубіўся, ці што?

— «Горад, дзе за год было больш чым сто семдзесят дажджлівых дзён і мноства разліваў,— быццам здалёку даносіўся голас Васіля, — да таго ж пабудаваны на балоце, існаваць без драўляных маставых проста не мог».

— Усё?

— Усё, — сказаў Васіль, як цяжар скінуўшы. — Нейкі дзівак напісаў.

Я ўстрапянуўся. Пра якога дзівака ён кажа? Няўжо і трэці дзівак з'явіўся ў лесе? Два ёсць: Піліп Макаравіч і Чорная Накідка.

— Не хапала нам яшчэ і трэцяга! — уголас прамовіў я.

— Пра каго ты? — не зразумеў Васіль.

— Пра трэцяга дзівака. Лічыш, што і трэці дзесьці па лесе брэндаецца, рознае глупства піша?

— Хто яго ведае, — прагаварыў Васіль. — Трэба далей ісці. Не след на паўдарозе спыняцца.

Прайшлі метраў трыццаць — новая запіска. Калі першую я назваў бы «Указ цара Пятра Першага», то другую так: «Жывыя компасы». Не зусім зразумелая назва? Тады паспрабую пераказаць змест гэтай запіскі.

У самым пачатку дзівак-дабрадзей паведамляў (нам з Васілём ці яшчэ каму), што сама прырода дапамагае арыентавацца ў лесе без компаса. Напрыклад, у цёплы сонечны дзень на ствалах соснаў выступае смала. Найбольш яе з паўднёвага боку. Нават кара там танчэйшая і святлейшая. Цікавы, скажу вам, арыенцір. Быццам той, хто заблудзіцца, заўважыць, дзе кара танчэйшая.

Яшчэ незнаёмы пісаў, што суніцы, брусніцы пачынаюць спець з паўднёвага боку, а з паўночнага яны зеленаватыя. Добрым арыенцірам назваў ён і муравейнікі. Маўляў, мураўі любяць сонца і стараюцца пабудаваць сваё жыллё так, каб яно знаходзілася з паўднёвага боку дрэва, куста альбо пня. Поўнач і поўдзень рэкамендаваў вызначаць і па форме муравейніка. Як? Напісаў, што паўднёвы бок пахілы, а паўночны — стромкі.

Вось табе і на! Шукалі Піліпа Макаравіча, а знайшлі запіскі. У гэтых запісках, калі так сказаць, і гісторыя, і геаграфія. Хочаш — Указ цара Пятра вывучай, хочаш — з прыроднымі арыенцірамі знаёмся. Калі б знайшлі яшчэ дзве запіскі (адну з вершамі, а другую з прыкладамі ці задачай), то цэлы навуковы букет сабралі б.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: