Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
Я ўзяў рыдлёўку, хацеў паўз шнура ямку пад падмурак капаць, але Мікалай Аляксандравіч спыніў мяне:
— Не спяшайся, Максім. На вока падмурак не сплануем. Трэба, каб вуглы былі прамыя. Мы зробім так, як некалі нашы дзяды рабілі.— Мікалай Аляксандравіч дастаў з кішэні яшчэ адзін шнур. — Зараз мы гэтым шнурам вымераем даўжыню ад аднаго калочка да другога. Спачатку на паперы гэта пакажу.
Мікалай Аляксандравіч дастаў аркуш паперы, ручку і начарціў прамавугольнік, абазначыўшы яго вуглы літарамі лацінскага алфавіту: А, В, С, Д.
— Мікалай Аляксандравіч, мы спачатку вымераем адрэзак А — В, а затым — С — Д? Так? — пытаюся ў Мікалая Аляксандравіча.
— Не, Максім. Так нельга. Будзем вымяраць ад пункта А да пункта С. Калі гэтая даўжыня супадзе з даўжынёю двух другіх пунктаў — ад В да Д, то наш падмурак будзе спланаваны правільна, усе вуглы ў ім будуць прамыя.
Вось, аказваецца, як падмурак трэба планаваць.
Закончылі мы з Мікалаем Аляксандравічам планіроўку, з усіх чатырох бакоў раўчук выкапалі, а затым апалубку зрабілі. Апалубку зусім проста рабіць. Вакол раўчука, з аднаго і з другога боку, паставілі дошкі, умацавалі іх, каб не раскідаліся — вось і гатова апалубка.
А потым мы ўсім класам кідалі ў раўчук і апалубку бетон і каменне. Нялёгка бетон лапатаю кідаць. У мяне на руках два мазалі выскачылі. Адзін на мезеным пальцы, а другі — на далоні.
Я вырашыў пахваліцца сваімі мазалямі, Дзянісу іх паказаў. А Дзяніс:
— Ты, відаць, кепска працаваў. У мяне дык чатыры выскачылі. Пякучыя.
Болей я сваіх мазалёў нікому не паказваў. Зноў хто-небудзь скажа, што кепска працаваў.
А падмурак выйшаў прыгожы. Роўны, з прамымі вугламі. У тры гадзіны дня закончылі мы работу, а я і вечарам на школьны двор прыйшоў: вельмі хацелася яшчэ раз зірнуць на нашу работу.
Пасля нядзелі на школьным двары працавалі нашы бацькі. Спачатку яны сцены з блокаў склалі, прыладзілі дзверы, вокны, потым кроквы паставілі, аблацілі і шыферам накрылі.
Паглядзела Рая на хлеў і кажа:
— Да звычайнага вясковага хлява ён зусім не падобны. «Казачны дамок» — вось як мы яго назавём.
Пагадзіліся мы з Раяю. А каб кожны ведаў, што гэта не звычайны хлеў, а казачны дамок, мы на невялікай фанерцы, пафарбаванай у блакітны колер, напісалі прыгожымі белымі літарамі: «Казачны дамок». Гэтую шыльду над дзвярыма прыбілі.
Вось і ўсё. Нічога асаблівага. Але я цяпер ведаю і як планіроўку пад падмурак рабіць, і як кроквы звязваюцца, і як трэба лаціць іх, і як шыбы ў вокны выразаць.
Калі і вы хочаце гэтаму навучыцца, то пабудуйце свой казачны дамок.
Бярыся дружна — не будзе грузна.
Ад пустога звону карысці нікому
Цяпер нашы трусы сталі жыць у «Казачным дамку». Там мы клеткі паставілі, а трусоў выпусцілі, каб у цесных клетках не сядзелі.
Дні праз два пасля гэтага ў наш клас прыйшоў Пеця Швайдзюк. Прыйшоў і кажа:
— Калгас дае нам канюшыны. Мікалай Аляксандравіч у старшыні калгаса пытаў. Самі разумееце: трэба нечым трусоў зімою карміць. Канюшына ляжыць у калгасным садзе. Мы яе скасілі і ў капу склалі. А вы, хлопцы, прывязіце канюшыну да школы. Каня на ферме возьмеце. Загадчык фермы дазволіў.
У нашай вёсцы калісьці была вялікая канюшня. Тата расказваў, што раней коньмі ўсё-ўсё рабілі: і калгасныя палеткі аралі, і сена вазілі, і збожжа, і розныя будаўнічыя матэрыялы, бо трактароў не хапала. А цяпер на ферме ўсяго некалькі коней пакінулі: падвозіць салому, буракі, сена.
Узрадаваліся мы, калі пачулі, што па канюшыну паедзем. Не часта выпадае на возе праехаць, канём пакіраваць.
— Вы Гноміка бярыце, — сказаў нам Пеця. — Гномік самы спакойны і самы разумны конь.
Цікавыя клічкі коням даюць. Гномік… Смешна гучыць. А чаму Гномік? Рост у гэтага каня маленькі. Калі здалёку глядзець, то можна падумаць, што не дарослы конь, а жарабя на лузе пасецца. Вось які ён, гэты Гномік.
— Толькі асабліва пугай не размахвайце, — папярэдзіў нас Пеця. — Зразумела?
— Зразумела, — першым гукнуў я.
— Старэйшым прызначаю Косцю, — сказаў Пеця і пайшоў з класа.
Я адразу праціснуўся бліжэй да Косці.
— Мяне вазьмі,— тузануў яго за рукаў.
— Са мною паедуць Максім, Дзяніс, Ігар і Рая, — абвясціў Косця.
Не спадабалася гэта іншым аднакласнікам. Як восы, накінуліся яны на Косцю. Маўляў, сваіх сяброў бярэш, а мы хіба горшыя?
Тут і я не вытрываў, закрычаў:
— Усіх усё роўна Косця не возьме. Увесь клас не памесціцца на возе.