Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Тэўтонам шанцуе. Лівы з Тарэйды хацелі манаха цыстэрцыянскага ордэна Тэадорыха прынесці ў ахвяру сваім багам. Але свяшчэнны конь, на якога пасадзілі манаха, пераступіў уваткнутыя ў зямлю коп'і нагой жыцця, правай нагой. І Тэадорыху, хітрай заморскай лісе, захавалі жыццё, хоць ліўскі вяшчун-вядзьмар старанна працёр конскую спіну мокрым пяском — змыў, скінуў з яе хрысціянскага бога. Чаму так шанцуе тэўтонам?

Праўда, другога епіскапа — Бертольда, якога пасвяціў у гэты сан архіепіскап брэменскі Гартвін, ліў Імаўт у час адчайнай сечы навылет прабіў кап'ём. Але прыплыў з-за мора на 23 караблях Альберт, новы епіскап, набраўшы людзей на Гоцкім беразе, у Даніі, у Саксоніі, атрымаўшы благаславенне папы Інакенція IIІ і падтрымку караля Піліпа Швабскага. Лівы скарыліся, прынялі ў свае замкі тэўтонскіх свяшчэннікаў і прызначылі штогод на ўтрыманне кожнага паўталанта жыта з плуга. Чаму так шанцуе тэўтонам?

Полацкі князь Уладзімір Валадаравіч, бачачы, што ў ліваў з'явіўся новы гаспадар, сабраў раць і ў лета 6714-е 10 спусціўся на стругах, шкутах і плытах уніз па Дзвіне, выклікаў епіскапа Альберта на перамовы на раку Богу, што цячэ непадалёку ад Ікесколы. Ды Альберт і не падумаў выйсці з Рыгі, вырашыў адседзецца за яе сценамі. Тады Уладзімір узяў у аблогу замак Гольм. Вячка быў там са сваёй дружынай, дапамагаў Уладзіміру, і з болем і сумам успамінаюцца яму тыя дні.

10

Лета 6714-е — каб даведацца, які тады быў год па нашым летазлічэнні, трэба ад лічбы 6714 адняць 5508. 6714–5508 = 1206.

Тэўтонскія арбалетчыкі са сцен Гольма прабівалі шчыты і кальчугі палачан цяжкімі жалезнымі балтамі. Воі Уладзіміра і Вячкі стралялі з лукаў. І хоць праўду кажуць, што стрэлы ў палачан лётаюць хутка, але нічога не маглі зрабіць лучнікі, хоць і паранілі многа тэўтонаў.

Тады рашылі падпаліць замак. Разам з лівамі, якія прыйшлі на дапамогу, ссякалі ў навакольных лясах дрэвы, складвалі іх у велізарныя кучы. Але каменны град з тэўтонскіх камнямётаў параскідаў, патушыў кастры. Князя Уладзіміра камень ударыў у калена, і воі ледзьве адцягнулі яго ў бяспечнае месца, каб перадаць зялейнікам, што залечваюць раны.

Неба ў тыя дні было супраць палачан. Адзінаццаць дзён трымалі яны Гольм у аблозе, але са сцен замка ляцелі каменні і жалезныя балты, як смертаносны дождж. Ды ўсіх даканала навіна, якую прынеслі лівы-разведчыкі. Аказваецца, усе нівы і дарогі вакол Рыгі епіскап Альберт загадаў, як насеннем, засеяць металічнымі трохзубцамі. Як ні кінь той зубец, як ні павярні, усё роўна хоць адзін рог ды будзе тырчаць угору. Лівы пакалечылі там сваіх коней і, кінуўшы іх, кульгаючы, бо таксама не мінавалі трохзубцаў, вярнуліся ў лагер палачан. Уладзімір Валадаравіч, лежачы ў паходных насілках, якія былі нацягнуты між двух коней, адразу спахмурнеў, пачаў маліцца і, параіўшыся з тысяцкім Іларыёнам і з баярамі, даў сігнал да адступлення. Сіпла зараўлі трубы, загрымелі бубны. Баявыя лодкі-насады з воямі паплылі ўверх па Дзвіне, змагаючыся з моцным сустрэчным цячэннем. Конніца пайшла правым берагам ракі. На сценах Гольма тэўтоны, якія ў думках ужо сустракаліся з пеклам, радасна закрычалі, а потым заспявалі «Багародзіцу». Чаму ж так шанцуе тэўтонам?

Вячка стаяў на забаролах, і не сціхаў дождж, і шумеў вецер, і рака ў сваім адвечным руху да мора спявала дзікую ўрачыста-журботную песню. Нейкія галасы, зямныя і нябесныя, чуліся князю. Нехта яго клікаў, нехта стагнаў і плакаў, і такімі блізкімі, такімі роднымі былі ўсе гэтыя гукі-зыкі, што затрапяталася сэрца, агонь пабег па жылах, захацелася, як у снах маленства, адштурхнуцца нагамі ад зямлі і паляцець-паплыць пад самыя аблокі, разграбаючы рукамі золкі салодкі вецер, і закрычаць там, у начных нябёсах, як вольны хуткакрылы птах, і каб крык твой, адбіўшыся ад сонных хмар, упаў на маўклівую зямлю, і каб нехта пачуў яго і з надзеяй паглядзеў на неба.

Крочыла ноч па балотных пустках, па лазняках і ракітніках, па сыпучых пясках дзюнаў… Стамляўся, лянотна брыў у Варажскае мора дождж. Але ноч не вечная, нават самая цёмная і доўгая. І вось ужо замест сляпой сажы замігцела на небасхіле чэрненае срэбра. Потым сталёвы водсвет з'явіўся ў нябёсах, ён святлеў, ярчэў, званчэў, быццам сталь награвалі ў агні. Потым пачуўся лёгкі няўлоўны хруст, нібы нехта, як хлебны каравай, пераламаў над яшчэ соннай зямлёй агромністую дажджыстую хмару. І дождж раптам сціх. І цішыня была такая густая, такая шчыльная і бясконцая, так пахла мокрай травой, мокрым дрэвам, мокрымі лісінымі кажухамі вояў, што Вячка заплюшчыў вочы і злёгку пахіснуўся. Ён доўга стаяў так — ці то драмаў, ці то думаў аб нечым. Усё цела было лёгкае, паслухмянае, бязважка-маладое. У вачах, здавалася, лёталі зялёныя мяккія матылькі і медна-залатыя пчолы. І быў пярэсты мільгатлівы кругабег зыркіх сонечных промняў.

Калі ён расплюшчыў вочы, дажджу не было, не было начнога змроку. Пачыналася раніца… Набухала чырванню неба…

Вярнуўшыся ў церам, Вячка паснедаў. Еў ён, як звычайна, мала. Кавалачак чорнага жытняга хлеба са смажаным шчупаком, некалькі лыжак паранага гароху і кубак густога светлага піва, якое літоўцы завуць «алус». Пасцельнічы Іван зняў з князя мокрае карзно, асцярожна накінуў яму на плечы блакітную, прашытую залатымі тонкімі шнуркамі світку-размахайку.

_ Кліч старшага воя Халадка, — загадаў Вячка.

Праз нейкія імгненні ў святліцу ўвайшоў Халадок, пакланіўся, зняў з галавы шлем з прылобкам з воўчага футра. Быў ён у доўгай кальчузе з плоскіх каваных колцаў, у бліскучых жалезных накаленніках. На нагах былі поршні — мяккія скураныя боты без абцасаў, завязаныя на шчыкалатцы вузкім раменьчыкам. Як і Вячка, Халадок меў дваццаць тры сонцавароты з часу нараджэння, быў такі ж высакарослы, моцны целам, сінявокі. Толькі валасы з-пад шлема выбіваліся не светла-русыя, як у князя, а чэрмныя, рыжыя.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: