Дайнеко Леонид Мартынович
Шрифт:
— Што кажуць начныя госці? — адразу запытаўся Вячка. Ён упрытык падышоў да старшага воя, глянуў таму ў вочы.
— Гавораць, што заблудзіліся, што ішлі ў Герцыке да князя Усевалада.
— І ты, Халадок, ім паверыў? Іх, вядома ж, святы дух перанёс цераз гарадскі вал, і яны гэтага зусім не заўважылі?
— Не, князь, я не паверыў ім, — скупа ўсміхнуўся Халадок. — І мае людзі не паверылі. Мураля Брацілу раздзелі да голай скуры, на левую нагу накінулі вяровачную пятлю і ўніз галавой падцягнулі на дыбе пад столь катавальні. Пасля трэцяга ўдару бізуном ён закрычаў, што яны з тэўтонам павінны былі ўкрасці тваю дачку, а потым забіць цябе самога, князь.
Пры гэтых словах старшага воя Вячка пабляднеў, сціснуў срэбную рукаяць мяча. Тонкія ноздры затрапяталіся, нянавісцю ўспыхнулі вочы.
— Зноў прыйшлі да нас з Рыгі ржа і моль, — гнеўна сказаў князь. — Я ж ездзіў мінулым летам да епіскапа Альберта, я быў у ягоных палатах, і епіскап крыжам гасподнім пакляўся, што не мае ніякага тайнага ці яўнага зла супраць Кукейноса, што толькі бязбожных ліваў хрысціць будзе. Адпіў з аднаго са мною кубка… Не чалавек — сык змяіны! Чаму толькі адзін бог павінен быць? І толькі іхні — тэўтонскі? Чаму мы не можам мець свайго бога, сваёй дзяржавы?
Халадок маўчаў. Твар ягоны здаваўся бясстрасным, замкнёным, але, як агонь пад попелам, бушавалі ў ягонай душы словы, гарачыя, разумныя, ды ён маўчаў — раб павінен праглынуць язык, калі гаворыць гаспадар. Ён ведаў — князь нашуміцца, накрычыцца, а потым і яму слова дасць, ягонай думкай зацікавіцца.
— Чаго маўчыш, Халадок? — як і чакаў вой, запытаўся нарэшце Вячка.
— Слухаю цябе, твае мудрыя словы, — спакойным голасам адказаў Халадок.
— Што ж нам рабіць? На што надзеяцца і спадзявацца?
— Уся надзея ў чалавека на лук, меч і хутканогага каня. На свае рукі спадзявайся, князь, і на сваю дружыну. Думаецца мне, што з Полацка нам вялікай падмогі не будзе.
— Чаму? — уздрыгнуў Вячка.
— Альберт цераз тваю галаву, мінуючы Кукейнос, вядзе перамовы з вялікім князем Уладзімірам. Ганцы шнуруюць уверх і ўніз па Дзвіне. Некаторых мае дружыннікі падстрэлілі з лукаў, але некаторыя прасачыліся, як пясок між пальцаў.
Халадок растапырыў пальцы на правай руцэ. Пальцы былі моцныя, шурпатыя, як дубовыя сукі. Вячка колькі імгненняў глядзеў на гэтую руку, і яму чамусьці ўспамінаўся аднарукі перапісчык пергаменаў Клімята. Аб чым зараз піша Клімята? Ці напіша ён калі-небудзь пра яго, Вячку, пра Кукейнос?
— Ты думаеш, князь Уладзімір мяне не падтрымае? — ціха спытаўся ён у Халадка і, не чакаючы адказу, працягваў: — Мы ж абодва Рагвалодавічы. Кроў Рагнеды цячэ ў нашых жылах. За Полацкую зямлю, за Русь мы павінны касцьмі легчы, а не пусціць заморскіх псоў на Дзвіну. Хаця не ўсе думаюць так, не ўсе… Полацкім купцам і баярам трэба сваё жыта, свой воск везці на Гоцкі бераг і далей. Срэбра ім даражэй за родную веру і зямлю. Што ім Вячка і Кукейнос? Яны ўжо сёння гатовы цалавацца з мечаносцамі, з Альбертам. Князь Уладзімір не здолеў скрышыць Рыгу і зараз будзе хітрыць, выкручвацца, як ліс. Я чуў, што епіскап Альберт паабяцаў яму плаціць даніну за ліваў, якую раней збіралі мы. Навошта тады Кукейнос і я, неразумны князь Кукейноса?
Вячка змоўк. Дзесьці за сценамі церама ярка ўставала сонца, і начныя птушкі хаваліся ў дуплы.
— Але ж ёсць сіла, якая павінна нам дапамагчы, — нечакана парушыў цішыню Халадок. Вячка здзіўлена паглядзеў на старшага дружынніка.
— Я пра царкву, князь, кажу, — прыгладзіў шырокай даланёю свае чэрмныя валасы Халадок. — Не можа праваслаўная вера адступіць перад верай рымскай. Памаліся богу, святой прачыстай багародзіцы і Міхаілу, архангелу божаму, князь. Едзь у Полацк да ўладыкі Дзяніса, а калі трэба, да кіеўскага мітрапаліта. Хай у званы ўдараць. Хай усе пачуюць пра бяду нашу: і Кіеў, і Ноўгарад, і Пскоў. Сцяною станем на Дзвіне.
— Айцец Сцяпан ужо там, у Полацку, — сказаў Вячка. — Ён будзе гаварыць з уладыкам.
— Едзь ты, князь. Сам едзь.
Халадок вымаўляў гэтыя словы з такой рашучасцю, з такой настойлівасцю, так натхнёна гарэлі ягоныя вочы, што Вячка разгубіўся. Не чакаў ён такога спрыту ад старшага дружынніка. Халадок мячом умее гаварыць, а не словамі, а тут…
— Хочаш мяне ў Полацк адправіць, а сам Кукейноскі сталец узяць? — пранізліва, ранячы позіркам душу, глянуў ён на Халадка. Халадок пабляднеў, потым пачырванеў, пакутліва прыкусіў губу, рухнуў на калені, пакорліва схіліўшы рыжавалосую галаву. Шырокія, абвітыя кальчугай плечы дрыжалі. У святліцы наступіла цішыня, і гэта гнятлівая цішыня, адчуваў Вячка, з кожным імгненнем аддаляла яго ад вернага воя.
— Устань, Халадок, — сказаў ён, — не да твару палачаніну стаяць на каленях. Толькі перад богам мы на каленях стаім.
— Князь, адпусці ў Полацк, — хрыпла папрасіў Халадок, не ўзнімаючы галавы. — У манастыр пайду. Чарняцом стану. За цябе і за Кукейнос буду маліцца.
— Устань, — быццам не пачуў ягоных слоў Вячка. — Не гожа князю раба свайго прасіць, але я прашу. Забудзь мае словы. Не падумаў я, што сказаць. Як верабей, вылецела слова, і не зловіш яго. Я ведаю — ты верны мне.
Халадок павольна ўзняўся. На твары не было ні крывінкі. Ён усё яшчэ не адважваўся глянуць у вочы князю.