Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Маўчы, Грыкша, калі кажа старэйшы, — перапыніў яго Халадок. Ён саскочыў з каня, падышоў да Мірошкі.

— Не бойся нас, малы.

— Я не малы, — адным духам выпаліў Мірошка і смела глянуў у вочы Халадку.

— Ого! — засмяяўся Халадок. — Дык, можа, ты тутэйшы князь? Можа, ты Рагвалод Свіслацкі? Тады мы да цябе і да тваёй дачкі — красуні князёўны Дабранегі. Бяросту 29 вязем ад князя Вячкі.

Мірошка адразу ж упадабаў Халадка. Добрых людзей, хто б яны ні былі, заўсёды няцяжка ўбачыць. Добрыя людзі не хітруюць, не спяваюць салоўкамі, не шыпяць гадзюкамі. Яны заўсёды такія, якія ёсць на самой справе.

29

Бяроста — ліст, пасланне.

— Значыцца, ты не князь? — абсіверанымі пальцамі круціў на Мірошкавай світцы драўляны гузік-бірульку Халадок. — Дык, можа, ты вялікі баярын? Або князеў цівун?

— Я Мірошка, — раптоўна засаромеўшыся, апусціў вочы і ціха адказаў Мірошка.

— Мірошка? А я — Халадок. Скажы нам, Мірошка, дзе вашага князя знайсці, дзе сядзіба ягоная?

— У Княжым сяльцы, — шмыгнуў скалелым носам Мірошка.

— А дзе гэтае Княжае сяльцо?

— Няўжо ты не ведаеш? — здзівіўся Мірошка. — За Грымучым борам. Я й то ведаю. Я туды з татам самоў, якіх у Свіслачы спаймалі, на чоўне вазіў. Вялізныя самы былі, доўгія, аж хвасты па вадзе за чоўнам валачыліся.

— Дык ты і самоў умееш лавіць? — пляснуў сябе даланёю па калене Халадок. — Чаго ж ты ў бацькі на печы сядзіш? Ты ж — вой. Бяры меч і гайда ў дружыну князя Вячкі.

— Я б у дружыну пайшоў,— ахвотна згадзіўся Мірошка, — маці не пусціць.

Тут Халадок з Грыкшам не вытрымалі, засмяяліся. Засмяяўся і сам Мірошка, але адразу ж спахмурнеў, зразумеў, што пацвельваюцца над ім воі.

— Дык у якім баку Грымучы бор і Княжае сяльцо? — адсмяяўшыся, спытаўся Халадок.

— Там, — махнуў рукою Мірошка.

— Дзякуй табе, Мірошка, — сказаў вясёлы вой. — Бяжы да маці, а то нос на марозе адваліцца. Будзем вяртацца назад, забярэм цябе ў дружыну князя Вячкі. Князь у нас харобры, як леў. Пойдзеш у дружыну?

Мірошка нічога не адказаў, але сэрца затрапятала, як хуткакрылы стрыж над рачной стромаю. Воі, вясёлыя, прыгожыя, ударылі коней шпорамі, гікнулі, прыгнуліся і памчаліся ў бок Грымучага бору. Снежныя воблачкі вырываліся з-пад капытоў. Мірошка глядзеў ім услед, пакуль яны не зніклі. І пустэльнік са сваёй нары таксама глядзеў услед воям.

II

На падвор'е князя Рагвалода Свіслацкага прыпоўз, прабіўся праз снежныя сумёты вялікі абоз зімніх гасцей — кіеўскіх купцоў. Тры дзесяткі цяжка гружаных саней, запрэжаных конямі і валамі, адолелі доўгую небяспечную дарогу і спыніліся каля княжацкага церама. Бароды ў купцоў заледзянелі на марозе. Купцы злазілі з коней, аддавалі іх сваім служкам і няўпэўненымі крокамі — ногі ў страмёнах адвыкаюць ад зямлі — ішлі да высокага дубовага ганка, на якім ужо стаяў, усхваляваны і радасны, князь Рагвалод.

Абоз, асабліва ў зімовы час, заўсёды радасць для дробных удзельных князёў, іхніх баяр і чэлядзі. Яшчэ з раніцы выла завіруха, шэры калючы снег насіўся хмарамі над церамам, сярдзіта роў пустынны чорна-белы бор, сабакі і надворныя халопы хаваліся ад раз'юшанага ледзянога ветру ва ўсе шчыліны хто куды, у князя тупа ныў гнілы зуб, і раптам — гэты абоз!

Купцы пакланіліся князю. Хутчэй хацелася ў цяпло, у зацішак.

— Што прывезлі, госці? — з расцяжкаю, каб не выдаць сваёй радасці, спытаўся князь.

Купцы пакланіліся яшчэ раз. Старэйшына абоза, пошлы 30 купец Нажыр, выйшаў наперад, сказаў:

— Чалом б'ём табе, князь-хрысталюбец. Мы людзі рускія, кіеўскія, купцы нізаўскія. Вязем соль і віно рамейскае, волава і медзь для рукадзельных людзей 31 , чырвоны шыфер з Оўруча, тканіны багатыя, стужкі парчовыя, бранзалеты шкляныя для маладых прыгажунь.

— А чаго хочаце? — чмыхнуў у раскошны сівы вус князь.

— Хочам срэбра твайго княжацкага. Хлеба, мёду і воску. Шкур бабровых і сабаліных. А я, купец Нажыр, хачу рабыню маладую, прыгожую, каб мой старэчы сон берагла-ахоўвала.

30

Пошлы — ад «пошліна», г. зн. старына. Пошлыя купцы — радавітыя багатыя купцы з купецкай вярхушкі.

31

Рукадзельныя людзі — рамеснікі.

— Адчыніце вароты! — загадаў надворнай чэлядзі князь Рагвалод Свіслацкі.— Упусціце гасцей, накарміце іхніх коней, а гасцей я сам карміць буду.

Нажыр пакінуў на ноч каля абоза варту, а сам з купцамі пайшоў у княжацкую трапезную. Да самай раніцы лілося з вялізных гліняных амфар хмельнае віно, ап'янелыя купцы расказвалі князю пра далёкую небяспечную дарогу, пра санны шлях па засыпаным снегам Дняпры, пра грозныя непраходныя пушчы, у якіх віруюць лютыя воўчыя зграі, пра зледзянелыя зоркі ў чорным зімовым небе, пра вогненныя слупы і крыжы, што ў самую глухую поўнач нечакана загараюцца над зямлёй. Шмат пра што расказвалі купцы…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: