Дайнеко Леонид Мартынович
Шрифт:
А ў гэты самы час князёўне Дабранезе сніўся незвычайны радасны сон. Мроілася ёй, што разам з карміцелькамі і служанкамі сядзіць яна ў сваёй белай святліцы. Карміцелькі кудзелю прадуць. Служанкі казкі баяць. І раптам у слюдзяное акно святліцы нібы вецер ударыў. Такі вецер вясною са Свіслачы налятае. Расчынілася-расхінулася акно, ды не вецер быў за ім, а сокал залатакрылы. Кожнае пёрка, як жар іскрысты, гарэла. І былі ў гэтага сокала чалавечыя вочы і чалавечы голас, і кіпцюры меў ён вострыя, чэпкія. Падляцеў сокал да князёўны. Карміцелькі і служанкі ад вялікага страху на падлогу пападалі, вушы заткнулі, вочы заплюшчылі. Схапіў сокал князёўну Дабранегу, схапіў мякка, ды не вырвешся, і вынырнуў у акно, памчаўся ў начное неба над пушчамі і балотамі. Страшна Дабранезе, жудасць мову адбірае. Хоча крыкнуць яна, ды цёплыя сакаліныя пёры крыкнуць не даюць, рот закрываюць. Хутка-хутка імчыцца сокал, марозны вецер свішча і разбіваецца аб крыллі, зоркі, як залатыя пярсцёнкі, коцяцца па гладкім небе, і няма ім спыну. І вось віднець пачынае, святлець. Ружовыя промні сонца змрок нябесны запалілі. І бачыць Дабранега, што на агромністай залатой хмары стаіць-плыве залаты палац. Не цёмны, не дубовы, як бацькаў, а залаты, бліскучы, аж вочы слепіць. Ударыўся сокал белымі грудзьмі аб залатую хмару, нават іскры з хмары пасыпаліся, і ператварыўся ў сінявокага высокага юнака незвычайнай прыгажосці. Моцна абняў правай рукою юнак Дабранегу, засмяяўся, хацеў пацалаваць, але тут князёўна прачнулася.
Была шэрая зімовая раніца. За слюдзяным акном, шчыльна зачыненым на зіму, выў вецер, выў, як галодны воўк. Дабранега, абапёршыся на локаць, хуценькім позіркам акінула сваю спачывальню, падлогу, ложак. Залатых сакаліных пер'яў нідзе не было. Выў вецер за халодным слюдзяным акном. Яна сумна ўздыхнула, паклікала карміцельку:
— Параскева!
Служанкі, маўклівыя проставалосыя дзеўкі, апранулі яе і заплялі касу. Яна надзела на шыю жоўта-карычневыя бурштынавыя каралі, на тонкія запясці рук — срэбныя бранзалеты. Загадала служанцы, і тая прынесла залаты вяночак, аздоблены каштоўнымі камянямі,— бацькаў падарунак. Служанка, стоячы на каленях, трымала ў руках люстэрка, астатнія дыхнуць не смелі — глядзелі, як іхняя ўладарка любуецца сабою ў люстэрка. Раптам цень набег на светлае аблічча Дабранегі, нешта ёй не спадабалася ў сваім твары, і яна ўдарыла служанку па шчацэ. За слюдзяным акном нясмела разгараўся світанак.
З самае раніцы ажыло, зашумела, загаманіла Княжае сяльцо. Бегала, мітусілася надворная чэлядзь з пунсовымі ад марозу і таўханіны тварамі. Брахалі сабакі, іржалі коні. Звінела жалеза. На ўсю зіму рабіў запасы князь Рагвалод Свіслацкі, трэба было накупляць усялякага брашна 32 аж да самай вясны, да чыстай цёплай вады, калі паплывуць па Свіслачы і Бярэзіне караваны купецкіх стругаў. Не шкадаваў князь срэбра, але кожную рэч, кожную амфару з віном, кожны локаць заморскай тканіны абмацаў уласнымі рукамі.
32
Брашно — дабро, багацце.
Паміж гэтай сумятні толькі старэйшына Нажыр быў спакойны. У якіх толькі краях ён не пабываў за сваё доўгае купецкае жыццё! Быў у Ноўгарадзе, у Смаленску, у Літве і Прусах, у Полацку і Менску. І вось такіх мядзведжых куткоў, як гэтае Княжае сяльцо, нямала пабачыў, палічыць — пальцаў на руках не хопіць. Ён стаяў у бабровым, да пят, кажусе, і на поясе ў яго вісеў скураны футарал з дарожнай вагаю і гіркамі. Срэбра без вагі не ходзіць. Кожную грыўню купцы ўзважваюць, калі трэба, адсякаюць кавалкі цьмяна-белага металу. Для разлікаў ёсць у купцоў і грыўні, і скруткі срэбнага дроту, і дырхемы, і дынары 33 .
33
Дырхемы, дынары — манеты таго часу.
З княжацкіх паграбоў выкочвалі чалядзіны дубовыя кадоўбцы 34 , у якія быў наліты густы, цягучы, светла-жоўты, як летняе сонца, мёд-ліпец. Выносілі вязкі сушанай рыбы, грыбоў. Выкідвалі скруткі звярыных шкур — чорных, сівых, карычневых, рудых. Замест гэтага дабра на самае дно паграбоў асядалі амфары з віном, а ў свірны, якіх у князя было мноства, клаўся цяжкі тавар — жалеза, медзь, волава.
Калі нарэшце скончылася мена і абодва бакі былі ёю задаволены, Нажыр, пакланіўшыся князю, падараваў яму вялізны залаты бранзалет-абярэг. Бранзалет быў сплецены ў выглядзе гнуткай змяі з дзвюма галовамі. Нажыр сказаў, лісліва ўсміхаючыся:
34
Кадоўбцы — дзежкі, дзежачкі.
— Чуў я, князь, што ёсць у цябе дачка-прыгажуня. Аддай, надзень ёй на белую руку гэты бранзалет. Ён аберажэ князёўну ад ліхога вока, ад бяссоння і бясплоддзя, ад гарачлівых думак і чорнага смутку.
Рагвалод Свіслацкі дужа ўсцешыўся, загадаў халопцы, каб паклікала са святліцы князёўну Дабранегу. Русавалосая, цемнавокая Дабранега пакланілася купцу, паднесла яму кубак мёду, настоенага на карэннях і травах вакольных лясоў. Потым пілі віно і мёд, слухалі дудароў, каталіся на санях з рачнога абрывістага берага.
Дабранега доўга не магла заснуць. У змроку святліцы ззяў на запясці залаты бранзалет. Купец сказаў, што бранзалет аберажэ яе ад гарачлівых думак. Праўду сказаў купец ці схлусіў? Ведаць бы. Яна ціхенька ўстала з пуховага ложка, на дыбачках падышла да акна. Зімовая няўтульнасць, мароз і снег былі на двары. На дзесяткі попрышчаў наўкол Княжага сяльца — лясы і лясы… Зараз яны мёртвыя, нерухомыя, страшныя. Вецер, як злы дух, пагрозна галёкае ў лясах, калючым снежным клубком коціцца па ледзяной Свіслачы. Усё змятае на сваім шляху вецер. Кусцікі мёрзлай асакі, што тырчаць са снегу, жалобна шэпчуць аб нечым, скрушліва ўздыхаюць. Якая бясконцая ноч! Як таемна і невыносна страшна гудуць лясы!
Дабранега паглядзела ў начное неба, і холад працяў яе сэрца. З-за абрыўкаў-лахманоў хмар то паказваўся, то зноў знікаў месяц. Ён здаваўся жоўтым чалавечым чэрапам, які нячысцікі выкапалі на начных могілках і закінулі ў бязмежнае марознае неба. Дабранега ўздрыгнула, адышла ад акна, хуценька лягла пад цёплую пярыну.
Купец казаў, што бранзалет аберажэ ад гарачлівых думак… Няпраўда! Што можа зрабіць гэты жоўты халодны метал? Хіба ён пачуе, як, соладка заміраючы, горача і бяссонна б'ецца яе сэрца? Хіба ён зразумее яе, Дабранегу, якой нядаўна споўнілася шаснаццаць 35 летаў?
35
Шаснаццаць летаў — у старадаўняй Русі выходзілі замуж нават у 12 гадоў.