Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Ты сам бачыў агонь? — нахіліўся ён да конюха, зноў намерваючыся трасянуць яго за бараду.

— На свае вочы. Іскры з рота роем ляцяць. Смерды аж шалеюць. Зараз усім скопам пайшлі на Стары курган. Пустэльнік усіх павёў.

— Што ім рабіць на Старым кургане? — недаўменна азірнуўся, як бы просячы дапамогі і падказкі, Рагвалод Свіслацкі. Але ўсе маўчалі, і князь, зноў ударыўшы конюха, закрычаў:

— Трубіце ў трубы! Склікайце дружыну!

А тым часам людскі чорны вір захліснуў Стары курган, што спрадвеку паныла стаяў за два попрышчы ад Княжага сяльца. Некалі тут было паганскае капішча, ды яшчэ дзед Рагволада Свіслацкага пасек, спаліў драўляных ідалаў-балванаў, а вешчуноў, якія служылі гэтым ідалам, зялёнай дзеразою іх апляталі, загадаў утапіць у балоце. Летам і вясною тут было зелена, вецер, налятаючы са Свіслачы, кучаравіў маладзенькія бярозкі. Увосень жа і асабліва зімою нейкая нуда, нейкая трывога навісала над Старым курганам, і ніхто з навакольных смердаў не адважваўся ўзысці на яго, бо раптоўна падкошваліся ногі, вочы пачыналі слязіцца, сэрца білася, як верабей у цянётах. Толькі ваўкі гулялі, вылі тут. І зараз, убачыўшы на сіняватым снезе ланцуг глыбокіх ваўчыных слядоў, смерды ў вялікім жаху спыніліся, пачалі хрысціцца, крок за крокам падавацца назад, нібы дзьмуў у твары моцны вецер, які нельга было трываць.

— Чую Перуна! — пранізліва ўсклікнуў пустэльнік і, выпусціўшы з рота клубок іскраў, адважна ўзышоў на самую вяршыню Старога кургана, сеў проста ў снег. Быў пустэльнік, як звычайна, босы, абкручаны звярынымі шкурамі. Грыва сіва-шэрых валасоў стаўбуном устала пад парывам ветру. Пустэльнік сарваў з рукі драцяны бранзалет, высока ўзняў яго над сабою, натхнёна бліскаючы ярка-сінімі вачамі, закрычаў знямеламу натоўпу:

— Кажа Пярун: вазьміце сваё! Кажа Пярун: нікчэмныя рабы, станьце ўладарамі! О, громабойца ўсясільны! Дыханне тваё праліваецца на ўсё жывое, як вільгаць нябесная на сухую траву.

Пустэльнік адным рыўком, як паранены тур, ускочыў са снегу, уладна загадаў усім:

— Збірайце сухое ламачча, вецце, карчы! Людзі, старыя і дзеці, рынуліся ва ўсе бакі, пачалі ламаць хмыз, выдзіраць з зямлі струхлелыя пні, і праз кароткі час на самай вяршыні Старога кургана грувасцілася цэлая гара дроў.

Пустэльнік чэкнуў крэсівам аб крэмень, але іскра не выбівалася. Тады ён шырока, аж пасінелі, надзьмуў шчокі, рэзка выдыхнуў, і лук агністых іскраў вылецеў у яго з рота. І адразу ж запалаў касцёр. Людзі пападалі на калені. Жанчына ў чорным кажусе забілася-заторгалася ў істэрыцы.

— Пярун! — завыў натоўп.

Яны былі з розных весяў, з розных абшчын, яны ўпершыню сустрэліся, і сабраў іх у адзін кулак, зрабіў іх адзінай нястрымнай ракой незразумелы доўгавалосы страшны чалавек, які сядзеў на снезе перад яркім вогнішчам і вострым цвёрдым позіркам узіраўся ў віхурлівае полымя, нешта шэпчучы. Жанчына ў чорным кажусе падпаўзла да пустэльніка, пачала цалаваць ягоныя босыя халодныя ногі. Ён нават не глянуў на яе, не схамянуўся. Здавалася, душа ягоная была зараз там, у полымі, курчылася разам з пасмамі чырвонага агню ў найвялікшай пакуце і ў найвялікшай асалодзе.

Чакалі, пакуль дагарыць касцёр. І вось ён знясілеў, патух, памёр, і тады пустэльнік чэпкімі бледнымі пальцамі з даўжэзнымі пазногцямі ўпіўся ў памякчэлую ад агню зямлю, пачаў ліхаманкава капаць яе. Так параненая ліса, ратуючыся ад смяротнай небяспекі, капае сабе нару.

Узбуджэнне натоўпу ўзрастала з кожным імгненнем. Усе неадрыўна глядзелі на вузкую спіну пустэльніка, на ягоныя рукі, што так і мільгалі, выграбаючы на белы снег жоўта-буры пясок. Вочы пустэльніку заліваў едкі пот, і ён моршчыўся, матаў галавою, нават вішчаў, але не спыняў свой занятак. Нарэшце задымілася ад поту спіна. Пустэльнік зняможана каўтнуў шырока раскрытым чорным ротам паветра, на нейкі міг перастаў капаць зямлю.

Стогн расчаравання пачуўся ў натоўпе. Усе так чакалі, так спадзяваліся, што вось зараз адбудзецца цуд, а цуду не было. Некаторыя нават заплакалі. Жанчыны высока ўзнімалі сваіх дзяцей, худых, брудных, і дзеці з усіх бакоў глядзелі на пустэльніка, і ў іхніх вачах свяціўся нямы дакор.

— Цішэй! — раптам пранізліва закрычаў пустэльнік. — Цішэй! А іначай Пярун ператворыць вашы смакоўніцы ў сухія жэрдкі.

Ён прыклаўся вухам да зямлі, нешта доўга, уважліва слухаў, потым радасна, як дзіця, засмяяўся, крыкнуў: «Ёсць!» і зноў з яшчэ большай хуткасцю пачаў капаць зямлю. Натоўп як анямеў.

— Ёсць! — аж заенчыў пустэльнік, ускочыў на ногі, узвіў над галавою, трымаючы ў абедзвюх руках, каменную сякеру. Яна пацямнела ад часу і цемры, бо не адно стагоддзе ляжала ў магіле невядомага, забытага людзьмі і богам воя. Пустэльнік выкапаў і чэрап гэтага воя. Адна з жанчын уздзела чэрап на доўгі кій, высока падняла над натоўпам.

— Перунова сякера! Перунова сякера! — зашумеў, захваляваўся натоўп. — Баявая сякера продкаў!

Вочы ў людзей ззялі шчасцем, твары ў адзін міг памаладзелі. Каменная сякера, якую выкапаў пустэльнік, усіх надзяліла сілай.

— Вядзі нас, памрэм за цябе! — загукаў, завыў натоўп.

Людзі хлынулі са Старога кургана ўніз, і паперадзе ўсіх, пускаючы іскры з рота, прытанцоўваючы, размахваючы каменнай сякерай, лёгкімі нагамі ішоў пустэльнік, былы княжыч з Чарнігаўскай зямлі.

У Княжым сяльцы ўжо чакалі гэту чорную раць. Рагвалод Свіслацкі загадаў зачыніць вароты, дружыну і ўсю чэлядзь надворную, узброіўшы, паставіў на вал. Чаляднікі без супынку палівалі вал вадою, пакуль не заблішчаў на ім голы слізкі лёд. Насупраць княжацкага церама на вялікім вогнішчы кіпяцілі ў чорных бронзавых катлах смалу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: