Дайнеко Леонид Мартынович
Шрифт:
— Хачу за князя Вячку, — дрыготкім голасам сказала Дабранега і стала перад бацькам і маці на калені. Княгіня Мар'я ўсхліпнула, аксамітным рукавом змахнула з вачэй слязу. Рагвалод Свіслацкі радасна і шырока, нібы зерне ў раллю кінуў, перахрысціў дачку.
— Вось вам маё слова, воі,— урачыста абвясціў ён Халадку і Грыкшу. — Князёўна Дабранега згодна ўзяць злюб з вашым князем. Я і княгіня Мар'я даем ёй сваё бацькоўскае благаславенне. Усё ў волі божай. Амінь.
Слова было сказана. Усе з палёгкай уздыхнулі, як камень з плячэй звалілі. Дабранега, апусціўшы русую касу, усё яшчэ стаяла на каленях. Чалядніцы, перахапіўшы нецярплівы позірк свайго князя, таропка збіралі ў мех бурштын. Князь Рагвалод весела паляпаў Халадка па плячы:
— Я шчодра цябе ўзнагароджу. Князі свіслацкія ніколі не забываюць сяброў.
— Будзь, князь, здаровы, як лёд калядовы, — пакланіўся Халадок.
Радасць, вялікая лепасць прыйшла ў Княжае сяльцо. Радаваўся князь Рагвалод Свіслацкі з княгіняю Мар'яй, радаваліся баяры, дружыннікі, чэлядзь надворная, смерды з вакольных селішчаў. Усе казалі, хоць амаль ніхто не бачыў на ўласныя вочы князя Вячку, што дужа добрага, надзвычай знакамітага зяця знайшоў сабе Рагвалод Свіслацкі, што дасць Вячка за Дабранегу багатае вена 41 .
41
Вена — выкуп за нявесту.
У княжацкім цераме да глыбокай ночы ігралі музыкі, служкі ледзь паспявалі ўскрываць запячатаныя сургучом амфары з віном, на вялізных ражнах смажыліся цяляты, бараны, дзікі, зайцы. Усё выпівалася, усё з'ядалася, і зноў застолле пачыналася. Даўно не было так шумна і весела ў Княжым сяльцы.
Шчасцем ззялі вочы ў Дабранегі. Са срэбным вяночкам на галаве, у сукенцы з празрыстай светлай кімкі 42 , яна падлівала і падлівала віно і мёд у кубкі Халадку і Грыкшу, пыталася:
42
Кімка — тканіна з Візантыі.
— А ці прыгожы ваш князь?
— Наш князь — камяк чыстага золата, — ганарліва і весела адказваў Халадок. — Наш князь як алень хутканогі. Ляціць на гарачым кані, і пушча яму ў пояс кланяецца. Затрубіць у паляўнічы рог, і лісце з дрэў валіцца.
— А ці прыгожы Кукейнос?
— Святы Рубон у нас цячэ — Дзвіна. Лясы ў нас бязмежныя. Лугі аксамітныя. У нас вясною столькі птушак спявае, колькі кропель у самага густога дажджу.
— А неба ў вас якое? — дапытвалася Дабранега.
— Неба ў нас не вышэйшае, не прыгажэйшае, але не такое, як ва ўсіх, — мядовай рэчкаю разліваўся Халадок, — неба ў нас як блакітнае шкло з твайго бранзалета, князёўна. Неба ў нас…
— У нас дажджы часта ідуць, — ублытаўся раптам ў гаворку Грыкша. Халадок няўцямна зірнуў на яго, ды так і застаўся з раскрытым ротам. Збіліся думкі ў Халадка. Дабранега да слёз на вачах рассмяялася.
— Якія дажджы? — нарэшце ачомаўся Халадок. — Ты што вярзеш, Грыкша? Ну, няхай сабе ідуць. Божы дожджык зямлі патрэбен. Але навошта пра гэта князёўне казаць?
— Не баюся я дажджу, воі,— наліла мёду ў срэбныя кубкі Дабранега. — Сама ў дождж нарадзілася.
— Ці не зашмат ты, Грыкша, зубамі звоніш? — не сунімаўся пакрыўджаны Халадок, хоць Грыкша не вымавіў болей ні слова.
Надвячоркам прымчаў на ўзмыленым кані ў Княжае сяльцо старшы конюх Канопліч, грымнуўся на калені перад церамам, скінуў у снег шапку, закрычаў-загаласіў:
— Бяда, княжа! Бяда вялікая!
Сівая барада Канопліча была ў крыві і з левага боку нібы трохі выскубаная.
Рагвалод Свіслацкі борзда выкаціўся з-за хмельнага стала, выбег на двор у белай кужэльнай кашулі, грозна стаў з абвіслым жыватом над конюхам.
— Бяда! — зашываў вочы ў зямлю, баяўся глянуць на князя Канопліч. — Пустэльнік з нары вылез. Смердаў, чэрнь узбунтаваў. Усім тайны знак паказвае, вядзе натоўп вялікі сюды.
— Які тайны знак? — трасянуў старшага конюха за бараду князь.
— На левым плечуку ёсць у пустэльніка вялікая карычневая пляма, што зарасла сівым воласам. Ён кажа смердам, што гэта знак Перуна і што быў яму, пустэльніку, у самую поўнач голас патаемны. З неба прагрымеў голас, абвясціў, што праз сядміцу сканчэнне свету настане, пойдзе вада на цвердзь зямную, рыбы марскія, гадзюкі балотныя ў хаты да людзей заплывуць, выі людзям перагрызуць. Неба рухне, і будзе канец жывому.
Канопліч нарэшце адважыўся глянуць на князя, зачэрпнуў у жменю снегу, выцер ім кроў з барады.
— Гавары, сабака! — нецярпліва тыцнуў яго вастраносым саф'янавым ботам князь.
— Кажуць, у пустэльніка гэтага з рота агонь вырываецца, — прыцішваючы голас, палахліва глянуў на Рагвалода Свіслацкага старшы конюх.
— Агонь? — здзівіўся князь. — Які агонь?
— Чырвоны. Пякучы. З іскрамі.
Пры гэтых словах Канопліча Рагвалод Свіслацкі пабляднеў, разгублена глянуў на сваіх баяр, на Халадка з Грыкшам, што стаялі побач. Хмель адразу пакінуў яго. А як добра б было сядзець зараз за шырокім вясёлым сталом, піць мёд са сватамі!